Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэпэтытар: Мэдаліст без рэпэтытара атрымае на ЦТ 67 балаў


7 чалавек набралі сёлета 100 балаў на цэнтралізаваным тэставаньні па беларускай мове. Расейскую мову на 100 балаў здалі 19 чалавек. Нуль балаў атрымалі тры выпускнікі пасьля расейскага тэставаньня і адзін пасьля беларускага. Пра тое, як у Беларусі прайшло цэнтралізаванае тэставаньне.

Вынікі праверкі працаў абітурыентаў па беларускай і рускай мове паведаміў Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў. Летась тых, хто атрымаў найвышэйшыя балы «па мовах», было нашмат меней: 7 па расейскай мове і 5 па беларускай.

Кацярына Цімошына, якая рыхтуе абітурыентаў па беларускай і рускай мовах, кажа, што без дадатковых заняткаў здаць ЦТ добра амаль немагчыма:

«Самі тэсты цалкам заснаваныя на праграме. Нават словы, сказы, якія даюцца ў ЦТ, — усё з падручнікаў. Але каб гэта засвоіць, трэба вучню зрабіць усе практыкаваньні, а гэта нерэальна. Лічэбнікі, на якіх так часта памыляюцца абітурыенты, разглядаюцца яшчэ ў шостым клясе па беларускай мове і ў сёмай — па расейскай».

Прычыну таго, што сярэдняя школа фактычна не рыхтуе абітурыента да ЦТ, Цімошына бачыць у школьнай праграме:

«Мала гадзінаў у школе. Атрымліваецца, 30 урокаў за год у адзінаццатай клясе па кожнай мове. Праблемы ў настаўніках я ня бачу, проста недастаткова гадзінаў. Ну, і групавое навучаньне — больш за 20 чалавек у клясе».

Цімошына кажа, што без дапамогі рэпэтытара звычайны школьны мэдаліст напіша ЦТ прыблізна на 67 балаў: «А калі займаесься з рэпэтытарам, то, вядома, вышэйшыя балы. У мяне кожны год ёсьць дзеці, якія пішуць больш як на 90 балаў. У гэтым годзе ў мяне ўжо пяць вынікаў больш за 85 балаў».

Тацьцяна Грыгаровіч са Смалявічаў сёлета рыхтавала сына Вітаўта да здачы цэнтралізаванага тэставаньня:

«Хадзілі на падрыхтоўчыя курсы ва ўнівэрсытэт і да рэпэтытара па беларускай мове. Для нас было даступна. Плацілі па 10 даляраў за паўтары гадзіны. Але ён, бывала, і па дзьве гадзіны зь ёю займаўся. Раз на тыдзень. Рэпэтытар дапамог. У яго на рэпэтыцыйным тэставаньні было 35 балаў па беларускай мове, а на цэнтралізаваным ён ужо 51 набраў».

Кацярына Цімошына два апошнія гады займаецца толькі рэпэтытарствам. Да гэтага выкладала ў пэдагагічным унівэрсытэце. Але там мала плацілі. За паўтары гадзіны заняткаў яна бярэ 85 тысяч рублёў. Матэматыка каштуе даражэй — у сярэднім 120 тысяч. Каб дзіця хадзіла да трох розных рэпэтытараў, бацькам трэба выдаткаваць 40–50 даляраў штотыдзень.

Зь яе досьведу, беларускую мову для тэставаньня абіраюць вельмі рэдка:

«Я рыхтую па 15 чалавек у год. Беларускую мову рыхтуюць чалавекі тры. У асноўным гэта дарослыя абітурыенты, якім трэба нешта здаваць, альбо дзеці, якія скончылі беларускамоўную школу. Магчыма, па-за сталіцай сытуацыя іншая. А ў Менску вось так. Толькі пятая частка маіх дзяцей здае беларускую мову. І таму і рэпэтытараў па беларускай мове меней. Яны не запатрабаваныя проста. Пытаюся ў сваіх дзяцей: 20 чалавек у клясе, беларускую мову здае зь іх толькі адзін».

Штогод адзначаюць, што ахвотных здаваць беларускую мову становіцца ўсё меней. Сёлета на адпаведнае тэставаньне зарэгістравалася каля 45 тысяч чалавек. Пры гэтым расейскую мову здавалі 96 тысяч. Калі чатыры гады таму беларускую мову выбіралі для тэставаньня 40 працэнтаў абітурыентаў, то сёлета ўжо 34%.

У менскай беларускамоўнай гімназіі № 9 сёлета ўсяго 14 выпускнікоў. Дырэктарка гімназіі Аляксандра Аляксеева вынікаў ЦТ яшчэ ня ведае. Але ўпэўнена кажа, што іхныя дзеці рыхтаваліся да ЦТ без рэпэтытара і сьцьвярджаюць, што здаваць беларускую мову нашмат лягчэй за расейскую. Чаму ўсё ж расейскую мову абіраюць здаваць часьцей, тлумачыць вельмі проста:

Аляксандра Аляксеева: «Зьвязана з тым, што размаўляюць больш на рускай мове жыхары нашай рэспублікі».

Вітаўт Грыгаровіч скончыў мастацкую вучэльню імя Ахрэмчыка. Кажа, што вынікі па ЦТ у яго сярэднія, нягледзячы на заняткі з рэпэтытарам. Летась сярэдні бал па беларускай мове на ЦТ быў 31. У Вітаўта сёлета 51. Калі вынікі ўсіх выпрабаваньняў будуць здавальняючыя, будзе падаваць дакумэнты на гістфак БДУ. Летась прахадны бал там быў 269.

Радыё Свабода: «А што вам падалося цяжкім падчас тэставаньня па беларускай мове?»

Вітаўт: «Мне было цяжка са спэцыфічнымі пытаньнямі пра дзеясловы, якія на практыцы не выкарыстоўваюць. Колькі гукаў, колькі літар, якія гукі і літары. Я гэтай інфармацыяй не карыстаюся, гэта больш тэорыя. Таму складана».

Сёлета Міністэрства адукацыі ўвяло новыя правілы. І тыя, хто атрымаў на цэнтралізаваным тэставаньні вынікі меншыя за 7 балаў, ужо ня змогуць падаць дакумэнты ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Праўда, калі маеш хоць адзін бал, можна паспрабаваць трапіць ва ўстановы сярэдне-спэцыяльныя і прафэсійна-тэхнічныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG