Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У кабінэце чыноўніка знайшлі канвэрт з 13 тысячамі даляраў»


ілюстрацыйнае фота
ілюстрацыйнае фота

Сталі вядомыя некаторыя падрабязнасьці справы намесьніка старшыні Барысаўскага райвыканкаму, якога затрымалі паводле падазрэньняў у атрыманьні хабару.

Тыдзень таму быў затрыманы намесьнік старшыні Барысаўскага райвыканкаму, пра якога сьледчыя паведамілі, што ён падазраецца ў атрыманьні хабару. Ці выставілі затрыманаму чыноўніку абвінавачаньне? 30 красавіка ў Сьледчым камітэце па Менскай вобласьці карэспандэнту Свабоды паведамілі, што абвінавачаньне яшчэ ня выстаўленае, чыноўнік па-ранейшаму знаходзіцца пад вартай і адносна яго вядзецца праверка. Прозьвішча затрыманага не называюць.

Тым часам у Барысаве людзі называюць імя чыноўніка, якога падазраюць у карупцыі. Кажа рэдактар «Барысаўскіх навінаў» Анатоль Букас:

«Гаворка пра намесьніка старшыні Барысаўскага райвыканкаму Сяргея Лагно. Такія зьвесткі я атрымаў ад сваёй крыніцы. Яна нават паведамляе, як праводзілася затрыманьне. Што ў кабінэце чыноўніка прадстаўнікамі сілавых устаноў быў праведзены вобшук, падчас якога нібыта знайшлі канвэрт з 13 тысячамі даляраў.

Наколькі вядома, арандатар, які здымае памяшканьне пад кавярню, разбурыў сьцяну, якая, па сутнасьці, трымае ўвесь будынак — пяціпавярховы дом. Пайшлі шчыліны ў кватэрах. Людзі спрабавалі зьвяртацца спачатку ў райвыканкам, але там чамусьці ўхіляліся ад вырашэньня праблемы, і таму жыхары пачалі зьвяртацца вышэй».

Як мяркуе журналіст Анатоль Букас, арандатар мог заплаціць чыноўніку за тое, што той не рабіў пэўных службовых дзеяньняў адносна парушэньняў.

«Зьвесткі адносна выстаўленьня абвінавачаньня будуць у чацьвер, 2 траўня», — сказала Свабодзе прадстаўніца Сьледчага камітэту па Менскай вобласьці Тацяна Беланог.

Працягваецца расьсьледаваньне і ў справе затрыманага паводле падазрэньня ў хабарніцтве намесьніка міністра спорту і турызму Сяргея Нерада. Чыноўніка затрымалі супрацоўнікі КДБ. Паводле зьвестак з КДБ, абвінавачаньне Сяргею Нераду таксама яшчэ ня выстаўленае.

У Сьледчым камітэце працягваюць расьсьледаваньне справы аб службовай нядбайнасьці адказных супрацоўнікаў Міністэрства энэргетыкі, аб’яднаньня «Белэнэрга» і акцыянэрнага таварыства «Белэнэргаснабкамплект». Паводле сьледчых, супрацоўнікі гэтых устаноў вінаватыя ў зрыве дамовы аб пастаўцы абсталяваньня для Бярозаўскай ГРЭС. «Сьледчыя зьбіраюць доказы як на тэрыторыі Беларусі, гэтак і на тэрыторыі Расеі і Ўкраіны», — паведамляюць са Сьледчага камітэту Беларусі, але пакуль не называюць імёнаў абвінавачаных у карупцыі чыноўнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG