Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У вадзе паміралі нават пчолы


У Гомельскай вобласьці на 3 траўня заставаліся падтопленымі паводкай 680 жылых дамоў і блізу дзьвюх з паловай тысяч лецішчаў.

Толькі ў садовых таварыствах «Мара», «Зялёны гай», «Сож», што на поўдзень ад абласнога цэнтру, у вадзе апынулася каля дзьвюх сотняў дачных дамоў з гаспадарчымі пабудовамі.

У садовым таварыстве «Мара» пабудаваліся многія гомельскія будаўнікі. Цяпер далёка ня ўсе гаспадары могуць дабрацца да сваіх лецішчаў нават у рыбацкіх ботах. Як сьцьвярджае спадарыня Людміла, гаспадыня сухога ўчастка, пашчасьціла толькі лічаным:

«Затапіла ўсе ўчасткі, апрача двух. Шэсьцьдзесят сем іх тут. Вось наш дом — нас не затапіла. У нас усё сухенькае».

Лясная вуліца сапраўды крыху сушэйшая. Аднак толькі на пачатку. Далей лецішчы таксама «плаваюць». Тут у гаспадароў свая бяда. Апошнія тры дні вада пакрысе пачала спадаць, але вярнуцца ёй у Сож не даюць ані вуліца, ані дарога да таварыства — яны нібы плаціны перагарадзілі дарогу вадзе.

Пра гэта апавядае Міхаіл Базылеў, які жыве на лецішчы круглы год:

«Ужо другі раз нас топіць. Было такое ў 2004 годзе, але сёлета нават крыху болей. Калі ўзровень такі высокі, то праз дарогу пераліваецца. І зараз трэба будзе нешта замаўляць і адпампоўваць ваду — яна сама ня сыдзе. Вось гэтая дарога, празь яе амаль не цячэ, а ў мяне тут на ўчастку яшчэ больш як паўмэтра вады. У каго й болей — да мэтра будзе».

Гаспадар кажа, што апрача таго, каб пазбыцца вады, ніякіх іншых мараў у таварыстве «Мара» нямашака:

«Марым, каб хутчэй вада сышла — пакуль ні пра што іншае ня хочацца й марыць. І грады, і пладовыя дрэвы — усе затапіла. Нават агуркі пад плёнку пасадзілі, і яны ў вадзе пад плёнкай».

Суразмоўца кажа, што не страхаваў ні будову, ні сад, бо вялікага спадзеву на годную кампэнсацыю няма. Пасьля паводкі 2004 году ў таварыстве асобныя ўладальнікі застрахавалі лецішчы. Калі страхоўшчыкі ацэняць шкоду, якую нарабіла паводка суседзям, спадар Міхаіл тады й вырашыць, ці варта наагул страхаваць сваё лецішча:

«Паглядзім, ці вартая аўчынка вычынкі. Ну, прыйдзе страхоўшчык, а ў хаце нічога не затапіла. Што яны мне выплацяць? Фундамэнт патрэскаўся — дык скажуць, што гэта можна падправіць. Дзясятку якую дадуць? Дык ці варта страхаваць?»

У пэнсіянэраў Сьвятланы і Ўладзімера Гапіенкаў вада таксама шмат нарабіла шкоды, але ня столькі ў хаце — найбольш у склепе, гаражы, парніку і, вядома, на гародзе:

Сьвятлана: «Прапаў часнык, быў пасаджаны, лілеі — гатункаў дваццаць было. Затапіла ўсё ў адзін момант. Трускалкі — у мяне гатунак „Кардынал“, я так люблю трускалкі. Пад вадою яны запрэюць, вымакнуць — вельмі шкада. Усё, што на гародзе, прападае. Вада, бачыце, зайшла, і адсюль яна ня выйдзе ў рэчку. Застанецца й будзе ўсё лета. Нічога не пасадзіш. А перцы ўжо цьвітуць, памідоры вялікія. У гэтым і бяда — трэба адпампаваць».

Ад паводкі ў пэнсіянэраў нават пчолы пацярпелі:

«Пчолы ў нас. Дзякуй суседу — дапамог, бо вульлі ў вадзе былі. Дык мы масьцілі, падымалі. Яны ж, бедныя, падалі на ваду й паміралі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG