Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржынскі як прыметнік


Нялёгкая журналісцкая доля закінула была мяне на станцыю Койданава, таксама вядомую як горад Дзяржынск.

Добрыя дзяржынцы паказалі шлях да адзінага ў горадзе рэстарану. Ён называўся «Дзяржынскі», што даволі зручна для запамінаньня.



Я спытаўся ў афіцыянткі, ці праўда, што супрацоўнікі КДБ тут маюць скідку.

— Вы што, ў нас нават супрацоўнікі агракамбінату «Дзяржынскі» ня маюць скідкі! — абурылася дзяўчына. Рэстаран належыць агракамбінату.



Прынесьлі мэню. Першай ў разьдзеле «першыя стравы» красавалася «Салянка «Дзяржынская».

Нічога аказалася салянка, хоць цана для шараговых дзяржынцаў усё ж трохі контррэвалюцыйная. Маладая спэцыялістка ў адной мясцовай установе, якую я наведаў, распавяла, што зарабляе каля 2,5 мільёнаў — якраз на сто салянак.

Я паспрабаваў задаць афіцыянтцы падступнае пытаньне:

— Вы ведаеце, хто такі Гімлер?

— Не, — упэўнена адказала дзяўчына.

— А Яжоў?

Яжова яна таксама ня ведала, а вось прозьвішча Берыя недзе чула. Я не вытрымаў падступнасьці і задаў наўпроставае палітычнае пытаньне — чаму рэстаран называецца «Дзяржынскі»?

— Дык жа наш агракамбінат называецца «Дзяржынскі»! — патлумачыла відавочнае юная дзяржынка.



Больш пытаньняў я вырашыў не задаваць. Дзяржынскі тут даўно перастаў быць арганізатарам ЧК і іншых рэпрэсій, а ператварыўся ў прыметнік, якім можна называць калгас, суп, гарэлку, гару і нават пастараль — усё астатняе можна прачытаць на інфапартале з запамінальнай назвай dzr.by.

Невядома, каму за гэта дзякаваць — сыстэме адукацыі, часу, заробкам, якіх хапае на тры міскі супу ў дзень. Дарэчы, менавіта так сьціпла, калі верыць савецкім падручнікам, харчаваўся некалі і Фелікс.

Але яму што, ён быў жалезны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG