Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Над Ватыканам чорны дым. Папу не абралі

абноўлена

Першае галасаваньне на выбарах новага Папы Рымскага не прынесла выніку. Пра гэта апавясьціў чорны дым з спэцыяльна ўсталяванага над Сыкстынскай капэляй у Ватыкане коміна.

Зь серады кардыналы будуць галасаваць два разы раніцай і два разы па абедзе. Каб перамагчы, кандыдату неабходна набраць больш за дзьве траціны галасоў.

12 сакавіка ў Ватыкане пачаўся канкляў — нарада кардыналаў Рымска-каталіцкай царквы, на якой будзе абраны 266-ты Папа Рымскі, наступнік Папы Бэнэдыкта XVI, які пакінуў пасаду ў канцы лютага. У канкляве бяруць удзел 115 кардыналаў, узрост якіх на момант сыходу Папы Бэнэдыкта XVI не перавышаў 80 гадоў. Яшчэ два кардыналы, якія маюць права ўдзельнічаць у канкляве, не бяруць у ім удзелу — адзін з прычыны здароўя, другі з-за датычнасьці да сэксуальнага скандалу. Яшчэ 90 кардыналаў, якім больш за 80 гадоў, ня маюць права ўдзельнічаць у абраньні новага вярхоўнага пантыфіка.



На пасяджэньне ў Сыскстынскай капэле, упрыгожанай фрэскамі Мікелянджэла, сабраліся кардыналы з 48 краінаў. Сярод іх больш за ўсё італьянцаў — 28, 11 — з ЗША, 6 — зь Нямеччыны, па пяць — зь Індыі і Бразыліі.







Беларусь не прадстаўленая на канкляве. Цяперашні арцыбіскуп Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусэвіч ня мае сану кардынала, ягоны папярэднік на пасадзе кіраўніка беларускага Касьцёлу, кардынал Казімір Сьвёнтак памер у ліпені 2011 году ва ўзросьце 97 гадоў.

Падчас канкляву кардыналы будуць начаваць у гатэлі Ватыкану, ім забароненая сувязь са зьнешнім сьветам, у іх адключаныя мабільныя тэлефоны, у памяшканьнях, дзе яны будуць знаходзіцца падчас канкляву, адключаныя тэлебачаньне і інтэрнэт.

Слова канкляў (з лаціны — «пад ключом») стаў ужывацца да абраньня Папы пасьля працяглых выбараў папы Цэлестына IV у 1241 годзе, калі кардыналы былі зачыненыя ў паўразбураным палацы. Адзін канкляў у ХІІІ стагодзьдзі доўжыўся прынамсі два гады. Сярэдняя працягласьць апошніх дзевяці канкляваў у ХХ стагодзьдзя — каля трох дзён.

Ужо сёньня адбудзецца першае галасаваньне. Зь серады кардыналы будуць галасаваць два разы раніцай і два разы па абедзе. Каб перамагчы, кандыдату неабходная большасьць дзьве траціны галасоў.

Пасьля кожнага галасаваньня бюлетэні спальваюцца і дым ад іх ідзе праз комін Сыкстынскай капэлы і бачны звонку. Чорны дым азначае, што кардыналы не прыйшлі да згоды, белы, які суправаджаецца гукам званоў храма Сьвятога Пятра — што каталіцкі сьвет мае новага пастыра.

Пасьля гэтага найстарэйшы з удзельнікаў канкляву зьяўляецца на бальконе базылікі Сьвятога Пятра і абвяшчае на лаціне: Я абвяшчаю вам вялікую радасьць — у нас ёсьць Папа.

Пасьля абвяшчэньня новы пантыфік выходзіць на балькон і выступае са сваім першым зваротам «Гораду і сьвету» перад людзьмі, якія сабраліся на плошчы Сьвятога Пятра.

Экспэрты называюць у сьпісе найбольш імаверных пераемнікаў Папы Бэнэдыкта наступных асобаў:

Анджэла Скола (Італія, 71) — арцыбіскуп Міляну, экспэрт па праблемах маралі і біяэтыкі, кіраўнік фундацыі хрысьціянска-мусульманскага паразуменьня.

Адылу Пэдру Шэрэр (Бразылія, 63) — вядучы кандыдат ад Лацінскай Амэрыкі, дзе жыве 42% каталікоў сьвету. Арцыбіскуп Сан-Паўлу — найбуйнейшай эпархіі ў Бразыліі.

Марк Уэле (Канада, 68), кіраўнік Кангрэгацыі па справах біскупаў. У 2007 Уэле публічна папрасіў прабачэньні за памылкі касьцёлу ў Квэбэку. Сярод памылак ён назваў антысэмітызм, расізм, абыякавасьць да карэнных народаў, дыскрымінацыю жанчын і гомасэксуалістаў. Аднойчы сказаў, што стаць Папам было б для яго кашмарам.

Шон О’Мэлі (ЗША, 68), арцыбіскуп Бостану. Заняў бостанскую катэдру пасьля сэксуальных скандалаў у амэрыканскім Касьцёле. Магчымы кандыдат, калі кардыналы палічаць неабходным узмацніць барацьбу з сэксуальнымі злоўжываньнямі сярод кліру.

Тыматы Долан (ЗША, 63), арцыбіскуп Нью-Ёрку і кіраўнік біскупаў ЗША. Кандыдатура прываблівае кардыналаў, якія хочуць моцнага мэнэджэра, але некаторыя выступаюць супраць яго, баючыся, што ён будзе карыстацца занадта жорсткай шчоткай, каб ачысьціць курыю.

Луіс Тагле (Філіпіны, 55), арцыбіскуп Манілы. Узыходзячая зорка азіяцкага Касьцёлу. мае шмат прыхільнікаў, але стаў кардыналам толькі летась у лістападзе.

Пэтэр Эрда (Вугоршчына, 60), былы кіраўнік Эўрапейскай рады біскупаў. Магчымы кампрамісны кандыдат, калі эўрапейскія кардыналы не захочуць абіраць ані італьянца, ані прадстаўніка іншых кантынэнтаў.

Крыстаф Шэнбарн (Аўстрыя, 68), былы студэнт Папы Бэнэдыкта, які стаў арцыбіскупам Вены пасьля выкрыцьця сэксуальнага скандалу. Прыхільнік асьцярожных рэформаў Касьцёлу, у тым ліку і большай павагі да гей-каталікоў. Прыхільнік дыялёгу паміж каталікамі і праваслаўнымі. Папа Ян Павел ІІ даручыў Шэнбарну падрыхтаваць новы Катэхізіс каталіцкай царквы.

Пітэр Тэрксан (Гана, 64), галоўны кандыдат ад Афрыкі, кіраўнік Ватыканскага бюро справядлівасьці і міру. Да гэтага больш за 15 гадоў быў арцыбіскупам Кейп-Коста на радзіме.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG