Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўшчына: Вёскі Бялыніцкага раёну застаюцца ў сьнежным палоне


На Магілёўшчыне ў Бялыніцкім раёне некаторыя паселішчы застаюцца адарванымі ад сьвету, бо сьнегам замяло дарогі. У некаторых вёсках дзеці зь пятніцы ня ходзяць у школу. Найгорш у маланаселеных вёсках, дзе жывуць пераважна старыя. Туды ня можа даехаць аўталаўка з харчамі.

У Сямікаўцы жыве пятнаццаць чалавек. Адны старыя. Ад райцэнтру да паселішча — больш за дваццаць кілямэтраў. Як сьцьвярджаюць жыхары, вёску спрэс занесла.

«Ад сьнегу нас не пачысьцілі. І ня ведаем, калі пачысьцяць. Я семдзесят зь лішнім гадоў пражыла і такога сьнегу ня памятаю. Усё ў нас заваліла. Мо будуць чакаць, пакуль сонца прыйдзе ды ўсё растане. Аўтобус там, дзе ў нас гравейка, дык нібыта ўчора быў, а вось аўталаўка ня ведаю, як прыйдзе і сёньня», — кажа адна з жыхарак вёскі.

Яшчэ адна бялыніцкага вёска Ігліца таксама ў сьнежным палоне.

«У нас таксама ня чысьцяць. Дзеці ад пятніцы ў школу ня ходзяць. Дарогі ня чышчаныя. Аўтобус не прыйшоў сёньня. Бяз хлеба сядзім. Аўталаўкай яго прывозяць. Мы званілі, прасілі дапамогі, але яе пакуль няма. Да Запольля, дзе ў нас сельсавет, дзесяць кілямэтраў. А да райцэнтру — 35 кілямэтраў. Нам трэба ў Бялынічы выехаць, ды толькі як?» — кажа жыхарка Ігліцы.

У Запольскім сельскім савеце праблему зь нячышчанымі дарогамі прызнаюць, але што да Ігліцы, то кажуць, што вяскоўцы гавораць няпраўду.

«Там да крамы мы пачысьцілі. Для дзяцей. На конях людзі могуць пад’ехаць да аўталаўкі. Вы ж разумееце, што ў нас трыццаць вёсак, і ўсе за дзень не расчысьціш. Калі салярку дадуць, то праблему вырашым. Да заўтра расчысьцім усё. У нас аўральнае становішча ўва ўсім раёне», — кажа супрацоўнік сельсавету.

На Магілёўшчыне за два дні сьнежнага шторму «Хавэр» выпала месячная норма ападкаў. Вышыня сьнежнага покрыва месцамі сягала 60 сантымэтраў. 264 паселішчы засталіся без электрычнасьці. Як сьцьвярджаюць афіцыйныя крыніцы, наступствы завеі ліквідаваліся апэратыўна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG