Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ніякага Мытнага зьвязу, ніякай Адзінай эканамічнай прасторы няма і ня будзе»


У панядзелак Аляксандар Лукашэнка сустракаўся з губэрнатарам Омскай вобласьці Віктарам Назаравым. Раней, у часы прэзыдэнцтва Барыса Ельцына, кіраўнік Беларусі сам бяз санкцыяў Крамля прызямляўся на тэрыторыях розных расейскіх губэрняў, аднак з прыходам Уладзімера Пуціна такая практыка спынілася.

Цяпер беларускую прадукцыю, якая з уступленьнем Расеі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю робіцца ўсё менш канкурэнтаздольнай, Менск намагаецца прасунуць на расейскі рынак, скарыстаўшы з Адзінай эканамічнай прасторы.

Расея застаецца асноўным рынкам збыту беларускай прадукцыі. Любыя абмежаваньні доступу тавараў у Расею адчувальна б’юць па беларускіх вытворцах, для бальшыні якіх эўрапейскія рынкі з розных эканамічных і палітычных прычынаў зачыненыя.

Сытуацыя для беларускіх суб’ектаў гаспадараньня яшчэ больш ускладнілася пасьля ўступленьня Расеі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю (WTO). Цяпер якасная прадукцыя зь іншых краінаў практычна зраўнялася ў коштах зь беларускай, якая з прычыны высокага сабекошту прайграе канкурэнтам па шмат якіх паказьніках. Як лічыць фінансавы аналітык афіцыйнага партнэра «Альпары» ў Менску Вадзім Іосуб, каб не пратэкцыянісцкая палітыка расейскіх уладаў у дачыненьні да фармальнага саюзьніка, беларусам утрымацца на суседнім рынку было б яшчэ больш складана:

Вадзім Іосуб
Вадзім Іосуб
«На маю думку, у сувязі з уступленьнем Расеі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, з аднаго боку, вядома, узьнікаюць пытаньні канкурэнцыі з глябальным рынкам. Зь іншага боку, на ўнутраным рынку Расеі і Беларусі ўсё ж выкарыстоўваюцца розныя нетарыфныя меры, скажам так, у мэтах пратэкцыянізму. Яскрава гэта прасочваецца на прыкладзе аўтамабільнай тэхнікі, калі не спаганяюцца экалягічныя і розныя іншыя зборы. То бок фармальна — так, Расея ўступіла ў WTO, але розныя меры для абароны ўнутранага вытворцы з боку Расеі яшчэ прымяняюцца. І вось у гэтых умовах крыху прасьцей канкураваць беларускай прадукцыі, чым калі б гэта была цалкам свабодная канкурэнцыя з усясьветнымі вытворцамі».

У размове з омскім губэрнатарам Віктарам Назаравым Аляксандар Лукашэнка заклікаў «складаць патэнцыялы і рэалізоўваць узаемавыгадныя праекты ў розных сфэрах». Гаворка ня толькі пра стварэньне зборачных вытворчасьцяў, але і сумесных прадпрыемстваў. Аднак, як кажа фінансавы аналітык Вадзім Іосуб, з гледзішча лягістыкі заўральскія рэгіёны Расеі маюць нашмат больш шанцаў у агляднай будучыні трапіць пад уплыў Кітаю, эканоміка якога імкліва падціскае пад сябе канкурэнтаў:

«Тэарэтычна зь вялікай доляй упэўненасьці такое можна прагназаваць ужо цяпер. Прыкладам, для тых жа нашых МАЗаў Расея па факту пакуль застаецца вельмі буйным рынкам, і расейцы пакуль гатовыя купляць нашу тэхніку, магчыма, нават на шкоду кітайскай. Але, зноў жа, цалкам відавочна, што гэта робіцца з прыцэлам на аб’яднаньне МАЗу з КамАЗам і г.д. Калі ж Расея страціць цікавасьць да падобнага аб’яднаньня ці яно будзе зацягвацца, як гэта ўжо мае месца, зь беларускага боку, і расейцы ўбачаць, што ў бліжэйшай пэрспэктыве нічога не атрымаецца, — я думаю, яны цалкам могуць пераарыентавацца на іншую тэхніку, якая паводле суадносінаў цана-якасьць будзе больш прывабная, чым беларуская».

Лукашэнка перакананы: двухбаковыя ініцыятывы, заснаваныя на аб’яднаньні вытворчых, сыравінных, навуковых рэсурсаў і нацэленыя на выпуск сумеснага канкурэнтаздольнага прадукту, асабліва актуальныя ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы. З такой высновай ня згодны супрацькрызісны кансультант Мечыслаў Бурак. На яго думку, ні пра якае падабенства эканамічных мадэляў, якія можна інтэграваць адну ў адну, няма гаворкі. Сыравінная эканоміка Расеі можа існаваць у цяперашнім выглядзе яшчэ шмат гадоў, беларусам жа трэба браць зусім іншыя арыенціры:

«Можна марыць пра тое, каб скокнуць на Месяц. Што за праблема? Хуценька
нерэальна аб’ядноўваць расейскую і беларускую валюты, нерэальна спрабаваць аб’ядноўваць нашы эканомікі

разагнаўся, адштурхнуўся — і ты ўжо там. Але не бывае таго, чаго быць ня можа. Гэтаксама, як нерэальна аб’ядноўваць расейскую і беларускую валюты, нерэальна спрабаваць аб’ядноўваць нашы эканомікі. Таму ніякага Мытнага зьвязу, ніякай Адзінай эканамічнай прасторы няма і ня будзе: у нас эканомікі, якія мы павінны будаваць, грунтуюцца на палярна розных асновах. Беларуская эканоміка, каб выжыць, павінна быць сучаснай, тэхналягічнай, высокаканкурэнтнай — ад галавы ісьці, ад думкі. А Расея яшчэ гадоў 10, 15, 20 можа жыць на тых жа падыходах, нічога не абнаўляючы і не мадэрнізуючы».

Ня маючы альтэрнатываў што да збыту, беларускія вытворцы мусяць мірыцца нават з фактамі падману з боку партнэраў па Адзінай эканамічнай прасторы. Нядаўна кіраўніцтва «Лідсельмашу» прызналася, што панесла вялізныя страты ад паставак сваёй прадукцыі ў Расею і Казахстан. Пакупнікі спаслаліся на нібыта нізкую якасьць атрыманай беларускай сельгастэхнікі і адмовіліся ня толькі плаціць грошы, але і вяртаць камбайны ды іншыя агрэгаты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG