Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў: «Лукашэнка нікога ня выпусьціць бязь ціску»

абноўлена

Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў

Беларускія палітыкі камэнтуюць памілаваньне прэзыдэнтам Украіны Віктарам Януковічам былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Луцэнкі і яшчэ некалькіх апазыцыянэраў. Ці магчыма, што неўзабаве і ў Беларусі пачнуць вызваляць палітвязьняў?

Кандыдат на прэзыдэнта на выбарах 2010 году Ўладзімер Някляеў камэнтуе шансы на датэрміновае вызваленьне беларускіх палітвязьняў.

«Праблема ў тым, што Лукашэнка па сваёй волі гэтых невінаватых людзей ня вызваліць. Гэта не ў ягоным характары, не ў ягонай чалавечай прыродзе. Дарэчы, вельмі яскрава ён прадэманстраваў гэта на апошняй сваёй прэсавай канфэрэнцыі, калі казаў пра зьняволеньне Статкевіча. Абсалютна выявілася сутнасьць гэтага зьняволеньня — гэта асабістая помста. Але апроч асабістага ў палітыцы ёсьць агульнае. Калі Лукашэнка будзе няздольны выконваць сацыяльную дамову з грамадзтвам — гэта значыць забясьпечваць больш-менш прыстойны ўзровень жыцьця, каб людзі маглі накарміць сям’ю і апрануцца, — ён ва ўладзе не ўтрымаецца. А гэта залежыць ад таго, колькі і дзе ён зможа штогод здабываць грошай. Сёньня сытуацыя такая, што той крэдыт ад Расеі, які ён хацеў атрымаць наўпрост, атрымаць гэтак не ўдалося. Крэдыт пайшоў праз Ашчадны банк расейскі, што вельмі небясьпечна ў пэрспэктыве, бо гэта мэханізм, празь які Расея будзе спрабаваць узяць частку маёмасьці, беларускіх актываў. І таму крэдыт МВФ яму абсалютна неабходны, каб гэтаму ж МВФ сплачваць тыя пазыкі, якія ўжо існуюць. Вось пад гэтым прэсам знаходзіцца Лукашэнка, і гэта яго змусіць прыняць рашэньне аб вызваленьні палітзьняволеных».

Уладзімер Някляеў кажа, што ў дзеяньнях Міністэрства замежных спраў Беларусі і адміністрацыі Лукашэнкі бачыць пэўныя прыкметы таго, што з Эўропай вядуцца перамовы наконт вызваленьня палітвязьняў. «Гэта можа адбыцца цягам году ці нават неўзабаве», — мяркуе Ўладзімер Някляеў.

Сіўчык: «Праблема палітвязьняў вырашыцца празь дзень, калі яе зьвязаць з нафтапрадуктамі»

Вячаслаў Сіўчык
Вячаслаў Сіўчык
Вядомы палітык Вячаслаў Сіўчык, які пасьля падзеяў 19 сьнежня 2010 году мусіў зьехаць ва Ўкраіну, гэтак камэнтуе магчымасьць вызваленьня беларускіх палітвязьняў пасьля выхаду на волю Юрыя Луцэнкі.

«Ёсьць тэмы, на якія не хацелася б гадаць, бо вызваленьне палітвязьняў — не спартовая лятарэя. Увогуле палітвязьні ў Беларусі ёсьць з 1996 году, і гэта вельмі крыўдна, бо ня толькі падкрэсьлівае сутнасьць сёньняшняга рэжыму, але гэта ганьба для ўсіх нас, беларусаў. Натуральна, што трэба рабіць усё, каб у нас не было палітвязьняў. Учорашнія падзеі ўва Ўкраіне, калі былі вызваленыя Луцэнка і яшчэ колькі паплечнікаў Юліі Цімашэнкі, дае і нам пэўны спадзеў. Таму што працэсы, якія ідуць на Ўкраіне, вельмі ўплываюць і на Беларусь. Раней дыктатар мог карыстацца тым, што ня толькі ў яго ёсьць палітвязьні, мог, як ён гэта любіць, выкарыстоўваць такія падзеі. Учорашняе вызваленьне Юрыя Луцэнкі таксама паказвае, што ў Эўропы ёсьць усё ж мэханізмы для ўплыву на краіны Ўсходняй Эўропы. І мне вельмі хацелася б, каб у блізкай пэрспэктыве нарэшце былі паднятыя пытаньні аб беларускіх палітвязьнях з эўрапейскага боку. Чаму я кажу „нарэшце“? Таму што за гады дыктатуры ніводнага пэўнага кроку з боку Эўразьвязу адносна лукашэнкаўскай дыктатуры не было. У дыктатуры ёсьць болевыя кропкі, яны ўсім вядомыя, але Эўропа пакуль іх ніводнага разу ня выкарыстала».

Што гэта за болевыя кропкі? Палітуцякач Вячаслаў Сіўчык кажа пра экспарт у краіны Эўразьвязу нафтапрадуктаў, які за апошнія гады нават павялічыўся. «Можна проста паглядзець на статыстыку, колькі і якія эўрапейскія краіны спажываюць беларускіх нафтапрадуктаў. Гэта мільярды даляраў штогод. Ніводнага разу не ўзьнікала праблема палітвязьняў у гэтым рэчышчы. Калі б такая сувязь узьнікла, палітвязьняў у нас празь дзень не было б».


Казулін: «Беларускіх палітвязьняў пачнуць вызваляць улетку»


Аляксандар Казулін
Аляксандар Казулін
Былы палітвязень, кандыдат на прэзыдэнта на выбарах 2006 году Аляксандар Казулін мяркуе, што, як і ўва Ўкраіне, беларускія ўлады больш ня маюць рэсурсу, каб адцягваць вызваленьне палітвязьняў.

«У беларускіх уладаў проста няма іншага выйсьця, як вызваліць усіх палітвязьняў. Мяркую, гэта адбудзецца ўлетку ці нават ужо ў траўні. І справа ня ў ціску з боку Эўразьвязу, а найперш ідзе ціск з боку абставін, якія склаліся. Найперш гэта эканамічныя абставіны, сацыяльныя, структурныя. Эканамічная сытуацыя насамрэч складаная: летась рост валавога ўнутранага прадукту быў 2,5%, а сёлета пра рост больш як 1,5% ніхто і ня кажа. Каб ажывіць эканоміку, патрэбныя ў тым ліку крэдыты, а значыць, зноў не абысьціся без нармальных стасункаў з Захадам. Што да сацыяльнай абстаноўкі, яна таксама ўсё больш напружаная — адносная цішыня ў гэтай сфэры падманлівая, можа выбухнуць у любы момант. Згадаем Савецкі Саюз у канцы яго існаваньня. Таму я і мяркую, што пытаньне аб палітвязьнях, якое перасьпела, прыйдзецца як мага хутчэй вырашаць».

Паводле ацэнкі Аляксандра Казуліна, кіраўніцтва Расеі на пазыцыю Беларусі адносна палітвязьняў наўпрост ня цісьне, але перад Масквой у Аляксандра Лукашэнкі ёсьць іншыя нявыкананыя абавязаньні, якія не паляпшаюць ягонае ўнутрыпалітычнае становішча.

«Ён ім шмат наабяцаў публічна, а яшчэ больш — непублічна, і гэта ўсё прыйшоў час выконваць. Продаж найбуйнейшых прадпрыемстваў — толькі частка гэтых абавязаньняў», — кажа Аляксандар Казулін.

Аляксандар Казулін таксама мяркуе, што ў хуткім часе Віктар Януковіч памілуе і Юлію Цімашэнку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG