Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Неўязныя» пайшлі на падвышэньне

абноўлена

Кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка зрабіў новыя прызначэньні ў КДБ, Памежным і Сьледчым камітэтах, а таксама ў МУС.

Першым намесьнікам КДБ па контравыведнай дзейнасьці стаў генэрал-маёр Ігар Сергіенка, а генэрал-маёр Ігар Бусько прызначаны намесьнікам старшыні КДБ па кадравым забесьпячэньні і арганізацыйнай працы. Абодва гэтыя чыноўнікі ўваходзяць у сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу. Раней Ігар Бусько быў кіраўніком КДБ Берасьцейскай вобласьці, а Ігар Сергіенка — кіраўніком КДБ Магілёўскай вобласьці. Яны трапілі пад візавыя санкцыі 31 студзеня 2011 году.

Начальнікам упраўленьня КДБ па Берасьцейскай вобласьці прызначаны Вячаслаў Язерскі, а начальнікам УКДБ па Магілёўскай вобласьці — Аляксандар Невяроўскі.

Лукашэнка прызначыў Ігара Буткевіча першым намесьнікам старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэту — начальнікам галоўнага апэратыўнага кіраваньня. Ён замяніў на гэтай пасадзе Аляксея Загародняга, які быў прызначаны пасьля «мядзьвежага дэсанту», але пратрымаўся на сваёй пасадзе каля 8 месяцаў.

Таксама кадравыя прызначэньні адбыліся ў іншых сілавых органах.

50-гадовы Ігар Сергіенка зьмяніў на пасадзе першага намесьніка старшыні КДБ Віктара Вягеру, які, таксама як і Сергіенка, пэўны час працаваў у Гарадзенскай вобласьці.

Паводле журналіста Андрэя Пачобута, «з гарадзенскай пляцоўкі вельмі лёгка пайсьці наверх». Калі на пасадзе кіраўніка КДБ Гарадзенскай вобласьці быў Сергіенка, там шукалі экстрэмізм у кнігах «Лісты зь лесу» Паўла Севярынца і «Выпадковы прэзыдэнт» Сьвятланы Калінкінай і Паўла Шарамета. А таксама на старонках газэты польскай меншасьці «Глос з-над Немна». Таксама вядомыя прыклады, калі журналістам давалі папярэджаньні. Да прыкладу, Яну Роману — за тое, што ён нібыта неаднаразова падаваў замежным СМІ «няпэўную і тэндэнцыйную інфармацыю» пра сытуацыю ў Беларусі.

Кіруючы КДБ Магілёўскай вобласьці, Ігар Сергіенка ў інтэрвію газэце «Вячэрні Магілёў» абгрунтоўваў пашырэньне паўнамоцтваў спэцслужбаў тым, што нібыта праваахоўныя органы ў Эўропе «валодаюць больш шырокімі і жорсткімі паўнамоцтвамі, чым беларускія». Ён скончыў гістарычны факультэт БДУ і Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце, паходзіць зь вёскі Сталіца Шаркоўшчынскага раёну. У час, калі Сергіенка кіраваў КДБ Магілёўскай вобласьці, некаторыя апазыцыйныя актывісты былі пастаўленыя на прафіляктычны ўлік. Гэта Алег Аксёнаў, Зьміцер Салаўёў, Тацяна Шамбалава.

Палітвязень Павал Севярынец кажа, што «Лісты зь лесу» адбіралі ў людзей, якія перасякалі мяжу.

«Мы пісалі лісты, каб канфіскаваную кнігу вярталі. Казалі,што яна знаходзіцца на літаратуразнаўчай экспэртызе, шукаюць злачынства. Некалькі месяцаў яе канфіскоўвалі. Але справа, як нечакана ўзьнікла, так і заціхла.Тое, што КДБ цікавілася і адбірала кнігі — гэта факт. Тады я якраз выйшаў пасьля першай „хіміі“, мы пачалі ствараць БХД. Відаць, каб запалохаць ці не даць разгарнуцца, прэзэнтацыі гэтай кнігі зрывалі, а потым і саму кнігу пачалі трыбушыць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG