Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы звольнілі міністра – за мэмарандум з Газпромам


Мікалай Будзаноўскі
Мікалай Будзаноўскі

Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск адправіў у адстаўку міністра дзяржаўнай маёмасьці Мікалая Будзаноўскага, у падпарадкаваньні якога знаходзяцца пытаньні энэргетыкі.

Міністар быў звольнены ў сувязі з падпісаньнем мэмарандуму польскай урадавай кампаніяй EuRoPol Gaz з расейскім Газпромам аб тэхнічных умовах пабудовы новай ніткі газаправоду з Расеі (паўвостраў Ямал) праз Беларусь у Польшчу і далей у Славаччыну, у абыход Украіны. Паводле польскіх СМІ, аб падпісаньні гэтага мэмарандуму нічога ня ведаў ні кіраўнік польскага ўраду, ні адказны за энэргетычны сэктар міністар дзяржаўнай маёмасьці. Упершыню факт падпісаньня такога мэмарандуму агучыў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін.

Чакаецца, што пасьля адстаўкі міністра Будзаноўскага будуць прынятыя і пэрсанальныя рашэньні ў адносінах да кіраўніцтва энэргетычнай кампаніі EuRoPol Gaz.

Факт падпісаньня гэтага мэмарандуму быў ўспрыняты камэнтатарамі ў польскай і ўкраінскай прэсе як новы элемэнт націску Масквы на Кіеў, каб схіліць Украіну да саступак у размовах аб усталяваньні расейскага кантролю за пастаўкамі расейскага газу ў Эўропу газаправодамі Ўкраіны.
Наяўны Ямал і плянаваны Ямал ІІ. Малюнак tvn24.pl
Наяўны Ямал і плянаваны Ямал ІІ. Малюнак tvn24.pl

Першая нітка газаправоду Ямал-Эўропа была ўведзеная ў дзеяньне ў 1999 годзе. Плянавалася, што новая нітка, Ямал-Эўропа ІІ, будзе пабудаваная да канца 2001 году, але праект быў тады пакінуты з увагі на яго меркаваную нерэнтабэльнасьць. Экспэрты зьвяртаюць увагу, што мэмарандум Газпрому з Польшчай, які рэанімаваў праект газаправоду Ямал-Эўропа ІІ, і цяпер мае хутчэй палітычнае значэньне, чым эканамічнае, паколькі попыт на расейскі газ у Эўропе падае, а прапускная здольнасьць дзейных і плянаваных газаправодаў з Расеі ў Эўропу (без Ямал-Эўропа ІІ) значна перавышае аб’ёмы кантрактаў на пастаўкі расейскага газу ў Эўропу.

Тым ня менш факт падпісаньня згаданага мэмарандуму выклікаў напружанасьць на лініі Варшава-Кіеў, і прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі быў вымушаны запэўніваць свайго калегу ў Кіеве, Віктара Януковіча, што Польшча ня зробіць ніякіх крокаў у газавым супрацоўніцтве з Расеяй, якія ўяўлялі б пагрозу для інтарэсаў Украіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG