Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палецкіс: «Брусэль і Менск могуць узнавіць дыялёг»

абноўлена

Юстас Палецкіс
Юстас Палецкіс
«Дыялёг паміж Эўразьвязам і афіцыйным Менскам магчымы. Але адбыцца ён можа толькі пасьля вызваленьня палітвязьняў», — заявіў сёньня ў эксклюзіўным інтэрвію Радыё Свабода адмысловы дакладчык па Беларусі Эўрапейскага парлямэнту, дэпутат зь Літвы Юстас Палецкіс.

Юстас Палецкіс зьбіраецца завяршыць працу над сваёй справаздачай тыдні праз два. Аднак ужо сёньня ён сказаў пра асноўны пасыл гэтага дакладу:

«Я думаю, што ўсё-ткі трэба скарыстаць той момант, калі абодва бакі — і Эўразьвяз, і афіцыйны Менск — падаюць сыгналы, што, магчыма, ёсьць мажлівасьць узнавіць дыялёг. Але, вядома, гэта можа адбыцца толькі пасьля вызваленьня палітычных вязьняў».

Спадар Палецкіс расказаў, на якой стадыі цяпер ягоны даклад:

«Справа рухаецца. Якраз на наступным тыдні ў Брусэль прыяжджае вялікая група прадстаўнікоў беларускай апазыцыі. У Эўрапарлямэнце пройдзе вялікая канфэрэнцыя наконт дачыненьняў паміж Эўразьвязам і Беларусьсю. Думаю, што яшчэ і тут можна будзе пачарпнуць нешта карыснае. Ужо пакладзена на паперу старонак дзесяць. Але трэба будзе скарачаць тэкст — паводле рэглямэнту ён павінен быць да чатырох старонак».

Дакладчык па Беларусі таксама дадаў, што ў наступную сераду ён зьбіраецца правесьці размову з роднымі палітвязьняў, карыстаючыся сучаснымі сродкамі сувязі. І гэта таксама дапаможа яму ў падрыхтоўцы канчатковага варыянту дакладу.

На канфэрэнцыю ў Брусэль зьбіраецца і старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Ён кажа, што неабходная трохкрокавая стратэгія ў дачыненьнях Эўразьвязу з афіцыйным Менскам:

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька
«І першы крок — вызваленьне і рэабілітацыя палітычных вязьняў. Па-другое — свабодныя, сумленныя выбары. І трэцяе — плян мадэрнізацыі для Беларусі. Таму ў нас з Палецкісам па першым пункце існуе кансэнсус. На сустрэчы зь ім у Менску я рабіў вельмі важны акцэнт — калі мы ня хочам зноў вяртацца да першага пункту, то трэба рэалізаваць другі пункт. Калі ж мы спыняемся толькі на вызваленьні палітвязьняў, робім паўзу і задавальняемся нейкімі іншымі пытаньнямі, напрыклад, адменай сьмяротнага пакараньня ці ўвядзеньнем інстытуту амбудсмэна, то гэта азначае, што мы празь нейкі час вернемся да пытаньня новых палітычных вязьняў.

І калі трохкрокавая ідэя будзе падтрыманая ў дакладзе Палецкіса, то гэта будзе вельмі добра».

Андрэй Савіных
Андрэй Савіных
Прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных на маё пытаньне пра пэрспэктывы ўзнаўленьня дыялёгу Менску і Брусэлю адказаў так:

«Гэта найперш двухбаковы працэс. І ён патрабуе зацікаўленасьці абодвух бакоў. Спадар Палецкіс — гэта яшчэ ня ўвесь Эўразьвяз. Нашая пазыцыя больш кансалідаваная, больш зразумелая і больш адкрытая. Мы выступаем за ўсебаковы адкрыты і чэсны дыялёг, які будзе ўлічваць і нашы інтарэсы, і інтарэсы ўсіх, хто ўдзельнічае ў гэтым дыялёгу. Мне падаецца, што гэта адзінае рашэньне дадзенай праблемы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG