Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада БНР патрабуе вываду расейскіх вайсковых аб'ектаў


Мікола Пачкаеў і ВячкаСтанкевіч у часе дыскусіі
Мікола Пачкаеў і ВячкаСтанкевіч у часе дыскусіі

У Нью-Ёрку ў памяшканьні грамадзкага цэнтру пры царкве Сьв. Кірылы Тураўскага прайшла XXVIII сэсія Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

У сваім выступе старшыня Рады Івонка Сурвіла вызначыла галоўныя мэты дзейнасьці, сярод якіх – захаваньне незалежнасьці Беларусі, вызваленьне палітвязьняў, спрыяньне дэмакратычным пераўтварэньням на Бацькаўшчыне. Дзеля гэтага сябры Рады будуць працягваць супрацоўніцтва з прадстаўнікамі парлямэнтаў і ўрадаў сваіх краінаў. Івонка Сурвіла адзначыла як станоўчы факт, што ў апошні час зрабіліся больш шчыльнымі кантакты Рады зь лідэрамі палітычных і грамадзкіх арганізацый на Бацькаўшчыне, што паспрыяла і прыняцьцю летась т. зв. Віленскага Мэмарандуму.

На сэсію ў якасьці госьця быў запрошаны першы амбасадар ЗША ў Беларусі Дэвід Суорц, які абгрунтаваў мэтазгоднасьць прызнаньня ўрадам ЗША Рады БНР як адзінага легітымнага беларускага ўраду. Таксама на сэсію быў запрошаны старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі-БНФ Зянон Пазьняк – у сваім выступе ён зрабіў аналіз сытуацыі ў беларускай дыяспары.
Выступае першы амбасадар Беларусі ў ЗША Дэвід Суорц
Выступае першы амбасадар Беларусі ў ЗША Дэвід Суорц

Рада БНР прыняла рэзалюцыю ў справе разьмяшчэньня на тэрыторыі Беларусі расейскіх вайсковых базаў. «З прыходам да ўлады А. Лукашэнкі, які расплочваецца за адсутнасьць эканамічных рэформаў Незалежнасьцю краіны, палітыка Крамля набыла прыкметы акупацыйнай – адзначаецца ў дакумэнце. – На тэрыторыі Беларусі ўжо існуюць два расейскія вайсковыя аб'екты – у Вялейцы і пад Ганцавічамі, рэгулярна правозяцца сумесныя з Расеяй вайсковыя манэўры, пад час якіх адпрацоўваецца нанясеньне ўдараў па тэрыторыі дзяржаваў Эўрапейскага Зьвязу. З улікам таго, што ўлада ў Маскве знаходзіцца ў рукох КДБ-ФСБ, а расейская вайсковая дактрына накіраваная супраць дэмкратычных краінаў Захаду, Беларусь робіцца закладнікам імпэрскіх інтарэсаў Крамля. Усё гэта ставіць пад пагрозу Незалежнасьць Беларусі. Рада БНР лічыць недапушчальным разьмяшчэньне на тэрыторыі Беларусі расейскіх вайсковых базаў і патрабуе іх неадкладнага вываду».

У склад Рады БНР былі прынятыя новыя сябры.
Павал Шаўцоў і Зянон Пазьняк
Павал Шаўцоў і Зянон Пазьняк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG