Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта бэстсэлер» — пра кнігу «Турма і здароўе»


«Варта ўжо сёньня паслаць яе многім чыноўнікам» — казалі ўдзельнікі прэзэнтацыі. Глядзіце поўнае відэа.


Свабода вяла жывую відэатрансьляцыю з прэзэнтацыі кнігі прафэсара Юрыя Бандажэўскага «Турма і здароўе».

«Турма і здароўе»

Як зьняволенаму выстаяць у экстрэмальных умовах беларускай турмы? Былы вязень сумленьня, доктар мэдыцыны Юры Бандажэўскі на падставе ўласнага досьведу напісаў дапаможнік, адрасаваны вязьням, якія не зьбіраюцца здавацца ва ўмовах няволі.


ГЛЯДЗЕЦЬ ВІДЭА ПА КАВАЛКАХ:

0:00:01— уступнае слова Валера Каліноўскага, гутарка з публікай

0:10:38 — выступае дырэктар Менскага бюро Радыё Свабода Валянцін Жданко:

«Надзвычайная цана, якую заплаціў аўтар: за кожную старонку, кожны радок Юры Бандажэўскі заплаціў сваім асабістым досьведам, асабістым здароўем, асабістай свабодай. Для мяне несумненна, што кнігу чакае надзвычайны лёс: яна будзе запатрабаваная тымі, хто апынуўся ў няволі, будзе цікавая тым, каму выпала быць у няволі, яе будуць шукаць тыя, каму яшчэ наканавана пазбавіцца волі — на жаль, такія таксама будуць. Кнігу будуць перадаваць у турмы, прасіць у лістах вязьні. Такіх кніг мала: яна дапаможа вельмі многім людзям, аблегчыць іх долю, будзе каштоўным дарадцам у тых нялёгкіх жыцьцёвых абставінах, у якіх гэтыя людзі апынуліся.

Кніга напісаная па-беларуску. Мова, якая гучыць у месцах пазбаўленьня волі, часьцей за ўсе не беларуская, але і такім шляхам людзі будуць далучацца да беларускай мовы.»

0:16:38 — выступ рэдактаркі кнігі Алены Панкратавай:

«З Юрыем Бандажэўскім было надзвычай цікава працаваць. Рэдка сустрэнеш прадстаўніка клясычнай мэдыцыны, які кажа (гэта мая інтэрпрэтацыя): клясычная мэдыцына блізарукая, калі яна змагаецца з хворай клеткай — гэта не заўсёды слушна, таму што мы забываемся пра саму тайну чалавека, пра яе сутнасьць. І кожны, хто хоча выжыць, мусіць зазірнуць да сябе ўнутр, і сілы знойдуцца, калі чалавек сам паставіць перад сабой такую мэту.»

0:20:40 — відэазварот Юрыя Бандажэўскага:

«Я ня маю ілюзіяў,што мая кніга, заснаваная на асабістым вопыце зьняволенага беларускай турмы, дапаможа вырашыць усе праблемы. Але яна будзе карысная як прыклад супраціву сытуацыі, у якой апынуўся чалавек. Я б хацеў, каб кніга паслужыла той маральнай апорай, якая б усяліла ўпэўненасьць у кожным зьняволеным, што ён абавязкова выйдзе на волю, пераможа гэтую сытуацыю, што зможа працягнуць свой жыцьцёвы шлях, што ў яго ўсё яшчэ будзе ў жыцьці. З гэтай мэтай і была напісаная гэтая кніга. Яна нарадзілася дзякуючы энтузіязму журналісткі Алены Струвэ і той камандзе, якая існуе цяпер на Радыё Свабода.»

0:31:22 — дэманстрацыя слайд-шоў з калёніі № 1 і калёніі-пасяленьня ў Гезгалах, дзе сядзеў Юры Бандажэўскі.

0:33:40 — Валер Каліноўскі, які быў першым журналістам, хто зрабіў з Юрыем Бандажэўскім інтэрвію пасьля ягонага пераводу ў калёнію-пасяленьне ў Гезгалах, дзеліцца сваімі ўражаньнямі ад той сустрэчы. Бандажэўскі тады ўразіў журналістаў сваім здаровым зьнешнім выглядам: біцэпсы вязьня складалі 46 см.

0:36:00 — адказы Бандажэўскага на пытаньні з залі.

0:43:10 — дэманстрацыя відэа, дзе палітык Анатоль Лябедзька і журналіст Алег Грузьдзіловіч спрабуюць рэканструяваць, як наглядчыкі ставяць у турме вязьняў на расьцяжку. Відэа камэнтуе былы зьняволены Ігар, які прысутнічае на прэзэнтацыі: «У спадара Лябедзькі атрымліваецца добра».


0:46:15 — былы зьняволены Ігар пра ролю Радыё Свабода для вязьняў:

«Калі я адбываў у Івацэвіцкай калёніі тэрмін зь Мікалаем Аўтуховічам, дзякуючы ўвазе і падтрымцы Радыё Свабода, было нашмат лягчэй сядзець, бо ўсё, чаго баялася адміністрацыя калёніі, гэта інфармацыі, данясеньня любой праўды да грамадзкасьці — а мы гэта рабілі.»

0:46:48 — дэманстрацыя відэа, тайком зьнятага ў калёніі пасьля «шмону».

0:48:24 — былы зьняволены Ігар пра пакараньні за супрацоўніцтва са Свабодай:

«Дваіх чалавек, хто здымаў гэтае відэа, знайшлі, адправілі ў Горадню ў крытую турму. За кожную інфармацыю, якую адпраўлялі на Радыё Свабода, а вы публікавалі — 10 сутак ШІЗО як мінімум. Але ўнутраная свабода даражэй».

0:49:05 — дэманстрацыя відэа «Рок супраць наркотыкаў», якое рабілі асуджаныя Івацэвіцкай калёніі, камэнтар былога асуджанага Ігара. Ігар знаходзіцца пад прэвэнтыўным наглядам: «Я наогул ня маю права тут знаходзіцца: каб патрапіць сюды, мне трэба было браць нейкі дазвол, але калі мяне кліча Радыё Свабода, я заўсёды прыеду, нягледзячы на забароны. Я свабодны чалавек.»

0:53:44 — дэманстрацыя відэа з тэхнікамі, якія рэкамэндуе Юры Бандажэўскі.

0:55:27 — выступае былы палітвязень Сяргей Скрабец:

«Калі я знаходзіўся за кратамі, я таксама меў магчымасьць слухаць Радыё Свабода, яно мяне вельмі падтрымлівала. Хаця там стаялі глушылкі, але мне перадалі добры прыймач, які лавіў. Гэта вельмі важна, што вы выходзіце.»

Пра кнігу Юрыя Бандажэўскага: «Гэта бэстсэлер. Што яна па-беларуску, гэта добра, бо падштурхне многіх яе вывучаць. Варта было б яе ўжо сёньня паслаць яе многім чыноўнікам, бо ім часта абяцаюць, што яны апынуцца за кратамі.»

60:47:00 — выступ маці палітвязьня Ігара Аліневіча Валянціны:

«Гэтая кніга ня толькі для зьняволеных, але і для іх сем’яў, які таксама пакутуюць, а таксама для людзей, якія патрапляюць у экстрэмальную сытуацыю. А мы ўсе жывем у экстрэмальнай сытуацыі.» Валянціна Аліневіч кажа пра нялюдзкія ўмовы звальненьня і недаўмявае: дзе царква, Чырвоны Крыж? Чаму яны ня ўздымуць свой голас супраць бесчалавечнага абыходжаньня зь вязьнямі? Яна зачытвае ліст свайго сына з турмы пра кнігу Бандажэўскага.

72:37 — выступае старшыня беларускага ПЭН-цэнтру, паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч:

«Адна з важных праяваў свабоды ў турмах — беларуская літаратура ў беларускіх турмах. Мы з калегамі па ПЭН-цэнтру вельмі цэнім прапанову, якую атрымалі ад Аляксандра Лукашука, і пасьля нарады было вырашана заснаваць новую літаратурную ўзнагароду. Беларускі ПЭН-цэнтар і Радыё Свабода засноўваюць прэмію імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны ў зьняволеньні. Тэматыка твораў ніякімі патрабаваньнямі не абмежаваная, да разгляду прымаюцца дакумэнтальныя і мастацкія творы на беларускай і рускай мовах, створаныя ў зьняволеньні на працягу году. Вынікі абвяшчаюцца 10 сьнежня. Пераможца атрымае ўзнагароду, яго твор прагучыць у эфіры Радыё Свабода і будзе апублікаваны на сайце. Дасылаць да 1 сьнежня 2013 году. Арганізатары спадзяюцца, што прэмія як найхутчэй страціць сваю актуальнасьць.»

79:30 — выступае праваабаронца Людміла Гразнова:

«Тады, у 1999 годзе, на ўсіх нас абрынулася вялікая колькасьць падзеяў, у тыя месяцы мы былі ў некаторай разгубленасьці, і тое, што адбылося з Бандажэўскім, магчыма, не было намі належным чынам расцэнена, і ягонаму выпадку не была нададзеная такая ўвага, якой ён заслугоўваў. Цяпер мы разумеем, што тое, што здарылася з Бандажэўскім, было не эпізодам, не выпадковасьцю, а сыстэмным выпадкам у трансфармацыі таго перабудовачнага грамадзтва ў постсавецкі сёньняшні аморфны і апатычны стан. Гэта дасягалася ў тым ліку і коштам такіх цяжкіх асабістых трагедыяў, калі чалавека садзілі ў турму, і гэта выкарыстоўвалася ў мэтах застрашэньня.»

84:52 — заключнае слова Юрыя Бандажэўскага:

«Я дзякую Радыё Свабода за ўсё тое, што яно робіць: я сам, як многія, у зьняволеньні нешта спрабаваў слухаць, на пасяленьні ўжо лепш было чуваць. І я памятаю, як у мяне наварочваліся сьлёзы, калі я чуў словы Каліноўскага кожны раз, і нават сам голас, яго афарбоўка набліжала мяне да дому. Вы робіце вельмі важную справу.»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG