Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запрасілі Макея — паедзе Купчына


Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей атрымаў асабістае запрашэньне ўдзельнічаць у сустрэчы кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў краін Вышаградзкай групы і «Ўсходняга партнэрства». Гэты форум пройдзе 17 траўня ў Кракаве. Аднак, як паведамілі сёньня «Свабодзе» ў МЗС Беларусі, у Кракаў паедзе не міністар Макей, а ягоная намесьніца Алена Купчына.

Запрашэньне перадалі на рукі Ўладзімеру Макею супрацоўнікі амбасады Польшчы ў Беларусі. Яны зрабілі гэта як гаспадары сустрэчы, пасьля кансультацыяў з партнэрамі па Эўразьвязу.

Дадатковую вагу кракаўскаму мерапрыемству надае ўдзел у ім Вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан і эўракамісара ў пытаньнях пашырэньня і эўрапейскай палітыкі суседзтва Штэфана Фюле. У праграме сустрэчы ёсьць пытаньне і аб пэрспэктывах «Усходняга партнэрства». Уладзімер Макей ня выкарыстаў магчымасьць паразмаўляць з высокімі чыноўнікамі. Як сказала сёньня «Свабодзе» намесьніца начальніка ўпраўленьня інфармацыі МЗС Беларусі Марыя Ваньшына, прадстаўляць Беларусь у Кракаве будзе намесьніца міністра замежных спраў Алена Купчына:

«Беларускім бокам прынятае рашэньне аб удзеле намесьніка міністра. І болей ніякіх камэнтароў на гэтую тэму мы не даем».

«Такі падыход з боку беларускага МЗС можна было сьмела прагназаваць», — упэўнены міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі. «На маю думку, ініцыятары гэтага запрашэньня ня вельмі ўважліва чыталі інтэрвію Макея, якое ён даў у красавіку РИА „Новости“. Там Макей вельмі адкрыта і ясна заявіў пра нязьменнасьць афіцыйнай беларускай пазыцыі наконт імкненьня наладзіць дыялёг з Эўразьвязам дзеля мадэрнізацыі. Пазыцыі вельмі жорсткай і самаўпэўненай. Тады гэтае інтэрвію многія палічылі аплявухай Эўразьвязу.

На маю думку, адмова Макея ехаць у Кракаў — гэта другая аплявуха. То бок Эўразьвяз, а ў дадзеным выпадку — канкрэтна МЗС Польшчы, падставіў другую шчаку. Дагэтуль беларускія ўлады ня вызвалілі палітвязьняў. А менавіта гэтая ўмова зьяўляецца стартам для дыялёгу з Эўразьвязам, пра што неаднойчы казалі многія эўрапейскія палітыкі. І пакуль гэтая ўмова ня выкананая, цалкам дастатковы ровень кантактаў, умоўна кажучы, Купчыной».

«Запрашэньне афіцыйнага прадстаўніка Беларусі на кракаўскую сустрэчу трэба найперш разглядаць як новы крок у разьвіцьці дыялёгу паміж Беларусьсю і Эўразьвязам», — лічыць палітоляг Алесь Лагвінец. «Кожны з бакоў імкнецца якімсьці чынам наладзіць адносіны, але пры гэтым не адступаць ад таго, што лічыць галоўным для сябе. Аўтарытарнаму рэжыму Лукашэнкі вельмі хочацца захаваць твар і паказаць, што ён не адступаецца ад свайго бачаньня сытуацыі. Для Эўразьвязу важна, каб улады Беларусі вызвалілі палітвязьняў, спынілі рэпрэсіі і пачалі поўнафарматна супрацоўнічаць.

Мне падаецца, што ў дадзенай сытуацыі знайшлі формулу самаўстрыманьня ўладаў ад таго, каб, можа, правакаваць сытуацыю сваім удзелам на самым высокім міністэрскім роўні ў падобных мерапрыемствах. То бок фармальна можна рабіць запрашэньне кіраўніку ўстановы, і ў той жа час нефармальна даваць зразумець, што калі сапраўды ёсьць жаданьне пазытыўна супрацоўнічаць, то яму трэба ўстрымацца ад удзелу. І накіраваць свайго прадстаўніка».

Раман Якаўлеўскі днямі быў у Варшаве. Ён кажа, што запрашэньне Макея на кракаўскую сустрэчу ўспрынятае ў польскай сталіцы неадназначна: «У адрозьненьне ад Беларусі, у Польшчы ўсё ж ёсьць рэальная апазыцыя. І гэтая апазыцыя ставіцца да рэжыму Лукашэнкі больш жорстка, чым улады. Найперш гэта партыя „Парадак і справядлівасьць“ Качыньскага. І яна, вядома, скарыстаецца гэтай, на іхную думку і на думку некаторых іншых палітыкаў, памылкай МЗС Польшчы. І ў пэўнай ступені гэта можа нават паўплываць на ўнутраную палітыку Польшчы, на расстаноўку палітычных сілаў».

Аналягічная сустрэча праходзіла ў сакавіку 2012 году ў Празе. Аднак прадстаўнікі Беларусі ў ёй ня ўдзельнічалі, нягледзячы на тое, што беларускі бок быў запрошаны на роўні намесьніка міністра замежных спраў.

Тады кіраўнікі МЗС краін Вышаградзкай групы выступілі з сумеснай заявай, у якой выказалі занепакоенасьць пагаршэньнем адносін паміж Эўразьвязам і Беларусьсю, адсутнасьцю прагрэсу ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, а таксама працягам рэпрэсіяў з боку ўладаў у дачыненьні да апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці. Міністры падкрэсьлілі: аднаўленьне дыялёгу з афіцыйным Менскам магчымае толькі пры ўмове зьмены яго палітыкі, вызваленьня і рэабілітацыі ўсіх палітзьняволеных.

Камэнтуючы сытуацыю вакол прадстаўніцтва Беларусі на сустрэчы міністраў замежных справаў Вышаградзкай групы і Ўсходняга партнэрства ў Кракаве, прэсавы сакратар МЗС Польшчы Марцін Басацкі заявіў Польскаму прэсаваму агенцтву наступнае:

«Для Польшчы, як запрашаючага боку, ня ёсьць нечаканасьцю тое, што Беларусь, беручы пад увагу цяжкасьці ў двухбаковых дачыненьнях з Эўразьвязам, будзе прадстаўленая, аднак, на ўзроўні намесьніка міністра».

Спадар Басацкі падкрэсьліў, што рашэньне аб запрашэньні на сустрэчу кіраўніка МЗС Беларусі Уладзімера Макея кансультавалася з усімі краінамі-сябрамі Эўрапейскага Зьвязу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG