Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шарашка ці не шарашка?


Напачатку траўня ў «Народнай волі» зьявіўся артыкул Сьвятланы Калінкінай «Шарашка», дзе аўтарка рэзка крытычна апісала сытуацыю на Валгадонскім заводзе, які будзе рабіць абсталяваньне для Беларускай АЭС. З артыкулу вынікала, што завод у поўным правале, абсталяваньне раскрадзенае (прыводзіліся меркаваньні валгадонцаў), прадпрыемства даўно не займалася вытворчасьцю атамных агрэгатаў.

Між тым, наша дасьледаваньне паказала, што сытуацыя, магчыма, не такая адназначная.

Адзін з сувыканаўцаў беларускай замовы — машынабудаўнічы завод «ЗиО-Подольск», які ўваходзіць у склад «расейскага «Атомэнергомаша». Гэтая кампанія была прызнаная лепшай у Расеі паводле рэйтынгу «Вытворчыя сыстэмы-2013».
Наўрад ці маглі гэтак адзначыць надта ўжо кепскую вытворчасьць.

Што да сытуацыі на Валгадонскім заводзе, то пра яе мы папрасілі распавесьці Ірыну Халай — кіраўніцу грамадзкай арганізацыі спрыяньня абароне правоў пацярпелых ад тэракту «Волгодон».

РС: Якая зараз сытуацыя на заводзе? У Беларусі ў друку са спасылкай на валгадонскіх блогераў зьявіліся паведамленьні, што абсталяваньне на заводзе ўсё раскрадзенае, замоваў у прадпрыемства даўно няма.

Халай: Я сама прапрацавала 6 гадоў на гэтым заводзе, да тэракту (тэракт адбыўся ў 1999 годзе, загінула 19 чалавек, пацярпелі прынамсі 15 тысяч — РС). Зараз, калі Росатом выкупіў «Атоммаш», там сытуацыя кардынальна памянялася. Людзям пачалі плаціць заробкі. Калектыў практычна застаўся, добрыя супрацоўнікі засталіся. Там вельмі добры калектыў быў, вельмі кваліфікаваны. І тое, што зараз пайшлі замовы — гэта вельмі добра. Бо завод быў унікальны, там францускае і нямецкае абсталяваньне было ў свой час. Зараз, праўда, на жаль, засталося толькі два корпусы — было 6. Але я ня думаю, што зараз яго трэба тапіць, што некаторыя робяць. Наадварот, трэба больш замоваў.

Першы і другі рэактар для нашай Растоўскай АЭС рабілі мы. Трэці рэактар рабіў Іжорскі завод.

РС: Вы сказалі — пайшлі замовы. А адкуль?

Халай: Дзьве вялікія замовы — беларуская і яшчэ адна (замова на выпуск турбін для францускай кампаніі Alstom — РС). Там жа станкі ўсе засталіся. У мяне ёсьць знаёмая — настаўніца ангельскай мовы. Яна кажа, што ўвесь топ-мэнэджмэнт заводу вучыць ангельскую. Я ня думаю, што іх прымусілі б вучыць ангельскую, калі б партфэль замоваў быў пустым.

Зразумела, Ірына Халай можа быць і суб’ектыўнай, як патрыётка свайго гораду яна зацікаўленая ў тым, каб завод меў замовы і працаваў. Хаця ніякай асабістай зацікаўленасьці ў яе няма, бо яна на заводзе ўжо даўно не працуе. Зь іншага боку, рознага кшталту зацікаўленасьці і суб’ектыўныя матывы могуць быць у розных людзей — магчымыя мясцовыя канфлікты, Іжорскі завод — канкурэнт Валгадонскага (пра вастрыню канкурэнцыі сьведчыць тое, што рэактары Растоўскай АЭС будавалі розныя заводы), а ніхто не зацікаўлены ў посьпеху канкурэнта.

Аб’ектыўна тое, што Валгадонскі завод перажываў нялёгкія часы (што не адмаўляе і Ірына Халай), тое, што на заводзе памянялася кіраўніцтва.

Але тэза пра няздольнасьць заводу якасна выканаць беларускую замову ўяўляецца прынамсі спрэчнай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG