Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шоў-бізнэс у апазыцыйным канцлягеры


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі
Размаўляю з гаспадаром сядзібы эка-турызму, спадар сталага веку. Кажа, да яго нават з тэлевізіі прыяжджалі: і з СТВ, і з ОНТ, і з БТ... «Але БТ я больш на ганак не пушчу», – са крухай кажа мой суразмоўца, і распавядае ў чым справа:

– Былі ў мяне два кітайскія пеўні: бацька і сын. Бацька неяк танклява вішчэў, а не кукарэкаў, а сын добра гарлапаніў. І вось, дэманструю тэлевізійшчыкам сваю гаспадарку, у тым ліку пеўняў. Бяру маладзейшага на рукі, і кажу: «Ну пакукарэкай ты, а то бацька кепска кукарэкае».

Гаспадар робіць паўзу і працягвае:

– І вось выходзіць сюжэт, дзе мая фраза абсалютна выдраная з кантэксту, без другога пеўня ў кадры – «ну пакукарэкай ты, а то бацька кепска кукарэкае».

«Добра, што цяпер ня 1937 год. А то не было б ані мяне, ані маёй сядзібы», – падсумоўвае гаспадар.

***

«Шкада, што сёньня не 1937 год, а то мы б вас!..» – розныя варыянты падобных зваротаў, я чуў і 20, і 10 гадоў таму, а вось нядаўна пабачыў варыяцыю больш разгорнутую: пра тое, што фотаздымкі, зробленыя ў публічнай прасторы, могуць быць экстрэмісцкімі. Так мяркуюць у КДБ, які вядзе свой радавод і бесьперапынна працягвае традыцыю НКВД.

У 1997 газэта «Наша Ніва» атрымала папярэджаньне за публікацыю матэрыялаў пра злачынствы партызанскага атраду ў ваколіцах Слоніма. Уласна за публікацыю паказаньняў жывога сьведкі, завераных у натарыюса. Вэтэранская арганізацыя гораду Б-ску напісала скаргу, маўляў, партызаны злачынстваў рабіць не маглі ў прынцыпе, а значыць публікацыя не адпавядае рэчаіснасьці і «абражае гонар і пачуцьці вэтэранаў».

Беларускія карыстальнікі актыўна абмяркоўваюць, напрыклад, украінскі фільм пра «нязручныя» тэмы савецкай гістарыяграфіі: пра злачынствы савецкай улады на тэрыторыі Ўкраіны супраць савецкіх грамадзян. У Беларусі тэма агучваецца даўно, але ўрыўкамі. Цэласнай карціны, і спэктру меркаваньняў дагэтуль няма.

***

Тэма злачынстваў савецкай улады супраць беларускага народу ў Беларусі непапулярная ня толькі з боку афіцыёзу:

– Гісторыя цяпер мала каго цікавіць, глядзець ня будуць, – патлумачыў мне адзін малады прадусар. – Цяпер патрэбная дзьвіжуха, штосьці моднае, зробленае на адной каленцы, але яркае.

Неяк мы з прыяцелем пілі каву ва ўстанове, што глядзіць вокнамі на касьцёл сьв. Язэпа ў менскім Верхнім Горадзе. Прыяцель пытаецца ў маладзенькай афіцыянткі:

– Вы ведаеце гісторыю гэтага касьцёлу?

Афіцыянтка:

– Не, раскажыце :)

Прыяцель каротка распавядае, а пасьля пытаецца:

– А вы што вы ведаеце зь гісторыі?

Афіцыянтка паказвае на праваслаўны катэдральны сабор:

-- Знаю, что этот костёл в честь 8-го марта.

Мой знаёмы прадусар даўно жыве ў думках калі не ў ХХІІ-м, дык у канцы ХХІ-га ст. дакладна. Ён пралічвае, што і як будуць глядзець, якога фармату, на якой тэхніцы, якія тэмы будуць цікавіць мэтавыя аўдыторыі. Яму патрэбныя рэйтынгі: «Ну сам падумай, ну колькі чалавек можа зацікавіцца фільмам пра злачынствы савецкіх партызанаў? А тым больш пра НКВД, пра якое ўжо сто разоў прагаворана?!».

***

– Я баюся гаварыць, я вельмі баюся гаварыць на мікрафон! – бабулі было 86 гадоў, і яна была адзіным ацалелым сьведкам, які бачыў, як камандзір партызанскага атраду расстраляў з кулямёта ўсю, улучна зь немаўляткам, суседзкую сям'ю ў 1944 годзе.

– Дык чаго вы баіцеся, ужо і СССР няма?! – супакойваў я бабулю.

– У 1944, калі савецкія войскі ўвайшлі, некаторых з тых партызанаў злавілі і расстралялі. А як сьледам прыйшла цывільная ўлада і НКВД, то астатніх не чапалі. А камандзір партызанскага атраду нават стаўся вялікім начальнікам у Слоніме. І ён дагэтуль жывы! Жыве паралюшаваны ў суседняй вёсцы. І я кожную ноч баюся, што ягоны сын прыйдзе, і мяне заб'е.

Размова з бабуляй адбывалася ў 1997, з гаспадаром аграсядзібы – у 2007, з прадусарам і афіцыянткай у нашы дні.

Малады прадусар уяўляе, што ў сучаснай Беларусі збольшага закрытыя рахункі гісторыі, якая ўжо належыць адно навукоўцам і падручнікам. Што трэба проста даць адказ на пытаньне «чаго хочуць юзэры?», і справы пойдуць у гару.

Калега нядаўна пажартаваў: «Я, як палітык апазыцыйнага канцлягеру...». Замяняй слова «палітык» іншай прафэсіяй, сэнс жарту ня зьменіцца.

Ці ведаюць крыэйтары КДБ, што іх няма ў плянах на будучыню маладога беларускага прадусара?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG