Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Зэльве ня хочуць чуць пра Геніюш і Захарку


Сяргей Чыгрын
Сяргей Чыгрын

У Зэльвенскай бібліятэцы паставілі пад пагрозу зрыву прэзэнтацыю кнігі Сяргея Чыгрына «Краязнаўчымі сьцежкамі Зэльвеншчыны».

Унікальнае для Зэльвы выданьне ўжо прэзэнтавалася ў дзьвюх школах раёну, паведаміў карэспандэнту Свабоды Сяргей Чыгрын. Пры гэтым кіраўніцтва гэтых школ прасіла аўтара, каб інфармацыя пра прэзэнтацыі не дайшла да раённых уладаў, бо іх могуць звольніць за гэта.

Тыдзень таму спадар Чыгрын вусна дамовіўся на прэзэнтацыю кнігі ў Зэльвенскай раённай бібліятэцы ўвечары 15 сакавіка, ужо запрасіў гасьцей, але апоўдні 13 сакавіка яму патэлефанавала загадчыца Зэльвенскай раённай бібліятэчнай сыстэмы Сьвятлана Жамойціна:

«Яна сказала, што амаль прачытала кнігу і вырашыла, што прэзэнтацыі ня будзе, таму што там шмат напісана пра Ларысу і Янку Геніюшаў, пра прэзыдэнта БНР Васіля Захарку, пра тое, як са звона Сынкавіцкай царквы вылівалі званы для Хатыні, бо гэтыя ўсе факты не пасуюць сёньняшняй атмасфэры Беларусі, і начальства, мясцовае і цэнтральнае, ня будзе гэтым задаволенае», — пераказаў Сяргей Чыгрын словы Жамойцінай.

Пазьней жа стала вядома, што начальніца ўправы культуры райвыканкаму хоча сама пазнаёміцца са зьместам кнігі.

Загадчыца Зэльвенскай раённай бібліятэчнай сыстэмы Сьвятлана Жамойціна сказала карэспандэнту Свабоды, што канчатковае рашэньне будзе ўхваленае заўтра:

«Гэтае пытаньне мы яшчэ абмяркоўваем».

Сяргей Чыгрын перакананы: уся праблема ў тым, што ён напісаў у кнізе пра Ларысу Геніюш і Васіля Захарку, якіх дагэтуль ня любяць беларускія ўлады:

«Гэта знакамітыя зэльвенцы, я іх не магу выкінуць з гісторыі краю і з кнігі. Тады прыйдзецца вырываць палову старонак кнігі... Трэба сказаць, што апошнім часам ніводная прэзэнтацыя кніг Ларысы Геніюш не прайшла на зэльвенскай зямлі. 100-гадовы юбілей паэткі таксама сарвалі, яго адзначалі на прыступках раённага дома культуры. Так што ўсё гэта мяне не зьдзівіла».

Сяргей Чыгрын зазначыў, што ў любым выпадку сваю кнігу ён давязе да зэльвенцаў. У прыватнасьці, зьбіраецца асабіста перадаць яе асобнікі кіраўніку выканкаму і ягоным намесьнікам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG