Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ізноў патрабуюць сьмерці


Для забойцы гомельскай студэнткі дзяржаўны абвінаваўца запатрабаваў выключную меру пакараньня.

Спрэчкі бакоў па справе аб жорсткім забойстве 22-гадовай студэнткі 4-га курса біялягічнага факультэту Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Скарыны прайшлі 4 чэрвеня ў Гомельскім абласным судзе. Дзяржаўнае абвінавачаньне запрасіла выключную меру пакараньня для абвінавачанага ў забойстве 24-гадовага маладога чалавека, перадае БелаПАН.

Трагедыя адбылася ў ноч з 19 на 20 верасьня летась. Каля паўночы Натальля Емельянчыкава вярталася дадому, каля пад’езду на яе з нажом напаў мужчына. Як ўстанавіла экспэртыза, пацярпелая памерла ад масіўнай страты крыві, ёй былі нанесеныя 102 нажавых раненьняў у галаву, грудзі, шыю, рукі і ногі. Былі таксама зафіксаваныя пераломы рэбраў. Дзеяньні абвінавачанага кваліфікаваныя як забойства з асаблівай жорсткасьцю з хуліганскіх памкненьняў.

У судзе абвінавачваны віну прызнаў цалкам. Маці загінулай ў судзе прасіла для абвінавачанага выключнай меры пакараньня. Ён раней быў судзімы за нанясеньне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, якія прывялі да сьмерці, — забіў свайго айчыма.

Сёлета ў траўні правааабрончая арганізацыя Міжнародная Амністыя (Amnesty International) разаслала тэрміновы прэсавы рэліз з заклікам да ўладаў Беларусі спыніць выкананьне сьмяротнага прысуду і ўвесьці мараторый на сьмерць.

Нагодай для закліку стала паведамленьне ад 30 красавіка пракуратуры Магілёўскай вобласьці, дзе быў вынесены чарговы сьмяротны прысуд.

Таксама Міжнародная Амністыя выказала глыбокую заклапочанасьць з нагоды таямнічасьці, якой ахутанае сьмяротнае пакараньне ў Беларусі. У заяве гаворыцца, што да зьняволеных могуць ужывацца катаваньні.

«Cтатус Беларусі, як адзінай краіны ў Эўропе, дзе выконваюцца сьмяротныя пакараньні, ганебны. Улады павінны неадкладна адмяніць гэты сьмяротны прысуд і ўвесьці афіцыйны мараторый на сьмяротнае пакараньне», сказаў Давід Дыяс-Жоге, намесьнік дырэктара Amnesty International па краінах Эўропы і Цэнтральнай Азіі.

Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе да гэтага часу выносяцца і выконваюцца сьмяротныя прысуды. За гэта краіну ўвесь час крытыкуюць міжнародныя арганізацыі, якія змагаюцца за скасаваньне сьмяротнага пакараньня. У 2012 годзе ў Беларусі былі пакараныя сьмерцю Дзьмітры Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў, асуджаныя за ўчыненьне тэракту ў менскім мэтро 11 красавіка 2011 году. Паводле зьвестак арганізацыі Amnesty International, у Беларусі летась акрамя гэтых двух быў выкананы яшчэ адзін сьмяротны прысуд.

Глядзець камэнтары (3)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG