Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На думку «Вясны» сытуацыя з правамі чалавека пагоршылася


Даючы рэкамэндацыі адносна паляпшэньня адносін паміж Эўразьвязам і Беларусьсю, дакладчык Эўрапейскага парлямэнту па Беларусі Юстас Палецкіс спасылаецца на тое, што ў 2012 годзе ў Беларусі адбылося «прыкметнае паляпшэньне сытуацыі з выкананьнем правоў чалавека».

Мы запыталі спадара Палецкіса, на аснове якіх зьвестак ён зрабіў такую выснову. Ён адказаў:

Юстас Палецкіс
Юстас Палецкіс
«У асноўным я працую ў Брусэлі і Страсбуры ды, зразумела, дома ў Вільні, і мне цяжка самому меркаваць, паляпшаецца ці пагаршаецца сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. У такім выпадку даводзіцца абапірацца на зьвесткі тых арганізацый, якія гэтым займаюцца. Калі я быў у Менску ў сакавіку, я правёў вельмі грунтоўныя гутаркі з кіраўнікамі арганізацыі «Вясна» і Хэльсынскага камітэту, якія займаюцца правамі чалавека. Яны сказалі, што паводле іх назіраньняў, у 2012 годзе, у параўнаньні з папярэднім годам, узровень рэпрэсій – як яны выказаліся, маючы на ўвазе, відаць, арышты, ператрусы, выклікі ў акрэсьленыя інстанцыі – паменшыўся ў тры разы. Па-другое, яны мне паведамілі, што летась не было вынесена ні аднаго сьмяротнага прысуду, хоць было выканана некалькі такіх прысудаў. Гэта яны ацанілі як магчымыя спробы Беларусі вярнуцца ў Раду Эўропы».

АР: Хачу нагадаць, што кіраўнік Вясны якраз знаходзіцца ў турме, яго лічаць палітвязьнем.

Палецкіс: Я добра гэта ведаю, і самае галоўнае ў дакладзе — як перадумова для любога дыялёгу, любога паляпшэньня адносінаў — гэта безумоўнае вызваленьне і палітычная рэабілітацыя ўсех палітвязьняў. Але «Вясна» дзейнічае і не зьніжае сваёй актыўнасьці.

Мы зьвярнуліся да Тацяны Равякі, сябры Рады праваабарончага цэнтру «Вясна», і папрасілі яе пракамэнтаваць выказваньне спадара Палецкіса. Вось што яна нам сказала:

«Я ведаю, што Валянцін Стэфановіч, як і іншыя праваабаронцы, сустракаўся са спадаром Палецкісам у сакавіку. Сёньня сытуацыя ўжо іншая, чым у сакавіку. Але пасьля гэтага ўжо быў вынесены і сьмяротны прысуд. За гэты час таксама адбыліся зьмены, якія можна назваць тэндэнцыяй да пагаршэньня. Калі яшчэ ў той час можна было казаць пра нейкі застой у сытуацыі з правамі чалавека, то зараз мы фіксуем тэндэнцыю да пагаршэньня. Тое, што ў 2012 годзе не было сьмяротных прысудаў – гэта так, але заставаліся палітвязьні і заставаліся людзі, якія адбывалі пакараньне ў форме абмежаваньня волі. Некаторых зь іх яшчэ чакае суд. Казаць пра тое, што на нашых высновах збудаваная выснова спадара Палецкіса пра паляпшэньне сытуацыі з правамі чалавека – не зусім справядліва, улічваючы нашу дастаткова цьвёрдую пазыцыю па пытаньнях датычных правоў чалавека, як палітвязьняў, так і іншых, і са свабодай выказваньня, і з забесьпячэньнем свабоды сходаў, і са сьмяротным пакараньнем. Мы гаворым, што сёньня стала горш».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG