Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пуцін даў Менску крэдыт насуперак ураду Мядзьведзева»


Кірыл Коктыш
Кірыл Коктыш
Расейская газэта «Известия» сьцьвярджае, што Расея абмяжуе пастаўкі нафты ў Беларусь. Маўляў, афіцыйны Менск не выконвае сваіх абавязаньняў па прыватызацыі і пастаўках нафтапрадуктаў у Расею. Ці азначае гэта, што Крэмль гатовы пайсьці на пэўнае абвастрэньне адносінаў зь беларускім кіраўніцтвам? Наколькі адзіныя ў сваіх падыходах да беларускага пытаньня Ўладзімер Пуцін і Дзьмітры Мядзьведзеў? На гэтыя пытаньні адказвае дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш.

— Ці ёсьць падставы давяраць гэтай інфармацыі?

— Перш за ўсё — гэта спроба нейкай публічнай вайны. Калі беларускі бок будзе абвінавачаны й будзе вымушаны нешта тлумачыць. Але трэба разумець, што гэта пазыцыя ўраду Мядзьведзева, а не прэзыдэнта Пуціна. А апошнім часам гэтыя пазыцыі вельмі рэзка разыходзяцца. Так што пакуль гэта манэўры, якія ня маюць нейкага доўгачасовага эфэкту. Лукашэнку проста варта пачакаць і заключыць пэўную дамову з расейскім прэзыдэнтам, не адказваючы на спробы ўраду Мядзьведзева націснуць. На гэтых супярэчнасьцях Беларусь даволі доўга і пасьпяхова гуляла, і мне здаецца, мае добры шанец згуляць і на гэты раз.

— Аднак Беларусь сапраўды часам парушае дамоўленасьці, калі не жадае прадаваць назад у Расею нафтапрадукты, перапрацаваныя з расейскай нафты. Няўжо гэтае парушэньне не зьяўляецца прычынай для пэўнага скандалу?

— Гэтая праблема была закрытая ўжо на пачатку гэтага году. Гэта рабочая сытуацыя, і яна вырашаецца.

Так што мне якраз здаецца, што зараз гэта гульня ў беларускую прыватызацыю. Альбо ўрад Мядзьведзева зможа націснуць і дабіцца прыватызацыі па меншых цэнах, альбо Лукашэнка зможа знайсьці паразуменьне з Пуціным, які блякуе нават расейскую прыватызацыю.

Будзем памятаць, што Беларусь двойчы не выконвала ўмовы крэдыту ЭўрАзЭС. Але крэдыты былі дадзены асабіста Пуціным нават насуперак волі ўраду Мядзьведзева. Так што гэтая гісторыя мае шанцы паўтарыцца і трэці раз.

— Вы лічыце, што Пуцін гатовы, у адрозьненьні ад Мядзьведзева, ісьці на большыя датацыі Менску з-за свайго інтэграцыйнага праекту Эўразійскага зьвязу?

— Так. Пуцін зацікаўлены ў гэтым праекце. Што тычыцца мядзьведзеўскіх лібэралаў, то гэта гульня, калі яны хочуць купіць у Беларусі танна, каб потым прадаць даражэй. Таму я якраз згодны зь беларускім кіраўніцтвам, што ў гэтых абставінах толькі вар’ят будзе прадаваць прадпрыемствы за кошт удвая меншы, чым яны каштавалі ў 2008-м годзе.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG