Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кошты на менскія кватэры растуць і будуць расьці


У Менску шпарка растуць кошты на рынку жытла: за апошнія паўтара месяца — з 1,5% да 5%. Адмыслоўцы прагназуюць, што тэндэнцыя росту захаваецца і надалей, калі ня будзе зьменаў у дзяржаўнай палітыцы жыльлёвага будаўніцтва.

Надзея Бардзянюк вырашыла прадаць сваю трохпакаёўку ў спальным раёне, каб набыць кватэру бліжэй да цэнтру Менску. Першапачатковы кошт вызначыла ў памеры 110 тысяч даляраў. Многіх яе пакупнікоў высокі кошт адпуджвае, але гаспадыня не зьбіраецца саступаць — баючыся, што і сама ня зможа набыць патрэбнае ёй жытло з прычыны няспыннага росту цэнаў:

Двухпакаёўкі ўжо каштуюць 75–80 тысяч даляраў — прычым не найлепшыя
Надзея Бардзянюк
«Цэны растуць увесь час: калі я напачатку прызначала кошт сваёй кватэры, то гэта было дорага, а цяпер ужо, нібыта, і нармальна. Людзі прыходзяць, глядзяць — нічога ня кажуць. Але я ня буду зьніжаць ні на капейку, бо двухпакаёўкі ўжо каштуюць 75–80 тысяч даляраў — прычым не найлепшыя. Таму новай кватэры не шукаю і нават не гляджу, пакуль сваёй не прадам. Вядома, усё гэта вельмі напружвае, бо невядома, калі гэта будзе, што я там знайду — яснасьці ніякай няма».

У Рэспубліканскім грамадзкім аб’яднаньні «Беларуская асацыяцыя нерухомасьці» паведамляюць, што рост цэнаў на менскія кватэры пачаўся яшчэ ў кастрычніку мінулага году. Але апошнія месяцы падаражэньне ідзе асабліва шпаркімі тэмпамі, кажа старшыня аб’яднаньня Мікалай Прасталупаў:

Любая дзяржава ня будзе мець ніякай пэрспэктывы свайго разьвіцьця, калі квадратны мэтар жытла ня будзе каштаваць у адпаведнасьці зь сярэднім заробкам у краіне. І калі кошты на жытло складаюць 1700 даляраў за квадратны мэтар, то адпаведныя заробкі павінны быць
Мікалай Прасталупаў
«З кастрычніка мінулага году зьявілася тэндэнцыя сталага росту коштаў у сувязі са скарачэньнем прапановаў. Было прыкладна 1,5% за месяц, але ў апошнія паўтара месяца — 3–5%. Асабліва нас турбуе першасны рынак: забудоўнікі будуюць усё менш, менш і менш. Хутка сярэдзіна году, 1 ліпеня, а па новых будаўнічых пляцоўках, па новых праектах і жылых масівах — нічога. Вось калі на першасным рынку такія адмоўныя тэндэнцыі, то і на другасным рынку сытуацыя выглядае таксама ня дужа прывабна. Бо альтэрнатывы другаснаму жытлу няма. Палітыка ўладаў на гэтым этапе вельмі моцна ўплывае на сытуацыю на жыльлёвым рынку».

Паводле Мікалая Прасталупава, пры захаваньні цяперашняй тэндэнцыі ў жыльлёвым будаўніцтве рост коштаў на кватэры будзе працягвацца і надалей. Так, плянавалася, што адзін квадратны мэтар у кватэрах масавай забудовы да 1 ліпеня будзе каштаваць 1700 даляраў. Аднак гэтую мяжу кошты прамінулі ўжо ў траўні. Лідэр незалежнага прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч заяўляе, што цяперашнія кошты робяць жытло недаступным для бальшыні працоўных:

«Любая дзяржава ня будзе мець ніякай пэрспэктывы свайго разьвіцьця, калі квадратны мэтар жытла ня будзе каштаваць у адпаведнасьці зь сярэднім заробкам у краіне. І калі кошты на жытло складаюць 1700 даляраў за квадратны мэтар, то адпаведныя заробкі павінны быць у чалавека, які працуе, штомесяц. І тое, што цяпер адбываецца ў краіне — гэта віна кіраўніка краіны і ўраду, якія ня здольныя забясьпечыць адпаведны заробак. У жыльлёвай палітыцы павінен быць іншы падыход: не павінна будавацца тое, што ня трэба — маю на ўвазе лядовыя палацы і іншае. Але трэба сядаць за стол і вырашаць, што зрабіць, каб жытло было даступным для працоўных. Наступны прэзыдэнт, які мае быць акрамя Лукашэнкі, мусіць зрабіць жытло для людзей даступным».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG