Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грошы ў абмен на ігнор


Беларусь адмовілася ад супрацоўніцтва зь літоўскай інвэстыцыйнай групай Ūkio Banko Investicinė Grupė (UBIG), разам зь якой плянавалася пабудаваць шматфункцыянальны комплекс на базе менскага стадыёну «Трактар».

Пра гэта гаворыцца ва ўказе Аляксандра Лукашэнкі № 151 ад 4 красавіка.

Літоўцы пераконваюць: беларускія ўлады не давалі ім магчымасьці пачаць будаўніцтва, а яны ўжо ўклалі 30 мільёнаў даляраў.

Дырэктар інвэстыцыйнай кампаніі «Стадыюм» Антанас Шуша кажа, што інвэстыцыйная дамова прадугледжвала выгаду і для беларускага, і для літоўскага боку. Літоўскі бок свае абавязкі выканаў:

«Усе гэтыя гады «Стадыюм» кіравала зямлёй, якая належала ім паводле інвэстыцыйнай дамовы, а таксама будынкамі на ёй. «Гэта сацыяльны будынак. Ён ня можа быць рэнтабэльным. Але сэнс дамовы быў у тым, што інвэстар падтрымлівае сацыяльны праект (рэканструкцыю стадыёна. — Рэд.), утрымлівае футбольны клюб і замест гэтага атрымлівае жытло. Інвэстар утрымліваў будынак і футбольны клюб, а жытла не атрымаў. І панёс страты, бо ўсё гэта фінансавалася літоўскім бокам».

Генадзь Нявыглас і Ўладзімер Раманаў разглядаюць адзін з праектаў будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу на месцы стадыёна «Трактар», 2007 год
Генадзь Нявыглас і Ўладзімер Раманаў разглядаюць адзін з праектаў будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу на месцы стадыёна «Трактар», 2007 год
Літоўцы абяцалі ўкласьці ў праект 250 мільёнаў эўра і рэканструяваць футбольны стадыён паводле стандартаў УЕФА, гандлёвы і культурны комплекс, два гатэлі і офісныя будынкі. Прычым адкрыцьцё стадыёну плянавалася яшчэ на 2010 год.

Але інвэстыцыйная дамова прадугледжвала ня толькі рэканструкцыю стадыёну. Плянавалася збудаваць два вялізныя жыльлёвыя комплексы ў мікрараёнах «Каменная горка» і «Лошыца». Літоўцы плянавалі пабудаваць там 400 тысяч квадратных мэтраў жытла, але будоўля так і не пачалася. У кожны з гэтых праектаў літоўцы меркавалі інвэставаць яшчэ па 50 мільёнаў эўра.

Для рэалізацыі амбітнага інвэстыцыйнага праекту была ўтвораная кампанія «Стадыюм». 75% акцый у ёй мелі літоўцы — а менавіта Ūkio Banko Investicinė Grupė (UBIG). 25% належала адміністрацыі Заводзкага раёну Менску.

Па словах Антанаса Шушы, у выпадку скасаваньня дамовы беларускі бок абавязаны кампэнсаваць укладаньні — тыя ж 30 мільёнаў даляраў. Але прыкмет таго, што менскія ўлады зьбіраюцца вяртаць гэтыя грошы, пакуль няма. Атрымаць камэнтар ад Менгарвыканкаму не ўдалося: адны чыноўнікі проста перанакіроўвалі па камэнтар да іншых.

Антанас Шуша: «Дамова была заключаная ў 2007 годзе. За гэты час была падрыхтаваная амаль уся праектная дакумэнтацыя, а пасьля ішлі проста размовы-размовы, ніякага супрацоўніцтва не адбывалася. Да будаўніцтва мы не дайшлі».

Шуша кажа, што яны спрабавалі пачаць будоўлю, але беларускія ўлады спачатку не давалі дазволу на ўвоз будаўнічых матэрыялаў, а пасьля і ўвогуле ўсё застопарылася.
Былі дзясяткі сустрэчаў, былі сотні лістоў, але няма з кім размаўляць у гарвыканкаме, проста ігнор

«Перапіска ішла тры гады. Узаемныя прэтэнзіі былі і ў нас да беларускага боку, і ў іх да нас. 4 лютага 2011 году Менгарвыканкам ануляваў выдзяленьне ўчасткаў. Мы спрабуем зь імі размаўляць, але яны з намі не размаўляюць. Былі дзясяткі сустрэчаў, былі сотні лістоў, але няма з кім размаўляць у гарвыканкаме, проста ігнор», — кажа Антанас Шуша.

Інвэстпраэкт быў часткай дзейнасьці літоўскага бізнэсмэна расейскага паходжаньня Ўладзімера Раманава. На пачатку красавіка Раманаў заявіў, што ў выніку краху банку «Ūkio bankas» страціў усю сваю маёмасьць. Капітал Раманава ацэньваўся ў 500 мільёнаў даляраў. Частка зь іх, па заявах самога Раманава, была ўкладзеная ў Беларусь.

У зрыве праекту Раманаў вінаваціў беларускія ўлады — маўляў, яны зацягваюць узгадненьне. Раманаў абвясьціў, што ўклаў у Беларусь 30 мільёнаў даляраў і пагражаў, што будзе змагацца за свае грошы праз суд.

Генадзь Нявыглас і Ўладзімер Раманаў ля першага каменя падмурку новага спартова-аздараўленчага комплексу, Менск, 1 верасьня 2007
Генадзь Нявыглас і Ўладзімер Раманаў ля першага каменя падмурку новага спартова-аздараўленчага комплексу, Менск, 1 верасьня 2007
Антанас Шуша пацьвярджае, што UBIG падрыхтавала для Стакгольмскага арбітражнага суду ўсе дакумэнты па пазову да Беларусі. Але ці пойдзе літоўскі бок далей, пакуль невядома. У Раманава процьма іншых праблемаў.

Па словах Шушы, менш за палову гэтых грошай пайшлі на ўтрыманьне футбольнай каманды «МТЗ-РІПО» («Партызан»), якую Раманаў атрымаў на дадатак да свайго інвэстыцыйнага праекту. Падчас апекі Раманава для клюба наступілі сьветлыя часы. Трэнэр «Партызану» Людас Румбуціс у адным з інтэрвію сьцьвярджае, што Раманаў страціў у Беларусі значную суму:

«У яго быў у Беларусі добры праект. Ён зьбіраўся будаваць жытло, займацца рэканструкцыяй стадыёну „Трактар“… У выніку Раманаў адмовіўся ад усяго. У тым ліку і ад клюба „Партызан“»

Як і большасьць расейскіх алігархаў, Раманаў мае слабасьць да спартовых клюбаў. Ён валодае шатляндзкім футбольным клюбам Hearts, літоўскім баскетбольным «Жальгірысам». Афіцыйнае прызнаньне ў банкруцтве Раманаў агучыў разам з намерам прадаць шатляндзкі клюб Hearts.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG