Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямцоў прыедзе ў Менск


Барыс Нямцоў
Барыс Нямцоў

Гатэлі ў Менску адмовілі Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў арэндзе заляў, каб правесьці прэс-канфэрэнцыю з удзелам вядомага расейскага палітыка Барыса Нямцова.

«Мы зьвярталіся ў „Эўропу“, „Вікторыю“ і „Кроўн плазу“. На вялікі жаль, нам адмовілі і далі зразумець, чаму: калі б гэта былі нейкія іншыя пэрсоны, то адказ быў бы станоўчы. З улікам таго, хто будзе браць удзел, нам было адмоўлена», — распавёў карэспандэнту Свабоды Анатоль Лябедзька.

Апроч прэс-канфэрэнцыі, 24 красавіка АГП плянуе падпісаньне заявы аб супрацоўніцтве з Рэспубліканскай партыяй Расеі — Партыяй народнай свабоды (РПР-ПАРНАС), якую ачольваюць тры сустаршыні: Барыс Нямцоў, Уладзімер Рыжкоў і Міхаіл Касьянаў. Менавіта Нямцоў упаўнаважаны падпісаць гэтае пагадненьне ў Менску. Але вядома, што Нямцоў у 2002 годзе быў аб’яўлены пэрсонай нон-грата ў Беларусі?

«Апошняя яго спроба была прыняць удзел у адным зь мерапрыемстваў, якое мы тут ладзілі. Ён тады прыляцеў у Менск разам з Ірынай Хакамадай, але да месца мерапрыемства яны так і не даехалі. У яго на пяць гадоў была забарона на ўезд, і гэты тэрмін мінуў. То бок юрыдычных падстаў, каб яго не пускаць дэ-юрэ ў Беларусь, не існуе. Ну, а дэ-факта ўсё можа быць», — сказаў Лябедзька.

У 2009 годзе Барыс Нямцоў прыяжджаў у Менск для ўдзелу у канфэрэнцыі па беларуска-расейскіх стасунках.

У 2011 годзе кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў Барыса Нямцова ў тым, што ён накіраваў у Менск моладзь на мітынг 19 сьнежня.

«Барыс Нямцоў прыслаў дзьве групы ў Менск з 12 чалавек, двое засталіся. Праўда тое, што яны (расейцы) у турме не патрэбныя былі», — сказаў Лукашэнка, камэнтуючы тое, што суд аштрафаваў і вызваліў арыштаваных расейцаў Арцёма Брэўса і Івана Гапонава.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG