Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУНДу ня будзе


Генэральны дырэктар унітарнага прадпрыемства «Гаррэмаўтадар» Дзяніс Глінскі ў інтэрвію газэце «Мінскі кур’ер» заявіў, што „Менскай кальцавой аўтадарогі“ больш не існуе. З 8 лютага яна называецца «Магістральная вуліца няспыннага руху». І адразу ж па-расейску зьявілася абрэвіятура — МУНД. Гэтая навіна ўскалыхнула інтэрнэт і грамадзкасьць.

Мовазнаўцы выступаюць катэгарычна супраць абрэвіятурных назваў вуліц на любой мове. Старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытуту мовазнаўства, кандыдат філялягічных навук Алена Анісім кажа:

«Беларуская мова ўвогуле ня любіць абрэвіятур, беларуская мова любіць дакладнасьць, і яна ўжо ляканічная. Мы ў беларускай мове часьцей кажам: „па кальцавой ехаў, па кружной“. Беларуская мова сама па сабе дастатковая, каб знайсьці магчымасьць сказаць коратка, але не выкарыстоўваючы абрэвіятуры».

Мовазнаўца Зьміцер Саўка лічыць, што абедзьве назвы — і старая МКАД, і новая МУНД — няўдалыя.

«Увогуле, любыя скароты мяне бянтэжаць, бо яны прэтэндуюць на ролю звыклых словаў. Такія скароты называюцца акронімы. І пачынаюць жыць жыцьцём звыклых слоў і лексыкалізуюцца. Я глыбока перакананы, што з практыкай далейшага скарачэньня розных назваў трэба сканчаць. Заўсёды гэта называлі «кружная дарога», «кружны шлях», Менская кружная дарога. Любы чалавек гэта разумее. І скарачаць наагул ня трэба. Любая з гэтых назваў — і МКАД, і МУНД — не адпавядае духу беларускай мовы. Ясна, што даваліся яны бяз думаньня пра тое, як гэта будзе функцыянаваць ня толькі ў беларускай мове, але і ў расейскай. Прапаную называць гэта проста «кружной дарогай».
Любая з гэтых назваў — і МКАД, і МУНД — не адпавядае духу беларускай мовы

Начальнік аддзелу культурна-асьветніцкай працы Ўпраўленьня культуры Менгарвыканкаму Людміла Альхавікова была вельмі зьдзіўленая, што кальцавую дарогу ўжо перайменавалі ў МУНД. І запэўніла, што Камісія па перайменаваньні вуліц Менскага гарадзкога Савету дэпутатаў не дапусьціць гэтага:

«Ня можа гэтага быць! Я гэтым займаюся, але я пра гэта ня ведаю. Дае найменьні Менскі гарадзкі Савет дэпутатаў. Гэта вельмі складаная працэдура. Нам пішуць: „Назавіце вуліцу“. Мы глядзім, дзе гэта вуліца, якія могуць быць назвы, камісія вырашае, рашэньне друкуецца ў СМІ — газэтах „Вечерний Минск“ і „Минский курьер“. Потым — рашэньне гарвыканкаму. І толькі пасьля ўсіх узгадненьняў пытаньне выносіцца на сэсію гарсавету. Гэта, мабыць, паўгода зойме.

Не, ня можа быць гэта ні МУНДам, ні чым падобным. Бо ў камісіі даволі пісьменныя людзі. Такога быць ня можа!»

Такім чынам, пакуль назва не зацьверджаная. Але апошнім часам абапал кальцавой дарогі зьяўляюцца пабудовы — напрыклад, запраўкі і нават гіпэрмаркеты. Таму давядзецца гэтым будынкам даваць адрасы, а значыць, і кальцавую неяк называць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG