Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папа Францішак распачаў Пятрова служэньне

абноўлена

Бел-чырвона-белыя сьцягі ў Ватыкане
Бел-чырвона-белыя сьцягі ў Ватыкане

У Ватыкане адбылася сьвятая імша на пачатак афіцыйнага служэньня біскупам Рыма новага папы Францішка.

Удзел у інаўгурацыі пантыфіка ўзялі дзьве беларускія дэлегацыі: ад беларускіх каталіцкіх біскупаў і ад афіцыйных уладаў Беларусі. На плошчы сьвятога Пятра луналі бел-чырвона-белыя сьцягі, якія ўзьнялі сябры «Беларускай Нацыянальнай Памяці» і беларусы з Бэльгіі.

Напярэдадні інаўгурацыі папа Францішак заявіў, што цырымонія інтранізацыі альбо інаўгурацыі мае быць сьціплай, і заклікаў кіраўнікоў урадаў, цэркваў і арганізацый ня траціць грошы на дарогу ў Рым, а накіраваць іх на больш пільныя патрэбы. Тым ня менш, на плошчы Пятра ў Ватыкане сабралася больш за 160 дэлегацыяў з розных краін і кантынэнтаў сьвету. Беларускіх біскупаў на цырымоніі прадстаўляў мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, паведаміў кс. Юры Марціновіч:

«Так склалася, што сёлета ў гэты час мы перажываем Вялікі пост і ў многіх парафіях адбываюцца рэкалекцыі. Таксама і нашы біскупы праводзяць рэкалекцыі, у тым ліку за мяжой, у Польшчы. Таму яны і ня здолелі паехаць, а паехаў толькі мітрапаліт. Тым болей, што наш эпіскапат вельмі маленькі. Калі ў Польшчы 150 біскупаў і нават больш, то адтуль і дэлегацыя адпаведная выправілася. А ў нашым эпіскапаце ўсяго некалькі біскупаў, то вельмі добра, што ад нас паехаў хаця б адзін чалавек».
Вернікі ў сталіцы Аргентыны Буэнас-Айрэсе сочаць за ўзыходжаньнем на пасад Францішка Першага
Вернікі ў сталіцы Аргентыны Буэнас-Айрэсе сочаць за ўзыходжаньнем на пасад Францішка Першага

На цырымоніі ў Ватыкане прысутнічалі многія каранаваныя асобы, дзяржаўныя лідэры і кіраўнікі міжнародных арганізацый: віцэ-прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, кіраўнік Эўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу і прэзыдэнт Італіі Джорджа Напалітана, прэзыдэнты Польшчы — Браніслаў Камароўскі і Літвы — Даля Грыбаўскайце, сьпікер расейскай Дзярждумы Сяргей Нарышкін і нават прэзыдэнт Зымбабвэ Робэрт Мугабэ, якому за парушэньне правоў чалавека ў гэтай афрыканскай краіне забаронены ўезд у Эўразьвяз.
Католікі сьвяткуюць узыходжаньне на пасад папы Францішка
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:51 0:00

Афіцыйную дэлегацыю Беларусі ўзначаліў старшыня Савету Рэспублікі Анатоль Рубінаў. Ці магчыма, што падчас гэтага візыту беларуская дэлегацыя перадасьць папу рымскаму афіцыйнае запрашэньне наведаць Беларусь?

Прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Андрэй Савіных:

«У жыцьці ўвогуле немагчымага вельмі мала. Але я ня буду нічога гэтага казаць, бо я ня ведаю, не заглыбляўся ў дэталі падрыхтоўкі візыту. Калі такія рэчы будуць адбывацца, то мы вас абавязкова праінфармуем».

Кіраўнік афіцыйнай беларускай дэлегацыі ў Ватыкане, старшыня Савету Рэспублікі Анатоль Рубінаў вядомы тым, што, займаючы пасаду аднаго з вышэйшых чыноўнікаў прэзыдэнцкай адміністрацыі, выступіў у адпаведнай газэце з заклікам кардынальна абмежаваць ролю рэлігіі ў беларускім грамадзтве. Гэта выклікала вялікі грамадзкі розгалас і крытыку з боку цэркваў, у тым ліку праваслаўнай. Тое, што цяпер Анатоль Рубінаў ачоліў беларускую дэлегацыю на цырымоніі інаўгурацыі папы рымскага, камэнтуе палітоляг Уладзімер Мацкевіч:

«Стасункі ўладаў Беларусі з касьцёлам складаныя і заблытаныя. З аднаго боку, стасункі з Ватыканам для Беларусі абавязковыя, бо значная частка грамадзянаў краіны належыць да каталіцкай канфэсіі. А зь іншага боку — усё ж такі гэта заходні ўплыў, і пэўную дыстанцыю рэжым трымае. А што тычыцца візыту на чале з Рубінавым, то мы ж ведаем, што хоць Ватыкан і не ўваходзіць у Эўразьвяз, але знаходзіцца ў Эўропе, і таму ня кожны беларускі чыноўнік можа паехаць у Эўропу з-за візавых санкцыяў. А Рубінаў, нібыта, такая нэўтральная фігура, што б ён там ні казаў пра абмежаваньне рэлігіяў ці якія б іншыя свае ідэалягічныя захады ні рабіў».

Папа рымскі Францішак, які абраў за ўзор свайго служэньня сьвятога Францішка Асыскага — патрона бедных і пакрыўджаных, захаваў адданасьць сваім прынцыпам і падчас інаўгурацыі: пярсьцёнак Рыбака — сымбаль папскай улады — быў выраблены для яго ня з чыстага золата, а з пазалочанага срэбра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG