Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 2 красавіка: Міжнародны дзень дзіцячай кнігі — дзень народзінаў Ганса-Хрыстыяна Андэрсэна


Ганс-Хрыстыян Андэрсэн
Ганс-Хрыстыян Андэрсэн

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

У БЕЛАРУСІ І СЬВЕЦЕ:

Беларускі інстытут стратэгічных дасьледаваньняў (BISS) прэзэнтуе дасьледаваньне на тэму «Геапалітычныя арыентацыі беларусаў праз прызму грамадзкай думкі». Канфэрэнц-заля бізнэс-цэнтру гатэлю «Вікторыя» ў Менску, пачатак у 16.00.

2 красавіка — Міжнародны дзень дзіцячай кнігі. Адзначаецца з 1967 году, у дзень народзінаў дацкага казачніка Ганса-Хрыстыяна Андэрсэна.

2 красавіка — Сусьветны дзень распаўсюджваньня інфармацыі аб праблеме аўтызму. Мэта гэтай даты — падкрэсьліць неабходнасьць дапамагаць людзям, якія пакутуюць ад гэтага невылечнага захворваньня. Аўтызм — гэта парушэньне разьвіцьця нэрвовай сыстэмы, якое выяўляецца на працягу першых трох гадоў жыцьця. Гэта захворваньне выкрываюць пры наяўнасьці трох сымптомаў: недахопу сацыяльных узаемадзеяньняў, парушанай ўзаемнай камунікацыі, абмежаванасьці інтарэсаў і паўтаральнага рэпэртуару паводзін. Тэрмін «autismus» быў прыдуманы швайцарскім псыхіятрам Эйгенам Блейлерам ў 1910 годзе пры апісаньні сымптомаў шызафрэніі.

2 красавіка — Дзень яднаньня народаў Беларусі і Расеі. У гэты дзень у 1996 годзе прэзыдэнты Расеі і Беларусі Барыс Ельцын і Аляксандр Лукашэнка падпісалі ў Маскве дамову «Аб стварэньні Супольнасьці Расеі і Беларусі». Роўна праз год, 2 красавіка 1997 года, была падпісана дамова «Аб Саюзе Беларусі і Расіі».

У ГЭТЫ ДЗЕНЬ:

1840 — нарадзіўся Эміль Заля, францускі пісьменьнік.

1885 — нарадзіўся Сымон Рак-Міхайлоўскі, беларускі публіцыст, грамадзкі і палітычны дзяяч. У 1922 абраны дэпутатам Сэйму Рэчы Паспалітай. З 1926 сябра КПЗБ. Арыштаваны польскімі ўладамі ў 1927 і асуджаны на 12 гадоў турмы. Паводле рашэньня апэляцыйнага суду вызвалены ў 1930. З-за пагрозы новага арышту ў кастрычніку 1930 перабраўся ў Менск. Зь лютага 1931 да арышту працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея. Арыштаваны ў 1933 і, як «арганізатар і кіраўнік контррэвалюцыйнай арганізацыі БНЦ», прысуджаны да расстрэлу; прысуд заменены на 10 гадоў лягераў. Адпраўлены на Салаўкі. У 1937 этапаваны ў Менск; у 1938 «асобай тройкай» НКУС БССР прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1956.

1933 — нарадзіўся Віктар Шымук, беларускі пісьменьнік, перакладчык.

1995 — памёр Пімен Панчанка, беларускі паэт.

2005 — памёр Ян Павел II, папа рымскі.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

«Яшчэ адзін шумлівы год прайшоў —
Адна прыступка на кароткай лесьвіцы.
Я пастарэў на тысячу дажджоў,
Памаладзеў на тры вясновых месяцы.
Пісаў, чытаў, па сьвеце вандраваў,
То цешыўся драбніцай, то злаваўся;
Сто лепшых дзён бязглузда засядаў
I з масаю пісьменьніцкай зьліваўся.
Зьлівацца трэба з радасьцю людзкой,
З турботамі жыцьця і з чалавечым горам.
Хай мой такі нялёгкі неспакой
Вядзе мяне па ўсіх кутках да зморы.
I стане мілым кожны сьнегапад,
На ўсё зірну я з большаю прыязнасьцю
I кожнаму дажджу заўсёды буду рад:
За ім ідуць дні цеплыні і яснасьці».

Пімен Панчанка
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG