Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямцоў: Я ў Маскве не баюся і ў Менску не баюся



24 красавіка АГП плянуе падпісаньне заявы аб супрацоўніцтве з Рэспубліканскай партыяй Расеі — Партыяй народнай свабоды (РПР-ПАРНАС). Адзін зь яе кіраўнікоў Барыс Нямцоў мае для падпісаньня пагадненьня ПАРНАСА з АГП наведаць Менск, ён таксама плянуе правесьці прэсавую канфэрэнцыю ў сталіцы Беларусі.

Нямцоў у 2002 годзе быў аб’яўлены пэрсонай нон-грата ў Беларусі. У 2009 годзе Барыс Нямцоў прыяжджаў у Менск для ўдзелу у канфэрэнцыі па беларуска-расейскіх стасунках. У 2011 годзе Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў расейскага палітыка ў тым, што ён накіраваў у Менск моладзь на мітынг 19 сьнежня 2010 году. Напярэдадні візыту ў Беларусь Барыс Нямцоў даў інтэрвію Свабодзе.

РС: Сп. Нямцоў, вы днямі едзеце ў Менск для падпісаньня пагадненьня з АГП ад імя ПАРНАСу. А вы не баіцеся, што вас у Менску могуць затрымаць і нават пасадзіць?

Нямцоў: Вы мяне прабачце, але зараз Масква ад Менску мала чым адрозьніваецца. Я ў Маскве не баюся і ў Менску не баюся. Чым Лукашэнка ад Пуціна адрозьніваецца?

РС: А гэта маё наступнае пытаньне — а чым?

Нямцоў: Ды нічым. Пуцін хоць і старэйшы, але выглядае вучнем Лукашэнкі, прычым спраўным, і зь некаторым спазьненьнем робіць усе гнюснасьці адносна сваіх грамадзянаў, якія робіць Лукашэнка адносна грамадзянаў Беларусі.

Беларусь і Расея зараз нічым не адрозьніваюцца ў стаўленьні да грамадзянскай супольнасьці, да апазыцыі, у практыцы сфабрыкаваных судоў, у абсалютна нікчэмным судзе, у ціску на журналістаў.

Розьніца ёсьць ва ўзроўні даходаў, у тым, што ў нас газ і нафта, што расейская эканоміка ў дзясяткі разоў круцейшая за беларускую, што ў нас даволі разьвіты бізнэс. А ў пляне палітычных свабодаў асаблівых адрозьненьняў няма.

РС: Аляксандар Лукашэнка і яшчэ больш за 200 прадстаўнікоў беларускага ўладнага істэблішмэнту знаходзяцца пад візавымі і фінансавымі санкцыямі за парушэньні правоў чалавека. Ці выступаеце вы за тое, каб падобныя санкцыі былі ўведзеныя супраць расейскага кіраўніцтва?

Нямцоў: Мы падтрымліваем закон Магніцкага. Мы лічым, што гэта самы прарасейскі закон, прыняты калі б то ні было ў ЗША. Забойцы, карупцыянэры і нягоднікі, якія крадуць галасы ў грамадзянаў, якія ўзурпавалі ўладу, непадсудныя ў Расеі, бо ў краіне незалежнае правасудзьдзе зьнішчанае. Так што санкцыі супраць іх — гэта добрая мера.

РС: У Беларусі 11 чалавек маюць статус палітзьняволеных. А колькі ў Расеі?

Нямцоў: У нас іх толькі па «Балотнай» справе 27. А ўсяго іх больш за 100.

РС: Як вы лічыце, ці ня можа тэракт у Бостане прывесьці да новага «мядовага месяца» паміж Вашынгтонам і Масквой?

Нямцоў: Я лічу, што сумесная барацьба з тэрарыстамі — гэта правільная справа. Я гэта падтрымліваю. Што тычыцца «мядовага месяца», то ў Абамы і Пуціна абсалютна розныя каштоўнасьці. У Пуціна гэта чапляцца за грошы, уласнасьць і ўладу і пакрываць махляроў і злодзеяў, а Абама ўсё ж адказны перад выбаршчыкамі і абарона грамадзянскіх правоў амэрыканскага народу — гэта яго галоўная задача. Так што адсутнасьць агульных каштоўнасьцяў азначае, што даверу ня будзе. Па лякальных пытаньнях можа быць, як, скажам, у пытаньні барацьбы з тэрарыстамі, але глябальна яго ня можа быць — гэта відавочна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG