Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менгарсуд не задаволіў скаргі журналістаў Барбарыча і Ярашэвіча


Аляксандар Ярашэвіч
Аляксандар Ярашэвіч

Менскі гарадзкі суд не задаволіў скаргі журналістаў «Радыё Рацыя» Генадзя Барбарыча і Аляксандра Ярашэвіча, якія аспрэчвалі адміністрацыйныя арышты пасьля Чарнобыльскага шляху.

У другой палове дня стала вядома, што Менскі гарадзкі суд адмовіў у задавальненьні скаргаў супрацоўнікам «Радыё Рацыя» Генадзю Барбарычу і Аляксандру Ярашэвічу. Журналісты спрабавалі абскардзіць адміністрацыйныя арышты пасьля Чарнобыльскага шляху. Генадзь Барбарыч і Аляксандар Ярашэвіч былі асуджаныя нібыта за непадпарадкаваньне міліцыі на 3 дні арышту. Але судзьдзя Менскага гарадзкога суду Валер Камісараў пакінуў пастановы Савецкага раённага суду адносна журналістаў бязь зьменаў. Генадзь Барбарыч гэтак пракамэнтаваў рашэньне судзьдзі Валера Камісарава:

«Цяжка назваць гэтае рашэньне законным. Таму што шмат супярэчнасьцяў у паказаньнях міліцыянтаў, якія супроць нас сьведчылі. Прыкладам, яны казалі, што затрымалі нас каля дома № 2 па Машэрава, а між тым гэта было каля крамы „Акіян“, па адрасе Казлова, 2. І пратаколы ў міліцыянтаў напісаныя як пад капірку. Яны ўсе пісалі, што мы ім падаліся людзьмі, якія падобныя да тых, хто разукамплектоўвае аўтамабілі, таму нібыта яны нас спынілі. А між тым шмат сьведак ёсьць, якія бачылі, што мы працавалі як журналісты на Чарнобыльскім шляху і ўжо там за намі пачалі сачыць. Але судзьдзя гэтым нашым паказаньням нібыта ня даў веры. Шкада. Кожны раз, калі я як журналіст асьвятляю падобныя працэсы, то спадзяюся на маленькі цуд: а раптам сумленьне і прафэсійная годнасьць у судзьдзяў перамогуць іншыя матывы? Але не, зноў гэтак ня здарылася».

Аляксандар Ярашэвіч заявіў, што яны будуць падаваць скаргі ў вышэйшую судовую інстанцыю.

«Будзем падаваць скаргу ў Вярхоўны суд, на гэта ў нас ёсьць 6 месяцаў. Мяркую, што і новую скаргу не задаволяць нават у Вярхоўным судзе. Але мы не выключаем з Генадзем Барбарычам, што пойдзем далей і будзем зьвяртацца ў Камітэт правоў чалавека ААН. Бо лічым наш арышт незаконным. Гэта была яўная перашкода журналісцкай дзейнасьці ў Беларусі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG