Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адноўлена будаўніцтва мячэту


ілюстрацыйнае фота
ілюстрацыйнае фота

У Менску адноўлена будаўніцтва мячэту: Менгарвыканкам даў дазвол.

Муфцій Мусульманскага рэлігійнага аб’яднаньня ў Беларусі Абу-Бекір Шабановіч паведаміў карэспандэнту Свабоды, што будаўніцтва было закансэрвавана цягам паўгода з розных прычынаў. Цяпер плянуецца завяршыць узьвядзеньне мячэту напрыканцы гэтага году.

«Улады зацікаўленыя, каб хутчэй дабудавалі, бо будоўля знаходзіцца амаль у цэнтры гораду. І гэты даўгабуд перашкаджае людзям. А потым улады спынілі дый усё, там нейкая новая інструкцыя зьявілася, і адмянілі права будоўлі, вярнулі назад. І мы па-новаму прайшлі гэтую сыстэму. Мы чакаем, што да канца году ўсё будзе пабудавана. Атрымліваецца, што дзясяты год будуем. Але грошы пачалі паступаць, знайшліся добрыя людзі, якія зацікаўленыя ў заканчэньні гэтай будоўлі. Бо вернікам ужо няма дзе маліцца. Не хапае месца, мы молімся ў двары, на вуліцы. Гэта ж не выпадае для сталіцы: адзін мячэт ніяк не дабудуем».

Паводле муфція, фінансавую дапамогу аказалі браты па веры з-за мяжы, у тым ліку з Татарстану.

Будаваць мячэт у Менску на вуліцы Грыбаедава на месцы старых мусульманскіх могілак пачалі ў 2003 годзе. Гэта будзе гмах 24 на 24 мэтры, вышынёй 12 мэтраў, побач — 32-мэтровы мінарэт.

Прыпыняючы будаўніцтва мячэту, беларускія ўлады спасылаліся на тое, што менскі мячэт быў задуманы з размахам большым, чым рэальныя магчымасьці і патрэбы менскіх мусульман.

Цяпер у Беларусі дзейнічаюць восем мячэтаў, зь іх чатыры — у Гарадзенскай вобласьці. Службы там вядуцца на арабскай мове. Паводле апошняга перапісу насельніцтва, іслам у Беларусі вызнаюць каля 30 тысяч чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG