Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радаўніца ў Курапатах: «Прыбярыце бардэль ад сьвятыні!»


Апоўдні на Радаўніцу ў Курапатах людзей няшмат. Трое маладых міліцыянтаў нясуць варту на пачатку галоўнай сьцежкі. Пасьля павольна праходзяцца паўз урочышча. У Курапатах ціха, сонечна і ўрачыста.

У 1937-1941 гадах у Курапатах карнікі НКУС растралялі ад 40 да 200 тысяч чалавек. Ня першы дзясятак гадоў людзі ўсталёўваюць ва ўрочышчы крыжы ў памяць нявінна загінулых.

Каля аднаго з крыжоў стаіць спадарыня. Падыходзім знаёміцца — гэта архэоляг Валянціна Вяргей.

«Прыйшла, бо тут былі растраляныя архэолягі, — распавядае Валянціна. — Выдатнае пакаленьне, пачынальнікі. Можна сказаць, заклалі асновы нашай архэалёгіі. Мы іх заўжды цытуем, успамінаем. Тут і пісьменьнікі, і паэты, людзі розных канфэсый. Тут людзі загінулі бязьвінна. Гэтая зямля насычаная і крывёю і горам, д’ябальскімі дзеяньнямі».

Валянціна кажа, што калі была маладзейшая, сама прымала ўдзел у добраўпарадкаваньні Курапатаў.

Летась у Курапатах выбухнуў скандал — літаральна ў ста мэтрах ад памінальных крыжоў быў пабудаваны забаўляльны комплэкс пад назвай «Бульбаш-хол».

Пытаемся з Валянціны, што яна думае пра новую забудову — «Бульбш-хол»
«Мы калі абследавалі Курапаты апошні раз, у мінулую весну, яго не было. Літаральна за некалькі месяцаў быў пабудаваны. Яшчэ з такой „дурацкай назвай“ — толькі ў Беларусі такое магчыма. Пабудавалі б побач „Хахол-хол“, «Маскаль-хол»...

Рухаемся па сьцежцы далей і бачым два сьвежых крыжа. Побач стаяць людзі. Гэта Алесь Самец з сынам Зьмітром. Самі з Карэлічаў. Прыяжджяць у Курапаты не ўпрешыню

«Нават калі б адзін чалавек быў бязьвінна асуджаны і растраляны на гэтым месцы, то варта было б гэтае месца ўшанаваць, — усхвалявана кажа Алесь Самец. — А тут растраляныя тысячы нявінна асуджаных людзей. Варта тут быць сёньня».

Пра «бульбаш-хол» Самец ведае:

«Агідна гэта, недапушчальна ў цывілазаваным грамдазтве, каб на касьцях забаўляльны цэнтр будавалі», — лічыць ён.

Алесь Чахольскі, прадстаўнік КХП-БНФ, тут жа побач. Ён распавядае, што партыя праводзіць у Курапатах талаку кожную суботу.

Алесь Чахольскі
Алесь Чахольскі
«Гэта народны мэмарыял, — распвядае Чахольскі. — на гэтыя крыжы сродкі зьбярае ўся Беларусь. Вось у мяне стрыечны дзед па бацьку з Лагойскага раёну, Урбановіч, ён быў сасланы ў 1934 годзе ў Казахстан і там забіты НКВД. Я яму паставіў крыж, бо я ня ведаю, дзе ягоная магіла».

Чахольскі кажа, што кожны беларус мае права ставіць у Курапатах крыж, бо калі загляне ў свой радавод, пабачыць, што ў яго былі рэпрэсаваныя і забітыя сваякі. «Тут такое месца», — сьцвярджае Алесь.

Учора стала вядома, што ўладальнік «Бульбаш-хола» гатовы ўдзельнічаць у добраўпарадкаваньні Курапатах. Але нібыта ня ведае, зь кім супрацоўнічаць. Пытаемся ў Чахольскага, ці КХП-БНФ гатовыя да такой супрацы:

«Мы чакаем зараз юрыдычнага рашэньня аб зносе гэтай пабудовы. — рэзка адказвае Чахольскі. — Бо ганьбу нацыянальную мы не пацерпім! Ня там яны будуюць свой бізнэс. Ёсьць шмат іншых месцаў. Але каля сьвятыні, каля мэмарыялу гэтага ня будзе. Нам не патрэбная іхная дапамога. Нам трэба, каб яны прыбралі гэты бардэль! Мы самі ўсё тут упарадкуем!» — абураецца Чахольскі.

Самы час наведаць новабудову, якая цяпер нібыта ўжо і не «Бульбаш-хол». Нягледзячы на выходны, на пляцоўцы стаяць аўто, працюць людзі. Праз плот відаць, як пастрыгаюць газон. Чалавек, які назваў сябе прадстаўніком забудоўшчыка (афіцыйна забудоўшчык аб’екта — «БелРэстІнвэст». Знайсьці пра яго хаця б нейкую інфармацыю ў інтэрнэце не ўдалося) у неафіцыйнай размове распавёў нямала цікавага.

— Калі адкрываецеся?

Прасьцей нешта спытайцеся. Мы ўжо паўгода нічога тут ня робім. Усё ёсьць, усё падведзеная, але забарона... Пакуль не разбярэмся з ахоўнымі зонамі.

— Бачу, вы тэрыторыю прыбралі...

— Ох, аб’езд губэрнатара, аб’езд прэзыдэнта — ён застаўся незадаволены. А заўтра ізноў губэрнатар прыедзе.

— Вы ж хацелі ў траўні адкрывацца?

— Усё забаронена з 29 кастрычніка. Нічога ня можам рабіць. Нам каб адкрыцца месяц трэба. Усё зроблена, абсталяваньне закупленае, усё змантажаванае.

— А называцца як будзеце?

Я ведаю, як я яго будаваў — аб’ект прыдарожнага сэрвісу, 51-й км МКАД, улева. А як будзе называцца — гэта ўжо пасьля мяне. Паўгода прастаялі, людзі разбягаюцца — хутка ня будзе каму будаваць. А зараз увогуле можа скандал быць, бо бабкі тут амэрыканскія ўкладзеныя. Як патлумачыць, што беларускае заканадаўства налічвае мільярд на «незавершенку»?

— Тут амэрыканскія інвэстыцыі?

Ды гэта лёгка праверыць. Тут афіцыйная інвэстыцыйная дамова паміж Менгарвыканкамам і інвэстарам. Тут няма ані капейкі беларускіх грошай

— І што, амэрыканцы ня ведалі, што яны купляюць?

— Паслухайце, калі яны яго куплялі на афіцыйным аўкцыёне, прадваў Бараўлянскі сельскі савет і райіспалком. Калі ўлада прадае, то як чалавек з іншай дзяржавы можа ведаць нашыя законы? І мы ж не мянялі прызначэньне — тут быў начны забаўляльны моладзевы комплекс на 100 чалавек. Нам дазволілі зьмяніць на «прыдарожны сэрвіс з кароткатэрміновым перабываньнем людзей».

А калі дазвол вам дадуць?

— Міністэрства культуры думае. Нічога апроч прыборкі ня можам рабіць. Ну і вартуюць тут, бо больш трох мільёнаў даляраў укладзена. Калі нешта здарыцца, адказваць буду я. У мінулым годзе перад Дзядамі мы 8 самазвалаў сьмецьця вывезьлі — ад пакрышак да халадзільнікаў.

Тут жа на пляцоўцы нам распавядаюць, што ўладальнікі таўн-хаузаў, пабудаваных насупраць Курапатаў, паскардзіліся ў сельсавет: маўляў, купляюць дамы з відамі на крыжы.

Мы ідзем назад. Алесь Чахольскі яшчэ стаіць каля крыжоў: «Вось глядзіце — паказвае ён на постаць чалавека, які аддаляецца ад нас па сьцежцы, — вось цікавы лёс у чалавека». Даганяем хлопца, знаёмімся — гэта Вадзім Мазураў.

«У мяне тут дзед пахваны. Мае бацькі яшчэ ў савецкі час атрымалі выпіску з КДБ, што месца пахваньня маёго дзеда ўрочышча Курапаты. А год — 1938. Дзеда майго ўзялі ў 1937 годзе. І недзе ў засьценках трымалі год. А пасьля стала вядома, што ён растраляны»

Вадзім кажа, што стараецца прыходзіць сюды двойчы ў год — на Радуніцы і на Дзяды. «І бацькі мае прыходзяць. Але сёньня ў іх не атрымалася, дык яны мяне накіравалі, каб я хаця б трохі пабыў са сваім дзедам».

«Бульбаш-хол» Вадзім на свае вочы ня бачыў. «Ня ведаю, навошта гэтая забудова тут патрэбная, так блізка да могілак. Тут мэмарыяльны комплекс трэба. Даглядаць трэба, каб хаця б не з сабакамі гулялі. Тут людзі пахаваныя.»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG