Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спадарожнікавыя антэны і кандыцыянэры падаражэюць як мінімум удвая


Да такіх вынікаў могуць прывесьці новыя правілы ўсталяваньня спадарожнікавых антэнаў і кандыцыянэраў.

Найхутчэй, звычайныя жыхары і буйныя фірмы будуць іх папросту ігнараваць, а індывідуальныя прадпрымальнікі страцяць прыбыткі.

Паўгода таму ў Менску афіцыйна налічылі 4 спадарожнікавыя талеркі на 100 хатніх гаспадарак.

«Стаіць у вас антэна? На Бога спадзявайцеся, — кажа дырэктар аднаго зь менскіх ЖЭСаў. — Іх трэба ўзгадняць, але пакуль ніхто здымаць ня будзе. Толькі калі будзе перашкаджаць каму, то залезем і дэмантуем».

Пастанова Савету Міністраў № 384 ад 16 траўня фактычна забараняе самавольна ўсталёўваць спадарожнікавыя антэны і кандыцыянэры на фасадах будынкаў. У Менгарвыканкаме скардзяцца: запытаў наконт новай пастановы так шмат, што няма як на ўсе адказаць тэрмінова.

«Я гэтай пастановай вельмі незадаволены, — кажа прыватны прадпрымальнік Валянцін. — У мяне бегаць па гэтых канторах з дакумэнтамі няма жаданьня».

Валянцін усталёўвае ў месяц каля 10 талерак коштам ад 100 да 300 даляраў. Кажа, што з новай пастановай кошт можа ўзрасьці ўдвая.

«Вядома, калі ставяць дзе хочуць і як хочуць — гэта кепска, — разважае Валянцін. — Але антэны цяпер маленькія, нагрузкі невялікія».

«Ды ніяк не паўплывае гэтая пастанова на нас, — кажа Алег, які прадае і ўсталёўвае кандыцыянэры. — Калі замоўца захоча ўзгадняць, будзем узгадняць. Калі не — не. Пакуль будзе горача, людзі будуць купляць кандыцыянэры».

Алег кажа, што самы танны кандыцыянэр з усталяваньнем каштуе 700 даляраў. Ён пэўны, што такую суму могуць сабраць нават пэнсіянэры.

«Вы ж ведаеце, як усё ў нашай краіне, — разважае Алег. — Я думаю, што па Беларусі тысячы кандыцыянэраў штодня прадаюцца. І што? Яны ўсе ўзгадняюцца? А з тых, што ўжо ўсталяваныя, можа, 1 працэнт узгоднены».

Алег кажа, што людзі ня надта ахвотна ідуць на ўзгадненьне. Маўляў, ня раз былі сытуацыі, калі ў новай пастанове «мянялася коска» — і ўзгадненьні трэба было рабіць наноў.

«Я ня думаю, што нехта адмовіцца, — упэўнены Алег. — Хто робіць добры рамонт, той звык да камфорту».

Аднак калі ўсё рабіць паводле новай саўмінаўскай пастановы, то ўсталёўваць інжынэрнае абсталяваньне на фасадах шматкватэрных будынкаў будзе вельмі няпроста. Новыя патрабаваньні значна абмяжуюць колькасьць тых, хто робіць паслугі па мантажы абсталяваньня.

Напісаць заяву ў мясцовы ўладны орган, сабраць неабходныя дакумэнты, дачакацца візыту прадстаўнікоў улады на сваю кватэру, скласьці акт тэхнічнага агляду — гэта толькі першыя крокі, якія трэба зрабіць, калі хочаш мець у кватэры спадарожнікавую антэну ці кандыцыянэр.

Далей трэба чакаць дазволу на працягу месяца. Могуць і адмовіць — такая магчымасьць пастановай прадугледжаная. Калі фасад дома выходзіць на галоўную вуліцу гораду ці вы жывяце ў будынку, які становіць гісторыка-культурную каштоўнасьць, пра антэны і кандыцыянэры можна і ня марыць — іх усталёўваньне афіцыйна забароненае.

Далей трэба заключыць дамову падраду на выкананьне праектных прац з распрацоўшчыкам праектнай дакумэнтацыі. Гэтая асоба — юрыдычная ці фізычная — павінна мець права на ажыцьцяўленьне архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасьці. Узгадняць праект з адпаведнымі органамі будзе ўжо ён.

У Валянціна такога дазволу няма, у знаёмых яму калегаў — таксама. З гэтай пастановай ён пазбаўляецца свайго бізнэсу. «Я ня ведаю, як цяпер сябе паводзіць», — кажа ён.

Калі антэна ці кандыцыянэр ужо ўсталяваныя, трэба запрасіць да сябе прыёмачную камісію на чале са старшынём. Камісія павінна быць утвораная за 30 дзён да пачатку прыёмкі. У яе ўвойдуць: па-першае — сам грамадзянін, які ўсталёўвае антэну ці кандыцыянэр, па-другое — падрадчык, па-трэцяе — прадстаўнікі арганізацыі, якія ажыцьцяўляе эксплюатацыю жыльлёвага фонду, і па-чацьвёртае — прадстаўнік арганізацыі, якія распрацоўвала праектную дакумэнтацыю. Камісія як мінімум з 4 чалавек складзе акт у пяці экзэмплярах. Пасьля гэтага антэна ці кандыцыянэр будуць лічыцца ўсталяванымі законна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG