Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адны Курапаты — дзьве талакі


Заўтра ва ўрочышчы Курапаты пройдзе дзьве альтэрнатыўныя акцыі — традыцыйная талака КХП БНФ і «агульнанацыянальная талака» з удзелам прадстаўнікоў іншых партый і рухаў. Пляны ўжо выклікалі непаразуменьне паміж бакамі.

Актывіст КХП БНФ Алесь Чахольскі зазначыў Свабодзе, што ён разам з аднапартыйцамі зьбіраецца прыйсьці ў суботу на традыцыйную талаку ў Курапаты. Пачатак іх працы заплянаваны на 11 гадзін.

Тое, што там жа а 12-й будуць зьбірацца актывісты іншых арганізацый і партый на абвешчаную «агульнанацыянальную талаку», Чахольскага не пераймае:

«У нас штосуботы талака традыцыйная, мы будзем займацца сваімі справамі, якія робім ужо не адзін дзясятак гадоў. А хто там прыйдзе, што там будуць рабіць, то гэта справа тых людзей. Калі яны нешта будуць упарадкаваць, то якая праблема? Але ведаеце, мы гэтых людзей там ні разу не бачылі ні з сякерай, ні з рыдлёўкай, каб яны што-небудзь зрабілі. Бог ім судзьдзя, але ж яны нешта прыдумляюць, нешта гавораць на Пазьняка. Я не зважаю на гэта».

Тым не меней спадар Чахольскі назваў альтэрнатыўную талаку ў Курапатах піярам: «Мой прагноз — праз пару тыдняў усё гэта сплыве. Мы ўжо гэта не адзін раз праходзілі: раптам вылазяць нейкія людзі, пачынаюць лемантаваць... Так яны лемантавалі ў 2001 годзе, адлемантавалі — і потым 12 гадоў іх было не чуваць. І раптам зноў зьявіліся. Але я на гэта не зважаю, а разам зь сябрамі мы робім беларускую справу і ўшануем свае Курапаты».

З 25 траўня па 3 чэрвеня ва ўрочышчы Курапаты пройдзе нацыянальная талака. Валянтэры будуць прыбіраць тэрыторыю, плянуюць пасадзіць шмат кветак. Заяўлены ўдзел у акцыі прадстаўнікоў руху «За свабоду», партыі БНФ і грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» выклікаў занепакоенасьць лідэра КХП-БНФ Зянона Пазьняка.

У спэцыяльным лісьце да кіраўніцтва сваёй партыі ён просіць прасачыць за «нейкім мерапрыемствам у Курапатах кшталту лукашысцкага суботніка».

Рэагуючы на гэты ліст, намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч заявіў, што на Курапаты ня мае манаполіі ніводная структура:

«Курапаты — гэта агульнанацыянальны нэкропаль. Гэта месца, важнае для ўсіх беларусаў, незалежна ад іх прыналежнасьці да палітычных партыяў ці рухаў. На жаль, Пазьняк вельмі даўно адсутнічае ў Беларусі, і здалёк яму ня ўсё бачна. Ініцыятыву праяўлялі ня толькі зараз, але і раней. І ня толькі актывісты згаданых структураў, але і іншых прыходзілі ў Курапаты на Дзяды і ў іншыя даты».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG