Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея. «Левада-цэнтар» можа спыніць сваю дзейнасьць


Леў Гудкоў
Леў Гудкоў

Дырэктар сацыялягічнай службы «Левада-цэнтар» Леў Гудкоў заявіў, што расейская пракуратура змушае арганізацыю спыніць сваю дзейнасьць.

Днямі «Левада-цэнтар» атрымаў з Савелаўскай міжраённай пракуратуры Масквы «Перасьцярогу аб недапушчальнасьці парушэньня закона».

У дакумэнце гаворыцца, што «дзейнасьць арганізацыі арыентаваная ня толькі на асьветніцкія і інфармацыйныя мэты, але і на ажыцьцяўленьне палітычнай дзейнасьці на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі».

Акрамя таго, як заявіла пракуратура, «Левада-цэнтар» атрымлівае фінансаваньне з-за мяжы. Паводле пракурораў, за апошнія пяць гадоў сацыялягічная служба атрымала больш за 800 тысяч даляраў ад замежных арганізацый, паведамляе ВВС.

У заяве Льва Гудкова, апублікаванай на сайце «Левада-цэнтра», сьцьвярджаецца, што цэнтар не вядзе ніякай палітычнай дзейнасьці.

«Дзейнасьць цэнтру пастаўленая пад пагрозу спыненьня. У гэтай сытуацыі мы ня можам праводзіць незалежныя дасьледаваньні. Патрэбныя крыніцы фінансаваньня. Мы фінансуем нашы ўласныя праграмы і праекты праз разьмеркаваньне тых грошай, якія мы зарабляем у іншых сфэрах. Цяпер пры пашыраным тлумачэньні нашага партнэрства, нават калі мы працуем з арганізацыяй, якая тут прадстаўленая ў Расеі, але ў якой патэнцыйныя (мы можам гэтага ня ведаць) замежныя крыніцы фінансаваньня, то мы трапляем пад катэгорыю замежных агентаў. Інтэрпрэтуючы аналітычныя артыкулы і публікацыю вынікаў сацыялягічных дасьледаваньняў, камэнтарыі спэцыялістаў цэнтра як «палітычную дзейнасьць», пракуратура фактычна падвешвае нашу арганізацыю на кручок магчымых санкцый, з аднаго боку, і падрывае яе аўтарытэт і дзелавую рэпутацыю, з другога», – мяркуе Гудкоў.

Як растлумачыў дырэктар сацыялягічнай службы, сярод замоўнікаў «Левада-цэнтру» сапраўды ёсьць замежныя ўнівэрсытэты, СМІ, дасьледчыя інстытуты і кансалтынгавыя фірмы.

Пры гэтым атрыманыя з замежных фондаў сродкі, у тым ліку ахвяраваньні, гранты або аплата выкананых на замову замежных арганізацый дасьледаваньняў, па словах Гудкова, складаюць нязначную частку бюджэту «Левада-цэнтру»: у розныя гады прыкладна 1,5-3%.

Расейскі закон аб «замежных агентах» набыў моц ў лістападзе летась. Паводле яго, арганізацыі, занятыя палітычнай дзейнасьцю і якія атрымліваюць замежнае фінансаваньне, абавязаны рэгістравацца ў Міністэрстве юстыцыі як замежныя агенты.

Ніводная зь дзейных у Расеі некамэрцыйных арганізацый не пагадзілася зрабіць гэта добраахвотна. Нядаўна дададзены артыкул у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях, які за невыкананьне гэтага патрабаваньня прадугледжвае штрафы.

Кіраўнік «Левада-цэнтра» Леў Гудкоў паведаміў, што арганізацыя не плянуе спыняць выпуск свайго часопіса «Вестник общественного мнения», камэнтаваць вынікі апытаньняў або зачыняць сайт. Таксама не разглядаецца магчымасьць абскарджваць пракурорскую перасьцярогу ў судовым парадку ў сілу працягласьці працэдураў. Цяпер кіраўніцтва аналітычнага цэнтру вядзе кансультацыі зь юрыстамі і разглядае магчымыя выхады з сытуацыі, якая склалася.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG