Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыню віцебскага БНФ выклікаюць у пастарунак перад гадавінай Чарноблыю


Леанід Аўтухоў
Леанід Аўтухоў
Спадара Аўтухова, старшыню Віцебскай абласной арганізацыі партыі БНФ, 24 красавіка выклікаюць у Кастрычніцкі РАУС. Размова зноў пойдзе пра ягонае затрыманьне 22 сакавіка ў гандлёвым цэнтры «Эвіком» і ў прыватнасьці пра парушэньне закону аб СМІ, паведамілі актывісту.

22 сакавіка Леанід Аўтухоў і ягоны аднапартыец Кастусь Смолікаў распаўсюджвалі ў гандлёвым цэнтры бюлетэнь «Магістрат», дзе быў артыкул пра Дзень Волі. Супрацоўнікі міліцыі затрымалі іх і склалі пратаколы, нібыта партыйцы запрашалі жыхароў Віцебску на несанкцыянаваную акцыю.

Сапраўды, Леанід Аўтухоў падаваў заяўку на мітынг 25 сакавіка, але ў дзень затрымання адказу з адміністрацыі Чыгуначнага раёну яшчэ не атрымаў.

Аўтухова і Смолікава больш як на двое сутак зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня — да суду. А потым судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Іна Грабоўская «дадала» да гэтага тэрміну яшчэ трое сутак, прысудзіўшы абодвум арышты — па пяць сутак кожнаму.

Леанід Аўтухоў: «Гэтага, мусіць, падалося мала. Бо 17 красавіка мне патэлефаваналі з Кастрычніцкага РАУС і запрасілі зайсьці да іх, бо зьявіліся нейкія пытаньні па нашым бюлетэні „Магістрат“. Я адмовіўся ісьці бяз позвы. 19 красавіка позву мне прынесьлі: якраз на 24 красавіка. А праз два дні ў нас заплянавана імпрэза да ўгодкаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС».

На думку актывіста, «пытаньні па бюлетэні» азначаюць перспэктыву новага суду — напрыклад, за парушэнне парадку распаўсюду друкаванага выданьня. Леанід Аўтухоў мяркуе, што гэта не выпадкова. На 25 красавіка ў Віцебску заплянаваны партыйны сход. А на 26 красавіка пададзена заява на правядзеньне а 18-й гадзіне мітынгу ў Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў, дзе «будзе паднята некалькі пытанняў: 1. Вяртаньне ільготаў усім катэгорыям грамадзян, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС. 2. Спыненьне сельскагаспадарчай дзейнасьці на забруджаных тэрыторыях. 3. Спыненьне будаўніцтва Астравецкай АЭС». Таму спадар Аўтухоў лічыць, што гутарка ў міліцыі, найверагодней, скончыцца судом і новымі «суткамі». У правядзеньні мітынгу адміністрацыя Чыгуначнага раёну адмовіла.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG