Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежныя візыты Лукашэнкі не даюць аддачы


Аляксандар Лукашэнка па прыбыцьці ў Інданэзію
Аляксандар Лукашэнка па прыбыцьці ў Інданэзію
Падчас візыту ў Сынгапур Аляксандар Лукашэнка заявіў: «Мы можам і абвязаныя павялічыць аб’ём нашага гандлю ў дзясяткі разоў». Гэтыя словы кіраўнік беларускай дзяржавы неаднаразова ўжываў і ў іншых сваіх паездках у замежжа. Абяцанак з вуснаў кіраўніка беларускай дзяржавы заўжды было шмат. Але ці выконваліся яны?

Афіцыйная статыстыка сьведчыць: таваразварот паміж Беларусьсю і Сынгапурам у 2012 годзе склаў 26,5 мільёна даляраў. Многа гэта ці мала? Аляксандар Лукашэнка, знаходзячыся ў Сынгапуры, заявіў: «Гэта абсалютна недастаткова».

Сяргей Чалы
Сяргей Чалы
Эканаміст Сяргей Чалы пагаджаецца: «Гэта літаральна капейкі. Параўнаем: сёлета памеры імпарту-экспарту ў Беларусі плянуюць на 50 мільярдаў даляраў. І што на гэтым тле нейкія 25 мільёнаў? Сапраўды, капейкі, капля ў моры».

Сяргей Чалы кажа, што і ранейшыя замежныя візыты Аляксандра Лукашэнкі не давалі вялікай аддачы:

«Хоць звычайна ён езьдзіць ня проста так. Такія візыты старанна рыхтуюцца. І Лукашэнка прыяжджае, каб сабраць вяршкі і каб атрымаўся хоць нейкі піяраўскі эфэкт. Але нават і гэта не ратуе.

Скажам, у Інданэзію Лукашэнка паехаў пасьля таго, як рэзка раскрытыкаваў урад. І вось перадаюць пра нейкія сотні мільёнаў даляраў цягам дзесяці гадоў. Дый тое не гарантавана. Дык пра што далей казаць? Як я разумею, гэта спроба згуляць на кантрасьце: маўляў, урад нічога ня можа, а вось прэзыдэнт паехаў — і ўсё зрабіў».

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук
Кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук лічыць, што ў актыў беларускаму кіраўніцтву можна ўпісаць толькі супрацоўніцтва з Вэнэсуэлай. Дый тое часова:

«Скончыліся пастаўкі нафты — і скончыліся прыбыткі. Нечым гэта нагадвае і супрацу з Іранам. Там таксама было бясконца абяцанак. А скончылася ўсё невялічкім усплёскам. І ня болей за тое. Прыкладу, каб мы пайшлі ў нейкую краіну, дзе нас дагэтуль ня ведалі і дзе б мы атрымалі ўстойлівага гандлёвага партнэра, не існуе».

Спробы знайсьці лічбы, якія б паказалі, як зьмяніўся гандаль Беларусі з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі, Аманам ці іншымі краінамі, якія наведваў кіраўнік Беларусі, посьпеху не прынесьлі. На афіцыйным сайце Беларускага статыстычнага камітэту адпаведныя паказьнікі ахопліваюць толькі 15 топ-краінаў. У гэтых сьпісах, акрамя Вэнэсуэлы, іншых дзяржаваў, дзе быў зь візытамі Аляксандар Лукашэнка, няма. Ні Кубы, ні Эквадору, ні іншых.

З гэтай нагоды Сяргей Чалы канстатуе: «Праблема нашай статыстыкі ў тым, што там цяжка шукаць дынаміку па гадах. Яны выкладаюць сьвежыя дадзеныя, а старыя сыходзяць кудысьці ў архіў. І іх надзвычай цяжка выкапаць».

Толькі сёлета Беларусі патрэбна тры мільярды даляраў. Ні ў Інданэзіі, ні ў Сынгапуры ён іх ня знойдзе, — упэўнены кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG