Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыянэраў арыштоўваюць за наркотыкі, лаянку, ікру, парнаграфію


Амэрыканская няўрадавая арганізацыя Human Rights Watch рэзка скрытыкавала Азэрбайджан за арышт палітычных апанэнтаў паводле ілжывых абвінавачаньняў у распаўсюдзе наркотыкаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Афіцыйны Баку не адзін выкарыстоўвае такія спосабы змаганьня з іншадумствам.

Сёлета ў сакавіку паліцыя арыштавала ў Азэрбайджане Магамэда Азізава паводле абвінавачваньня ў распаўсюдзе наркотыкаў. Празь некалькі тыдняў з тымі ж абвінавачваньнямі арыштавалі Дашгына Малікава, Талеха Багірава і Рашада Рамазонава.

Што агульнага ў гэтых маладых людзей? Усе яны адмаўляюць гэтыя абвінавачваньні, і ўсе яны – адкрытыя крытыкі азэрбайджанскіх уладаў. Азізаў і Малікаў належаць да апазыцыйных групаў. Багіраў зьяўляецца імамам, за дзень да арышту ў пропаведзі ён крытыкаваў прэзыдэнта Азэрбайджану Аліева.

Арышты актывістаў апазыцыі па сфабрыкаваных і ілжывых абвінавачваньнях, зьвязаных з наркотыкамі ці іншым, не зьяўляюцца унікальнымі для Азэрбайджана. У Расеі, Украіне і Беларусі актывістаў абвінавачваюць у злачынствах, ад распаўсюду парнаграфіі, кантрабандай ікры да нецэнзурнай лаянкі ў грамадзкіх месцах.

Хізэр МакГіл, прадстаўніца праваабарончай арганізацыі Amnesty International, кажа, што крымінальны перасьлед актывістаў паводле непалітычных абвінавачваньняў ускладняе працу праваабарончых арганізацый, калі яны спрабуюць вызначыць і абараніць палітвязьняў. Такая тактыка таксама забясьпечвае палітычнае прыкрыцьцё для аўтарытарных рэжымаў, якія вельмі зацікаўленыя сьцьвярджаць, што ў іх няма палітычных зьняволеных.

За апошнія некалькі гадоў у Азербайджане сатырык Мірза Сакіт, журналіст Эйнула Фатулаеў, і актывіст Джабар Савалан былі зьняволеныя за захоўваньне наркотыкаў.

У 2010 годзе расейская актывістка і мастачка Таісія Осіпава была арыштаваная пасьля таго, як паліцыя нібыта выявіла чатыры грамы гераіну ў яе родным доме ў Смаленску. Яна сьцьвярджае, што ёй падкінулі наркотыкі, таму што яна адмовілася даць інфармацыю супраць свайго мужа, Сяргея Фомчанкі, аднаго зь лідэраў апазыцыйнага руху «Іншая Расея».

Выпадак Осіпавай незвычайны, паколькі суд прысудзіў яе да васьмі гадоў пазбаўленьня волі, хоць пракурор патрабаваў толькі чатырохгадовы тэрмін.

У сакавіку суд ва Ўфе прысудзіў Фанзіла Ахметшына да 4 з паловай гадоў пазбаўленьня волі за незаконны абарот наркотыкаў пасьля таго, як афіцэры ФСБ нібыта знайшлі опій у ягонай торбе, калі ён вяртаўся з паездкі ў Самалі. Ахметшын зьяўляецца намесьнікам старшыні Сусьветнай башкірскай асамблеі, якая спрыяе захаваньню башкірскай культуры і этнічнай самабытнасьці. Ён быў у Самалі, каб праверыць, як выдаткоўваюцца сродкі, сабраныя башкірскімі арганізацыямі дзеля дапамогі самалійцам. Праца была арганізаваная турэцкім фондам правоў чалавека, свабоды і гуманітарнай дапамогі.

За «кантрабанду» ў Санкт-Пецярбургу затрымалі актывістку «Іншай Расеі» Вольгу Курносаву ў 2008 годзе. У яе знайшлі слоік з ікрой пасьля таго, як яна вярталася з сэмінару для абаронцаў дэмакратыі ў паўднёвым расейскім горадзе Астрахані.

У іншых краінах былога СССР актывісты былі арыштаваныя і заключаныя ў турму паводле аналягічных сумнеўных абвінавачваньняў, пачынаючы ад валоданьня зброяй, парнаграфіяй і непадпарадкаваньня паліцыі.

У сьнежні 2010 году, каардынатар украінскай праваабарончай арганізацыі Дзьмітро Гройсман быў арыштаваны паводле абвінавачаньня ў распаўсюдзе парнаграфіі і абразе дзяржаўных сымбаляў ў сатырычным паведамленьні ў сваім блогу. Яго справа яшчэ не завершаная, і яму можа пагражаць да сямі гадоў пазбаўленьня волі. Шматлікім іншым ўкраінскім актывістам былі выстаўленыя абвінавачаньні ў хуліганстве і іншых дробных правапарушэньнях у апошнія месяцы.

А ў пачатку гэтага месяца беларускіх журналістаў Аляксандра Ярашэвіча і Дзьмітрыя Галко прысудзілі да адміністрацыйнага арышту паводле абвінавачаньня ў хуліганстве і непадпарадкаваньні міліцыі пасьля таго, як яны сустракалі апазыцыйных актывістаў, вызваленых з-за кратаў пасьля Чарнобыльскага шляху.

Летась беларускі праваабаронца Алег Волчак атрымаў дзевяць сутак адміністрацыйнага арышту за «лаянку ў грамадзкіх месцы». Ён лічыць, што абвінавачваньні былі сфабрыкаваныя ў адказ на артыкул, які ён апублікаваў тры дні раней, у якім ён крытыкаваў міліцыю за зьбіцьцё дэманстрантаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG