Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦТ: беларускай мовы ўсё меней


Цэнтралізаванае тэставаньне па беларускай мове селёта будуць праходзіць 33 з паловай тысячы абітурыентаў.

На іспыт па расейскай мове зарэгістраваліся крызу менш за 84 тысячы. Суадносіны выбару беларускай і расейскай мовы — прыкладна 30% на 70%. Зьменшылася і колькасьць ахвотных здаваць гісторыю Беларусі па-беларуску — усяго 18% (у параўнаньні зь мінулым годам — менш на 5%).

Cтатыстыка сьведчыць, што, пачынаючы з 2007 году, колькасьць ахвотных здаваць тэсты на роднай мове з кожным годам зьмяншаецца. Раней беларускую мову здавала амаль палова абітурыентаў. Але лічба ў 30% не павінна палохаць, перакананая Тамара Мацкевіч, намесьніца старшыні Таварыства беларускай школы:

Нягледзячы на тое, што мова зьнішчана фактычна ў школах, 30% выбіраюць яе здаваць як родную мову
«Гэта кажа пра тое, што якая б палітыка дэбеларусізацыі ні праводзілася, як бы нашы ўлады ні хацелі ў беларусаў беларускасьць зьнішчыць, усё роўна дзеці здаюць беларускую мову больш, чым ім гэта дазваляецца. І ў гэтых умовах 30% усё ж выбралі беларускую мову менавіта таму, што родная мова заўсёды лягчэй вучыцца, чым замежная. Гэта кажа пра тое, што расейская мова за столькі гадоў калянізацыі ня стала нам роднай. Таму тут ёсьць як пэсымізм — у пляне дзяржаўнай палітыкі, так і аптымізм у пляне беларускага грамадзтва. Нягледзячы на тое, што мова зьнішчана фактычна ў школах, 30% выбіраюць яе здаваць як родную мову».

Тамара Мацкевіч зьвяртае ўвагу на яшчэ адну лічбу: колькі абітурыентаў пажадала здаваць матэматыку па-беларуску. На яе думку, гэта абвяргае афіцыйную статыстыку Міністэрства адукацыі, што па-беларуску ў краіне вучацца 18% школьнікаў:

«Матэматыку здаюць па-беларуску 4% вучняў. Гэта кажа пра тое, што 4% вучняў вучацца па-беларуску ў Беларусі. Гэта рэальная лічба, а ня тое, што нам дае Мінадукацыі. Гэта няпраўда, што ў беларускіх школах матэматыка выкладаецца па-беларуску. Яна выкладаецца па-расейску».

А вось у беларускіх ВНУ наагул, акрамя беларускай мовы, літаратуры і гісторыі Беларусі, амаль нічога не выкладаюць па-беларуску. Студэнт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі Ігар кажа:

«Акрамя беларускай мовы — ніякія. На першым курсе быў залік. А ніякіх спэцыяльных прадметаў — нават і блізка няма, каб па-беларуску выкладаліся».

«На эканамічным факультэце БДУ выкладаецца па-беларуску толькі гісторыя Беларусі. А ўсе эканомікі, матэматыка — толькі па-расейску».

У гуманітарнай ВНУ — Менскім дзяржаўным лінгвістычным унівэрсытэце — нават на спэцыялізацыі «Ангельская і беларуская мова» рэдкія прадметы выкладаюцца па-беларуску, сьведчыць студэнт Юры:

«Наагул, у нас па-беларуску выкладаюцца толькі прадметы, зьвязаныя зь беларускай мовай: беларуская мова, беларускі сынтаксіс, літаратура. Усе астатнія прадметы былі на расейскай мове. Але на другім курсе ў нас была выдатная выкладчыца, яна вяла лексыку ангельскай мовы. І мы перакладалі не з расейскай на ангельскую і не з ангельскай на расейскую, а зь беларускай і на беларускую».

у нас па-беларуску выкладаюцца толькі прадметы, зьвязаныя зь беларускай мовай: беларуская мова, беларускі сынтаксіс, літаратура
Магчыма, таму, што ў ВНУ рэдкія прадметы выкладаюцца па-беларуску, абітурыенты і выбіраюць на ЦТ расейскамоўныя іспыты. Сёлета пісаць тэст па гісторыі Беларусі на беларускай мове пажадалі ўсяго 18,8% ад агульнай колькасьці тых, хто абраў гэты прадмет. Хоць яшчэ два гады таму 33% здавалі беларускую гісторыю на роднай мове. Намесьніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч выказала меркаваньне, што ёсьць і іншая прычына:

«І нават у сельскіх школах, дзе 100% дзяцей напісалі заявы, што хочуць вучыць гісторыю Беларусі і геаграфію па-беларуску, ім не далі такой магчымасьці, таму што проста падручнікаў няма. А чаму іх няма? А таму што хочуць зьнішчыць усё, таму іх і няма. Таму яны не выдаюцца і не друкуюцца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG