Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь абыграла расейскіх партнэраў па калійным бізнэсе


Сёньня стала вядома, што найбуйнейшы вытворца калійных угнаеньняў і флягман беларускай эканомікі «Беларуськалій» набыў 30% акцыяў Клайпедзкага порта.

Па словах экспэртаў, гэта амаль сэнсацыйная зьява — Беларусь наважылася набыць, хай сабе і часткова, ва ўласнасьць інфраструктуру ў краіне Эўрапейскага Зьвязу. Па словах прэм’ера Мясьніковіча, інвэстыцыі складуць 30 мільёнаў даляраў.

У офісе «Беларуськалія» здзелку пакуль не камэнтуюць — усё кіраўніцтва яшчэ ў Літве.

Набытак «Беларуськалія» — добры прыклад палітычных манэўраў беларускага кіраўніцтва. Літаральна 4 месяцы таму Аляксандар Лукашэнка заявіў, што беларускія грузы будуць пераарыентаваныя зь літоўскіх у расейскія парты. Тады беларускі прэзыдэнт фактычна абвінаваціў літоўцаў у падтрымцы эканамічных санкцыяў супраць Беларусі. І раптам — Беларуськалій наважваецца на буйную, хоць і эканамічна абгрунтаваную пакупку. У якасьці бонуса літоўскі прэм’ер паабяцаў Міхаілу Мясьніковічу паспрыяць удзелу Беларусі ў праграме «Ўсходняга партнэрства».

У 2005 годзе «Беларуськалій» разам з расейскай кампаніяй «Уралкалій» утварылі Беларускую калійную кампанію, якая займаецца экспартам калійных угнаеньняў. Дзякуючы гэтаму БКК заняла каля 40% усясьветнага рынку калійных угнаеньняў.

Эканаміст Леанід Заіка назваў зьдзелку «неразумнай»: «Расея спадзявалася на выкарыстаньне Беларусьсю паўночных марскіх тэрміналаў. Была створаная магутная манаполія „Саюзкалій“, і вывозіць груз спадзяваліся праз Расею... Магчыма, хтосьці лабіраваў гэтую зьдзелку, якая працуе не на карысьць адзінай мытнай прасторы».

Беларусь даўно гуляе сваю гульню на рынку калійных угнаеньняў, пры патрэбе ігнаруючы інтарэсы расейскага партнэра. Так, «Саюзкалій», на які спасылаецца Леанід Заіка і ў якім была зацікаўленая расейская кампанія, так і ня быў зарэгістраваны.

Больш за тое — Аляксандар Лукашэнка нават юрыдычна дазволіў стварэньне яшчэ аднаго беларускага трэйдэра, што падрывае пазыцыі расейскіх партнэраў. Магчыма, уладальнікам гэтай кампаніі стане бізнэсмэн Юры Чыж. Ёсьць таксама інфармацыя, што Чыж, які знаходзіцца ў сьпісе неўязных ЭЗ, зьбіраўся адкрываць кампанію менавіта ў Клайпедзе.

Вось што распавядае экспэрт Тацяна Манёнак:

Тацяна Манёнак
Тацяна Манёнак
«Напрыканцы мінулага году Лукашэнка фактычна дазволіў быць створанаму яшчэ аднаму трэйдэру. Абмяркоўвалася магчымасьць таго, што гэтым будзе займацца Чыж. Гэта азначае, што эксклюзіўнае права продажу калійных угнаеньняў, якое было перададзенае толькі БКК, ня будзе рэалізавана, а зьявяцца новыя гульцы на гэтым рынку і з боку Беларусі таксама. Пакуль што дакладна невядома, ці будзе Чыж займацца продажам. Пакуль што гэта на ўзроўні абмеркаваньня. Але сытуацыя са стварэньнем „Саюзкалія“ выклікае незадаволенасьць расейскага боку, расейскіх акцыянэраў».

А расейскае выданьне «РБК-дэйлі» ўчора апублікавала артыкул на падставе ўнутранага дакумэнта «Ўралкалія».

«Уралкалій» усё менш зацікаўлены ў супрацоўніцтве зь «Беларуськаліем», — сьцьвярджае «РБК». За апошні год «Уралкалій» каля трох чвэрцяў сваёй экспартнай прадукцыі правёў праз свайго ўласнага трэйдэра — швайцарскую кампанію. Ад гэтага Беларуськалій панёс значныя страты, дый агулам каньюнктура на ўсясьветным калійным рынку была ня самая спрыяльная.

Прадстаўнікі «Ўралкалія» тлумачаць гэта, сярод іншага, і санкцыямі, уведзенымі ЗША і ЭЗ супраць вышэйшых асобаў Рэспублікі Беларусь і асобных прадпрыемстваў — у прыватнасьці, «Беланафтахіма». Маўляў, гэта перашкаджае бізнэсу.

Выглядае, што набытак «Беларуськалія» — гэта ўдалая спроба прадухіліць увядзеньне эканамічных санкцыяў супраць калійнага прадпрыемства, дый агулам паўплываць на саму стратэгію Захаду наконт эканамічных санкцыяў супраць Беларусі.

Тацяна Манёнак кажа, што зьдзелка гэтая безумоўна эканамічна абгрунтаваная, але ў яе палітычны прысмак:

«Можна было б не зьвяртаць вялікай увагі на гэтую зьдзелку, але на фоне нашых палітычных падзеяў гэтае рашэньне адначасова і палітычнае. Гэта нават нейкі выклік, бо існавала пагроза ўвядзеньня санкцыяў і ў дачыненьні да калійных угнаеньняў. Менавіта гэты аргумэнт ужываў Уралкалій, калі абгрунтоўваў неабходнасьць стварэньня швайцарскага трэйдэра („Саюзкалій“ — рэд.). Відаць, што беларускія ўлады не палохаюць гэтыя санкцыі, бо яны разумеюць, што гэты маршрут выгадны і для Літвы, і для Беларуськалія».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG