Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі выведнік Захарчанка атрымаў прытулак у Літве

абноўлена

Пра тое, што Сьцяпан Захарчанка атрымаў прытулак у Літве, стала вядома яшчэ 15 сакавіка. Уцякач даў інтэрвію карэпандэнту Свабоды.

«Сукупнасьць фактаў і доказаў была на маім баку. Былі незалежныя сьведкі і крыніцы, якія я ня буду разгалошваць. Проста народ Літоўскай Рэспублікі праявіў сьвядомасьць. Я магу працаваць і спакойна жыць. Пакуль што нікуды зьяжджаць адсюль не зьбіраюся. Трэба будзе асвоіць нейкую прафэсію, перакласьці дыплёмы на літоўскую мову і так далей».

Карэспандэнт: «Як вашы сваякі ў Беларусі паставіліся да гэтай падзеі?»

Захарчанка: «Усе задаволеныя рашэньнем. Разумееце, праўда заўсёды пераможа, і я ў гэтым ніколі не сумняваўся. Усё, што рэальна адбывалася, гэта ня толькі з маіх словаў».

Карэспандэнт: «Вы казалі, што беларускія ўлады дамагаюцца ад Літвы вашай выдачы, што робяцца адпаведныя запыты».

Захарчанка: «Афіцыйна прыходзіў запыт Міністэрства ўнутраных спраў, пыталіся, ці ёсьць такі, і прасілі экстрадзіраваць мяне. У сувязі з падзеямі, што я пакінуў вайсковую частку і так далей. Яны афіцыйна прад’явілі артыкул і думалі, што гэтага як бы будзе дастаткова. А атрымалася тое, што вы цяпер бачыце».

Карэспандэнт: «Вас папярэджвалі, што праводзіцца комплекс вышуковых мерапрыемстваў Рэспублікай Беларусь...»

Захарчанка: «Так, мясцовыя сілавыя структуры і органы мяне папярэджвалі пра гэта. Яны былі ў курсе ўсяго».

Карэспандэнт: «А няма нейкай засьцярогі, адчуваньня небясьпекі, што беларускія спэцслужбы могуць неяк на вас паўплываць?»

Захарчанка: «Не, я тут сябе адчуваю ў поўнай бясьпецы. Бо я знаходжуся пад юрысдыкцыяй Жэнэўскай канвэнцыі і пад абаронай Літоўскай Рэспублікі і МУС Літоўскай Рэспублікі. Яшчэ я хацеў бы вам сказаць, што капітан міліцыі Макараў, які цяпер знаходзіцца ў Швэцыі, пацьвярджае мае словы пра злачынныя загады Міністэрства абароны і Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. Ён пацьвярджае мае словы, што такое насамрэч існуе і што асабіста ён з гэтым сутыкаўся. Згодна з гэтым яны гатовыя выканаць абсалютна любы загад ад прэзыдэнта і вышэйстаячых органаў улады. Я цяпер магу адкрыць некаторыя свае доказы».

Карэспандэнт: «Цяпер, як вы лічыце, вы зрабілі правільны крок?»

Захарчанка: «Калі б мяне вярнуць назад, ці зрабіў бы я тое ж самае? Так, я зрабіў бы тое самае».

____________________________________________

«З Дэпартамэнту міграцыі я атрымаў афіцыйнае пацьверджаньне, што мне дадзены палітычны прытулак і я пяць гадоў магу жыць у Эўрапейскім зьвязе. Але зь Літвы я не зьбіраюся нікуды зьязджаць, як тут часам казалі, што як толькі атрымаю прытулак, то адразу кудысьці паеду далей. Я буду жыць тут. Я вельмі ўдзячны Літоўскай Рэспубліцы. Пакуль што знаходжуся ў Пабрадзе, але будучае месца пражываньне на ўсялякі выпадак агучваць ня буду. Хоць я і не адчуваю нейкай пагрозы або ціску, Беларусь зусім побач», — заявіў Сьцяпан Захарчанка літоўскаму інтэрнэт-выданьню 15min.lt.

Былы вайсковы выведнік Сьцяпан Захарчанка ўцёк у Літву і папрасіў палітычнага прытулку ў канцы лета 2011-га.

У інтэрвію, якія зьявіліся праз год, Сьцяпан Захарчанка патлумачыў уцёкі тым, што зазнаў пагрозы і зьбіцьцё пасьля адмовы падпісваць ліст-абавязаньне страляць ва ўдзельнікаў мірных акцыяў пратэсту, калі атрымае такі загад. Паводле былога выведніка, у выніку зьбіцьця ён трапіў у шпіталь, дзе яму зноў пагражалі, што жывым у частку ён можа не вярнуцца.

Міністэрства абароны Беларусі абвяргае зьвесткі Сьцяпана Захарчанкі пра тое, што ён лячыўся ў вайсковым шпіталі, дзе нібыта ягонаму жыцьцю пагражалі. Таксама сайт Мінабароны Беларусі паведамляе пра адмоўную характарыстыку Захарчанкі зь месца службы. Беларускае тэлебачаньне паказала інтэрвію з вайскоўцам, які абвяргаў словы Сьцяпана Захарчанкі. Уцякач называе гэтыя камэнтары хлусьнёй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG