Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вольная Беларусь» з польскай прапіскай


Мацей Вільчынскі пра "Салідарныя зь Беларусьсю"
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:55 0:00

Польшча застаецца пасьлядоўным лабістам дэмакратычных пераўтварэньняў у Беларусі.

У пераліку самых заўважных імпрэзаў і акцыяў — тыя, якія ладзіць ініцыятыва «Вольная Беларусь». Ня так даўно ў Варшаве адгрымеў вялікі канцэрт «Салідарныя зь Беларусьсю», актывісты кампаніі далучыліся да прамоцыі мастацкай стужкі «Жыве Беларусь!», на чарзе — новыя праекты ў падтрымку беларускага народу.

Улады Беларусі па-свойму ацанілі высілкі кіраўніка ініцыятывы «Вольная Беларусь» Матэвуша Люфта: летась яму адмовілі ў беларускай візе, калі ў складзе польскіх актывістаў ён меўся наведаць Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа. Сёлета ліцэісты самі паехалі ў Варшаву, дзе бралі ўдзел у прэзэнтацыі мастацкага фільму «Жыве Беларусь!» і наведалі канцэрт «Салідарныя зь Беларусьсю». Само сабой, зазірнулі і ў шматфункцыянальны офіс «Вольнай Беларусі». Гаворыць Матэвуш Люфт:

«Увогуле тут кватаруюць чатыры арганізацыі, адна зь іх — „Вольная Беларусь“, якая найперш вядомая канцэртамі „Салідарныя зь Беларусьсю“. Гэта якраз тое месца, дзе мы зьбіраемся, калі абмяркоўваем ідэі будучых імпрэзаў, выступаў; тут адбываюцца кастынгі, тут мы прыдумляем свае фільмы; тут непрафэсійныя артысты ставяць спэктаклі. Таксама гэта своеасаблівая выставачная заля — у нас пастаянна ладзяцца розныя выставы, вэрнісажы. З усяго гэтага і нарадзілася ідэя спатканьня з вамі — расказаць, што і чаму мы тут робім».

Падчас сустрэчы ў офісе "Вольная Беларусь", Варшава
Падчас сустрэчы ў офісе "Вольная Беларусь", Варшава


Распавесьці пра дзейнасьць ініцыятывы я папрасіў сябра «Вольнай Беларусі» Мацея Вільчынскага. Мацей вывучае ва ўнівэрсытэце беларускую філялёгію, выдатна гаворыць па-беларуску. Часта яму даводзіцца выступаць у якасьці перакладчыка паміж палякамі і беларусамі — як на тым жа канцэрце «Салідарныя зь Беларусьсю»:

«Асноўная задача ініцыятывы „Вольная Беларусь“ — гэта падтрымка прадэмакратычных рухаў, якія адбываюцца ў Беларусі. Таму ня толькі тут, у Варшаве, а ўва ўсёй Польшчы сваёй прыярытэтнай мэтай мы бачым інфармаваньне польскай грамадзкасьці, польскіх палітыкаў пра сытуацыю ў Беларусі. І, вядома ж, мы нацэленыя на падтрымку ўсіх рухаў, якія арыентаваныя на дэмакратычныя зьмены ў Беларусі».

Асноўная падзея году для актывістаў «Вольнай Беларусі» — штогадовы канцэрт «Салідарныя зь Беларусьсю». Як згадвае Мацей, першы супольны выступ беларускіх і польскіх гуртоў і выканаўцаў адбыўся неўзабаве пасьля разгону ў Менску намётавага лягера нязгодных з вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году:

«Галоўнае мерапрыемства, вакол якога працуе ініцыятыва «Вольная Беларусь, — гэта, вядома ж, канцэрт „Салідарныя зь Беларусьсю“, які ладзіцца кожны год. Дарэчы, першы такі канцэрт адбыўся яшчэ ў 2006 годзе. Апроч гэтага, арганізуем сустрэчы, падчас якіх прапагандуем беларускую культуру, мастацтва. Цяпер ужо меней, але ў недалёкім мінулым досыць часта арганізоўвалі палітычныя акцыі перад амбасадай Беларусі ў Варшаве».

Сёлетні канцэрт прайшоў пры поўным аншлягу, у ім бралі ўдзел Лявон Вольскі і «Крамбамбуля», «Дзецюкі», «Izrael», «Strachy na Lachy» ды іншыя. Для многіх беларускіх музыкаў замежныя пляцоўкі па-ранейшаму застаюцца месцам, дзе не існуе забароны на творчасьць. Вядучымі былі польская журналістка Юстына Джбік і сьпявак Зьміцер Vinsent Папко, выканаўца галоўнай ролі ў сумесным беларуска-польскім кінафільме «Жыве Беларусь!»

А ці ёсьць у «Вольнай Беларусі» партнэрскія сувязі зь беларускімі арганізацыямі ў Польшчы, якіх апошнім часам у той жа Варшаве паўстала досыць шмат?

«На працягу ўсіх апошніх гадоў мы намагаліся нейкім чынам перадаць сваю ініцыятыву і ўцягнуць у свае дзеяньні беларускую меншасьць, якая жыве ў Варшаве. Магчыма, не да канца дзякуючы нашым намаганьням (а можа, проста так аб’ектыўна склалася), тут, у Варшаве, заіснавала група актыўных беларусаў. Факт, што пры некаторых акцыях мы супрацоўнічаем. Вядома ж, у кожнага ёсьць свая праграма, таму можна сказаць, што мы на сувязі».

канцэрт "Салідарныя зь Беларусьсю", Варшава
канцэрт "Салідарныя зь Беларусьсю", Варшава


Беларускія ўлады неаднаразова абвінавачвалі польскія грамадзянскія ініцыятывы ў падтрымцы «пятай калёны» ды стварэньні нэгатыўнага вобразу Беларусі. Мацей Вільчынскі ўспрымае гэта за пахвалу:

«Шчыра кажучы, для мяне гэта велізарны камплімэнт, таму што гэта азначае адно: тое, што мы робім, заўважнае, важнае, а таму мае ўплыў. Ня толькі нейкі віртуальны, а цалкам рэальны ўплыў».

Першапачаткова рух маладых людзей, зацікаўленых у дэмакратычных зьменах у Эўропе, узьнік на тле «памаранчавай рэвалюцыі» ва Ўкраіне. Тады па ўсёй Польшчы ладзіліся пікеты ў падтрымку ўкраінцаў, быў арганізаваны ўдзел польскай назіральнай місіі ва Ўкраіне. У 2005-м распачалася дзейнасьць на карысьць грамадзянскай супольнасьці Беларусі.

«Вольная Беларусь» намагаецца зацікавіць палякаў і эўрапейцаў праблематыкай Беларусі, падтрымлівае беларусаў, якія дамагаюцца ад уладаў прызнаньня сваіх грамадзянскіх правоў. Апрача штогадовых канцэртаў, суполка ладзіць і іншыя праекты — абмен паездкамі моладзі, журналісцкае навучаньне, паказ кінафільмаў і г.д.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG