Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сурыкаў: Расея ня будзе гадаваць сабе канкурэнтаў у Беларусі


Аляксандар Сурыкаў
Аляксандар Сурыкаў

Амбасадар Расейскай Фэдэрацыі Аляксандар Сурыкаў сёньня на сваёй прэсавай канфэрэнцыі пацьвердзіў, што беларускія ўлады па-ранейшаму просяць у Расеі крэдыт на мадэрнізацыю прамысловасьці.

Але, падкрэсьліў амбасадар, грошы калі і будуць давацца Беларусі, дык выключна пад канкрэтныя праекты.

«Мы падтрымліваем Беларусь у тых праектах, якія мы можам назваць як супольны бізнэс. А пазыцыю Беларусі „проста дайце нам грошы на мадэрнізацыю“ мы не падзяляем. Навошта нам даваць грошы, напрыклад, на прыватызацыю швейнай фабрыкі, якая стане канкурэнтам для такой жа фабрыкі ў Расеі і будзе больш канкурэнтаздольнай? Нам гэта не патрэбна. Мы можам даваць грошы выключна на супольныя праекты, у прыватнасьці, на праект аб’яднаньня КАМАЗа і МАЗа. Бо пакуль гэтыя два аўтамабільныя гіганты выступаюць на рынку як канкурэнты адзін аднаму. А трэба правесьці мадэрнізацыю і зрабіць так, каб гэтае адзінае аўтамабільнае прадпрыемства затым выцясьняла з аўтамабільнага рынку замежных канкурэнтаў», — сказаў амбасадар Расеі.

Аляксандар Сурыкаў таксама сказаў, што Расейскую Фэдэрацыю не насьцярожваюць перамовы, якія ідуць паміж Беларусьсю і Эўразьвязам.

«Мы лічым, што тыя патрабаваньні, якія цяпер Эўразьвяз прад’яўляе Беларусі, занадта завышаныя. Нельга ствараць у Беларусі дэмакратыю выключна па эўрапейскіх лякалах, бо ў Беларусі, як і ў Расеі, ёсьць і славянскія карані, а ў Брусэлі ня хочуць гэтага ўлічваць», — сказаў амбасадар.

«Што тычыцца патрабаваньня выпусьціць на свабоду палітвязьняў, дык гэта патрабаваньне нерэальнае. Паводле беларускага заканадаўства ў вашай краіне няма палітвязьняў, а ёсьць толькі крымінальныя злачынцы. Выпусьціць іх — значыць прызнаць парушэньне беларускага заканадаўства. Ад патрабаваньняў да Беларусі Эўразьвяз павінен перайсьці да кансультацыяў і экспэртных ацэнак сытуацыі ў вашай краіне.

Альбо ёсьць такое патрабаваньне да Беларусі — адмяніць сьмяротнае пакараньне. Але ж быў праведзены рэфэрэндум, і бальшыня народу выказалася за сьмяротнае пакараньне. Беларускія ўлады ня могуць адмяніць волю народу і тым самым згубіць свой твар», — сказаў Аляксандар Сурыкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG