Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уражаньні жыхаркі Стамбулу: рэвалюцыя ў адгазьніках


Начныя сутыкненьні пратэстоўцаў з паліцыяй у Стамбуле сталі самымі жорсткімі за ўвесь час хваляваньняў, якія пачаліся ў Турэччыне на мінулым тыдні. У крамах, гатэлях, навучальных установах аказваюць дапамогу пацярпелым, забясьпечваюць іх ежай.

Экалягічная актывістка Валянціна Хлябоўчык, якая жыве ў Стамбуле і дапамагае ўдзельнікам пратэсту, дзеліцца ўражаньнямі ад паводзінаў людзей у гэтыя дні.

Наколькі цяпер бясьпечна ў Стамбуле?

Стамбул бясьпечны — адзінае што: варта пазьбягаць месцаў вялікага скапленьня людзей, бо тут жа там зьяўляецца паліцыя — і закідаюць мірных людзей, якія нават не выкрыкваюць лёзунгаў — газавымі бомбамі. Стрэлаў з баявой зброі не было ні з таго, ні з другога боку, што дзіўна для краіны, дзе любое вясельле, любы матч адзначаецца перастрэлкай.

Як вы самі апынуліся на плошчы?

Стамбул — горад вялікі, але мала зялёны. І калі я прачытала ў інтэрнэце, што на месцы парку Гэзі, якому каля 60-ці гадоў, зьбіраюцца пабудаваць чарговы, невядома які па ліку, гандлёвы цэнтар, я пайшла, каб хаця б неяк падтрымаць гэтых дзяцей, якія там сядзяць. Бо спачатку там сядзелі студэнты 20-25 гадоў — чалавек 50 і зь імі 4 дваровых сабакі. У 5 гадзінаў раніцы, у ноч зь серады на чацьвер, без папярэджаньня, паліцыя напала на гэтых дзяцей, спаліла іх намёты і закідала іх газавымі бомбамі. Газ быў такой канцэнтрацыі, што ў маім доме, які знаходзіцца на адлегласьці прыпынку мэтро ад гэтага парку, смурод быў адчувальны, паліла вочы.

А як ратуюцца тыя, хто жывуць у непасрэднай блізкасьці?

Наконт гэтага зьявілася вельмі шмат парадаў у інтэрнэце: што трэба рабіць. Некаторыя прамываюць вадой вочы, насаглотку. Некаторыя купляюць спэцыяльныя лекі, якія нэўтралізуюць кіслату, што знаходзіцца ў сьлезацечным газе. Я бачыла, як людзі зь пяцілітровых плястыкавых бутэлек рабілі сабе нешта накшталт адгазьнікаў. У інтэрнэце ўвесь час ішлі паведамленьні з месца падзеяў, людзі нават публікавалі свае асабістыя ключы для выхаду ў інтэрнэт, каб тыя, хто засталіся на плошчы, маглі паслаць паведамленьні з просьбай пра дапамогу. Бо туды нават не прапускалі «хуткую».



Адначасова пратэстоўцам сталі адчыняць свае дзьверы ліцэй Нотр-Дам дэ Сіён, італьянскі ліцэй. У гатэлі Гілтан людзям раздавалі ваду і сандвічы. Я бачыла, як малады жаўнер-навабранец праз плот сваёй казармы раскідае марлевыя павязкі для людзей, якія ўцякалі з загазаванай зоны. Я сабе нават уявіць не магла такога: народ бяжыць, крычыць, гэлікоптэры над галавой...



Калі я ў інтэрнэце пабачыла, як сабакі, якія былі з дэманстрантамі, убеглі ў сэктар сьлезацечнага газу — мне стала страшна. Там жа паведамлялася, што жывёлы, якія жывуць паблізу, знаходзяцца ў вельмі цяжкім стане і клікалі добраахвотнікаў. Бадзячых сабак і катоў у гэтым раёне тысячы. Я, разам зь іншымі, кінулася ратаваць жывёл. Газ быў у такой канцэнтрацыі, што жывёлы проста валяліся на зямлі. Я бачыла, як дзяўчынка прамывала вочы дваровым сабакам. Бадзячых сабак і катоў разабралі ў адзін дзень. Дабрачынны фонд «Хачыка» сказаў, што аплаціць любыя выдаткі па шпіталізацыі жывёл, іх даставілі ў розныя клінікі Стамбулу.



Наколькі адчувальная падтрымка тым, хто пратэстуюць на плошчы?

Першыя дні зь дзясяткаў тэлеканалаў толькі два канала левага накірунку паказвалі падзеі зь месца. Усе астатнія маўчалі. Многія людзі цяпер байкатуюць афіцыйныя каналы, а рэклямныя агэнцыі адмовіліся ад разьмяшчэньня там рэклямы. Некаторыя вядомыя брэнды, якія меркавалі адкрыць свае крамы ў плянаваным гандлёвым цэнтры — такія, як Silk&Cashmere, Damat, Tween, Boyner — на знак пратэсту адмовіліся ад гэтага.

***

Пратэсты пачаліся ў зьвязку з плянамі ўладаў зьнішчыць парк Гэзі ў Стамбуле і пабудаваць на яго месцы гандлёва-забаўляльны комплекс.

Мірная акцыя эколягаў мясцовага значэньня перарасла ў незадаволенасьць ўсёй палітыкай турэцкага прэм'ера Рэджэпа Эрдагана і кіроўнай Партыі справядлівасьці і разьвіцьця.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG