Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзьку і журналістаў затрымалі ля астравецкай АЭС

абноўлена

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

Аляксандра Баразенку і Насту Яўмен затрымалі на пляцоўцы будаўніцтва Астравецкай АЭС. У журналістаў забралі відэакамэру. Пазьней затрымалі Анатоля Лябедзьку

17:20 Анатоль Лябедзька паведаміў, што яго выпусьцілі з пастарунку.

«Правялі агляд аўтамабіля. У іх былі падрыхтаваныя дакумэнты на пачатак адміністрацыйнай справы за распаўсюд інфармацыі. Але яны нічога не знайшлі і вымушаныя былі нас адпусьціць. Яны знайшлі ў горадзе ўлёткі „Мільён новых працоўных месцаў“ з сымболікай АГП. Яны гэта зьвязалі з нашым прыездам. Другі раз таму затрымалі і сказалі, што будзе агляд аўтамабіля. Нічога антызаконнага не знайшлі, склалі пратакол і адпусьцілі. Я думаю, што страшэнна ня хочуць ніякіх кантактаў і камунікацый зь людзьмі. Гэта балючая кропка, якую толькі крышку націскаеш — і ўлада рэагуе неадэкватна».

16:50 Старшыня АГП Антоль Лябедзька затрыманы супрацоўнікамі Астравецкага РАУС і знаходзіцца ў пастарунку.

16:10 Анатоль Лябедзька: «Выпусьцілі і зноў забіраюць. Мы селі ў машыну, ужо адпусьцілі і мяне, і журналістаў. Пад’ехалі міліцыянты і сказалі, каб мы вярнуліся назад».

15:40 На пытаньне карэспандэнта Свабоды, чаму не выпускаюць журналістаў, супрацоўнік Астравецкага РАУС патлумачыў:

«Іх яшчэ не адпусьцілі. Цяпер заканчваем, паглядзім тут і адпусьцім. Журналісты без акрэдытацыі ў нас, трэба ж разабрацца, паглядзець, што тут да чаго. Зараз апытаем, разьбярэмся і адпусьцім».

15:20 Журналісты «Белсату» Аляксандар Баразенка і Наста Яўмен працягваюць знаходзіцца ў Астравецкім РАУС, куды іх даставілі пасьля затрыманьня супрацоўнікамі КДБ каля пляцоўкі будаўніцтва Астравецкай АЭС.

Наста Яўмен паведаміла Свабодзе, што супрацоўнікі РАУС узялі ў яе і Аляксандра тлумачэньні адносна таго, што яны рабілі побач з сакрэтным аб’ектам, а таксама забралі відэакамэру. Цяпер ідзе праверка адзьнятага відэаматэрыялу. Ці вернуць камэру, журналісты ня ведаюць.

Журналісты прыехалі ў Астравец разам з Анатолем Лябедзькам, Іванам Круком і Мікалаем Уласевічам. Палітыкі наведвалі будаўнічую пляцоўку Астравецкай АЭС у сувязі з 27-годзьдзем аварыі на ЧАЭС.


14:04 Журналістаў вязуць у міліцыю Астравецкага раёну, каб узяць тлумачэньні.

Журналісты знаходзяцца ў Астравецкім РАУС, паведаміў карэспандэнту Свабоды старшыня АГП Анатоль Лябедзька, якога таксама затрымалі, а потым адпусьцілі з пастарунку:

«Я прыехаў на Астравеччыну, каб зрабіць камунікацыі зь людзьмі, пабываць на пляцоўцы, паглядзець, як там прасунулася будаўніцтва АЭС. Мы паехалі туды з журналістамі БЕЛСАТа, а таксама з актывістамі АГП Іванам Крукам і Мікалаем Уласевічам. Прыехалі на пляцоўку, нас калектыўнымі намаганьнямі не пусьцілі. Не далі прайсьці бліжэй да катлавана, дзе ідзе будаўніцтва. Там, відаць, ужо былі і КДБ, і міліцыя, і ахова. Да нас выйшлі прадстаўнікі адміністрацыі, якая будуе, расейцы, якія нам патлумачылі, што для таго каб прайсьці, трэба зьвярнуцца ў Міністэрства энэргетыкі і атрымаць адмысловы дазвол. Мы спрабавалі зрабіць там здымкі, і нам гэта таксама не дазволілі. І калі мы пачалі спробы зрабіць інтэрвію ля пляцоўкі, нас затрымалі і сказалі, што будуць браць пісьмовыя тлумачэньні. Потым пайшло новае ўказаньне: тлумачэньняў ня браць. Журналістаў забралі. У мяне прымусова забралі з машыны іхнюю камэру. Іх павезьлі, нас пакінулі», — распавёў карэспандэнту Свабоды Анатоль Лябедзька.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG