Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Багданаў: Гэта будзе база кшталту кіргіскай


У чым мэты разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай авіябазы, пра што паведаміў падчас візыту ў Беларусь міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу?

З гэтым пытаньнем мы зьвярнуліся да вайсковага аглядальніка расейскага інфармацыйнага агенцтва РИА-Новости Канстанціна Багданава. Зь ім гутарыў Юры Дракахруст.

РС: Дагэтуль Расея ня мела вайсковых базаў на тэрыторыі Беларусі. Заўсёды падкрэсьлівалася, што РЛС пад Баранавічамі і вузел сувязі ВМФ РФ у Вялейцы – гэта вайсковыя аб'екты, а ня базы. І вось зьяўляецца база. Чаму?

Багданаў: У гэтага рашэньня ёсьць два аспэкты. Адзін зьвязаны з далейшым разьвіцьцём адзінай сыстэмы супрацьпаветранай абароны (СПА) СНД. Сыстэма паветрана-касьмічнай абароны над тэрыторыямі Беларусі і Расеі ў значнай ступені інтэграваная. Гэта тычыцца ў тым ліку і базы пад Баранавічамі, функцыя якой – папярэджаньне пра ракетны напад. У гэтым сэнсе мы маем справу з далейшым паглыбленьнем супрацоўніцтва ў межах адзінай сыстэмы СПА Беларусі і Расеі.

Другі аспэкт – вайскова-палітычны. Гэта паглыбленьне вайсковага складніка больш шырокага працэсу інтэграцыі, якая мае розныя формы – мытны саюз, Эўразійскі эканамічны саюз і АДКБ. Тут можа казаць пра тое, што гэтыя вэктары супалі, і Беларусь і Расеі дамовіліся разьмесьціць авіябазу на тэрыторыі Беларусі.

РС: Ці ёсьць яшчэ недзе ў сьвеце падобныя расейскія авіяцыйныя базы за межамі РФ?

Багданаў: Так, безумоўна. Першае, што варта прыгадаць – гэта расейская авіябаза ў кіргіскім Канце, на якой знаходзіцца ўдарная і штурмавая авіяцыя і зьнішчальнікі Су-27. Я ня думаю, што база ў Беларусі будзе мець тактычна-штурмавы характар, там для гэтага няма адпаведных задачаў. Размова, хутчэй за ўсё, будзе ісьці пра злучэньні СПА. У якасьці прыкладу расейскіх авіябазаў за мяжой можна прывесьці таксама 102-ю базу ў Армэніі, якая там засталася яшчэ з савецкіх часоў. А база ў Канце была створаная ўжо пасьля 1991 году, хутчэй за ўсё яна будзе мадэльлю для базы ў Беларусі.

РС: Дык база ў Беларусі будзе базай СПА ці авіябазай?

Багданаў: Гэта будзе база авіяцыі СПА. Там будуць зьнішчальнікі-перахопнікі СПА. Гэта могуць быць самалёты Су-27 ці Су-35 ці нейкія іншыя з гэтага сямейства. Наўрад ці гэта будуць перахопнікі Міг-31, хаця я б не выключаў і гэтага. Пры інтэграцыі сыстэмы СПА размова ідзе ня толькі пра разгортваньне інфармацыйных сродкаў, скажам, радараў, ці агнявых сродкаў паражэньня «зямля-паветра» – зэнітна-ракетных комплексаў, але і авіяцыі СПА, якія мае радары і сродкі перахопу паветраных цэляў – самалётаў, крылатых ракет, бесьпілётных апаратаў.

РС: Ці не зьвязанае рашэньне пра стварэньне расейскай авіябазы ў Беларусі з леташнім рэйдам швэдзкіх сарві-галоваў, якія прыляцелі ў Беларусь і раскідалі мядзьведзікаў?

Багданаў: На гэтае рашэньне той палёт наўрад ці паўплываў. Тыя сілы і сродкі, якія могуць быць разгорнутыя на авіябазе, ніяк не зьвязаныя з перахопам такога кшталту аб'ектаў. Хаця я не выключаў бы, што павелічэньне ўвагі да аховы паветранай прасторы Беларусі магло быць выкліканае ў тым ліку і ўплывам гэтага эмацыйнага фактару.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG