Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як звольніўся гарадзенскі сьледчы Аліхвер?


Сьледчы ў справе палітвязьня Мікалая Аўтуховіча Мікалай Аліхвер працаваў у Горадні ва ўпраўленьні Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў па Гарадзенскай вобласьці. Сёньня ён у ЗША. Гэты факт прыцягнуў у Беларусі ўвагу грамадзкасьці. Як і чаму ён звольніўся з пасады, якая ў Беларусі многімі лічыцца прэстыжнай?

Упраўленьне Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў месьціцца ў Горадні на вуліцы Карбышава ў будынку Камітэту дзяржаўнага кантролю. Ці памятаюць былыя калегі, як пакінуў службу Мікалай Аліхвер? Намесьнік начальніка УДФР Аляксандар Траяноўскі:

«У дадзенай сытуацыі я не змагу вам адказаць, трэба падымаць асабістую справу. Ён звольніўся з органаў фінансавых расьсьледаваньняў па згодзе бакоў. Вось усё, што я магу сказаць. Пяць гадоў таму. Гэта значыць, гэта было рашэньне як зь ягонага боку, так і з боку Камітэту дзяржаўнага кантролю. Так бывае, у нас ёсьць спэцыяльны артыкул у Палажэньні аб праходжаньні службы — „звальненьне па згодзе бакоў“. У нас гэта вельмі распаўсюджаная прычына для звальненьня».

Ці патлумачыў Мікалай Аліхвер у прыватным парадку сапраўдную прычыну свайго звальненьня?

Траяноўскі: «Ну, вы ўяўляеце — гэта было больш за пяць год таму. Вы пытаецеся — што ён мог тады сказаць? Не, не расказваў. Проста тут можа быць мноства прычын. Чалавек знайшоў больш высокааплатную працу, чалавек можа пераехаць, памяняць месца жыхарства. Тут шмат варыянтаў».

Галоўнае, Мікалай Аліхвер сам выявіў жаданьне звольніцца, зазначыў спадар Траяноўскі.

Раней у ЗША апынуўся былы старшыня Ленінскага раённага суду Горадні Грыневіч, які судзіў апазыцыянэраў. Былы палітвязень Валеры Леванеўскі распавядае, што, калі выйшаў з турмы, даведаўся, што судзьдзя Дземчанка, які судзіў іх з Аляксандрам Васільевым, знаходзіцца ў ЗША.

Валер Леванеўскі
Валер Леванеўскі
Леванеўскі: «Я абурыўся, сродкі масавай інфармацыі пісалі пра гэта. І ён вярнуўся. Пару разоў нібы спэцыяльна: дзе ні пайду, ён ідзе насустрач мне. Але я ня ведаю, ці дзякуючы мне, ці проста ў яго была іншая сытуацыя. Бо, як я зразумеў, сьледчы Аўтуховіча па „грын-карце“ паехаў, а гэты, можа, так езьдзіў».

Валеры Леванеўскі лічыць, што любы сьледчы ці судзьдзя, калі вельмі захоча, можа выехаць за мяжу, у тым ліку ў ЗША:

«Я думаю: усе, хто хоча езьдзіць, яны будуць езьдзіць, таму што існуе багата шэрых схемаў, каб атрымліваць візы ў іншых краінах. Наколькі я памятаю, у Маскве можна атрымаць візы беларусам. „Грын-карта“ — адна схема, па выкліку — іншая».

Але былая крыўда на судзьдзю Дземчанку зьменшылася.

Леванеўскі: «Я б нават не акцэнтаваў, што нехта некуды зьехаў. Таму што ня сьледчы ўзбуджае справу. Ні Дземчанка, ні гэты сьледчы самі не ініцыявалі гэтыя справы, а проста выконвалі пэўную каманду. Гаварыць, што яны вінаватыя ў тым і тым — я ня думаю, што будзе правільна. Таму што ў нашай дзяржаве ніводзін сьледчы ці судзьдзя такога рашэньня самастойна прымаць ня будзе. Зноў жа, гэта маё асабістае меркаваньне. Таму гэтая гульня ў выязныя-невыязныя — дзіцячае лапатаньне, для наіўных людзей».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG