Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спадчына ГУЛАГу ў Расеі


Эн Эплбаўм — журналістка і дасьледчыца, аглядальнік газэты The Washington Post, кіраўніца аддзелу дасьледчага цэнтру Legatum Institute. У 2004 годзе яна выдала кнігу «ГУЛАГ: Гісторыя», а летась — кнігу «Жалезная заслона. Разбурэньне Ўсходняй Эўропы, 1944-1956». Пра спадчыну ГУЛАГу ў Расеі з Эн Эплбаўм гутарыў аналітык нашага радыё Робэрт Колсан.

РС: У сваёй кнізе вы абмяркоўвалі цяжкасьці, зьвязаныя з адказам, на першы погляд, простае пытаньне аб тым, колькі людзей забіў Сталін. У чым тут праблема?

Эплбаўм: Лічбы вагаюцца ў залежнасьці ад таго, як вы паглядзіце на іх. Вы можаце паглядзець на лічбы загінулых у архівах, вы можаце паглядзець на колькасьць памерлых зь іншых крыніц.

Лічбы загінулых дазваляюць параўноўваць Сталіна з Гітлерам і з Мао. Але нават калі б мы маглі знайсьці сапраўдныя лічбы, я не ўпэўненая, што яны адлюстравалі б усю гісторыю пакутаў. Гэтыя лічбы не адлюстроўваюць сьмяротнасьць жонак, дзяцей, старых бацькоў вязьняў і ахвяраў ГУЛАГу. У гады вайны старыя паміралі ад голаду без картак, бо іх сыны капалі вугаль на Варкуце, маленькія дзеці паміралі ад хваробаў у дзіцячых дамах, бо іх маці шылі ўніформу ў лягеры ў Кенгіры. Гэтыя людзі маглі б жыць, але яны памерлі.

РС: У вашай кнізе вы даводзіце, што ГУЛАГ быў неад’емнай часткай эканамічнай, сацыяльнай і палітычнай сыстэмы сталінізму. Ці не маглі б вы падрабязьней спыніцца на гэтым?

Паднявольнай працай вязьняў будаваліся гарады там, дзе б іх ніхто ня стаў будаваць без рабскай працы

Эплбаўм: Вельмі цяжка аддзяліць гісторыю ГУЛАГу ад гісторыі Савецкага Саюзу. У ГУЛАГу былі дзьве функцыі. Першая — карная. Ён ствараў страх. Усе ведалі, што ён існуе. Але ён таксама меў вельмі важную эканамічную функцыю. ГУЛАГ насамрэч уключаў у сябе шахты, ўранавыя і залатыя радовішчы. На піку сваіх маштабаў — напрыканцы 1940-х- напачатку 1950-х — гэта была велізарная эканамічная імпэрыя, якая кантралявала заводы і нават цэлыя рэгіёны Расеі. Некаторыя з гарадоў Крайняй поўначы — такія як Варкута, Магадан ці Нарыльск — былі фактычна пабудаваныя ГУЛАГам.

Калі адкрывалі буйное радовішча вугалю на Крайняй поўначы, ў СССР не накіроўвалі туды вольных працаўнікоў, якія працавалі вахтавым мэтадам. Паднявольнай працай вязьняў будаваліся гарады там, дзе б іх ніхто ня стаў будаваць без рабскай працы. Наступствы гэтых скажэньняў эканомікі можна бачыць і цяпер.

РС: У вашай кнізе вы пішаце, што Расея не разьвіталася са Сталіным і сталінізмам. Які стан гэтага працэсу ў сучаснай Расеі?

Эплбаўм: Зараз урад Расеі і Крэмль не спрабуюць здушыць абмеркаваньне Сталіна, але яны спрабуюць з гэтым змагацца сэлектыўна. Існуе вельмі мала абмеркаваньня ГУЛАГу, вельмі мала абмеркаваньня індустрыялізацыі ці калектывізацыі. І даволі шмат увагі надаецца перамозе Сталіна ў Другой Сусьветнай вайне, што кіраўніцтва Расеі разглядае, як адну з найбольш слаўных старонак у савецкай гісторыі. І гэта дае сучасным расейцам скажоны погляд на іх мінуўшчыну.

Расейцы ня робяць урокаў са сваёй савецкай гісторыі

Небясьпека тут ня ў тым, што сталінская эпоха паўторыцца — гісторыя наагул не паўтараецца. Але гэта дае магчымасьць апраўдаць у вачах расейцаў многія недахопы і несправядлівасьці, якія засталіся ў грамадзкім жыцьці з тых часоў.

Тое, як працуе пэнітэнцыярная сыстэма, як працуе судовая сыстэма, роля палітычнай паліцыі — ўсё гэта засталося ў пэўным сэнсе нязьменным на працягу апошніх 30-40 гадоў.

Часткова гэта вынік таго, што расейцы ня робяць урокаў са сваёй савецкай гісторыі. А ўлады ня хочуць, каб гэтыя высновы рабіліся, існуе актыўная спроба спыніць абмеркаваньне гэтай гісторыі ці засяродзіць яго толькі на станоўчых аспэктах мінулага.

РС: Некаторыя кажуць, што Сталін быў добрым мэнэджэрам, што ён выйграў вайну, што ён пакінуў краіну мацнейшай, чым прыняў яе. Як вы ставіцеся да такіх поглядаў?

Эплбаўм: Я нязгодная. Мы павінны глядзець на тое, што было б з Расеяй, калі б справы ішлі інакш. Праца, талент і жыцьцё мільёнаў людзей не былі б змарнаваныя ў рабскіх лягерах. Людзі маглі б жыць лепш.

Пуцін шмат гадоў працаваў у КДБ, які быў тайнай паліцыяй КПСС і які адказны за ГУЛАГ

Што тычыцца вайны — дык Сталін пачаў вайну. Ён і Гітлер падзялілі Эўропу паміж сабой у 1939 годзе пактам Молатава-Рыбэнтропа. Яны сумесна ўварваліся ў Польшчу і краіны Балтыі. Гэта было рашэньне Сталіна, што дала Гітлеру два гады для ўварваньня ў Заходнюю Эўропу. І Савецкі Саюз за гэта заплаціў. Калі б не было Сталіна, калі б ён не было гэтага саюзу з Гітлерам, то, магчыма, многія з загіблых былі б жывыя.

РС: Цікава, што нават такія людзі, як Пуцін, які ўхваляе Сталіна як «эфэктыўнага мэнэджэра», не маюць нічога добрага сказаць пра сталінізм.

Эплбаўм: Я ня думаю, што хто-небудзь хоча адрадзіць сталінскую сыстэму. Тое, што спрабуе зрабіць Пуцін — гэта засяродзіцца на станоўчых элемэнтах савецкага пэрыяду, бо ён хоча згуртаваць расейцаў вакол сябе, ўмацаваць у іх пачуцьцё патрыятызму. Ён шмат гадоў працаваў у КДБ, які быў тайнай паліцыяй КПСС і які адказны за ГУЛАГ. Такім чынам Пуцін шукае элемэнты, якія б рэабілітавалі мінулае. Але ніхто не прапанаваў адраджэньне ўсёй сыстэмы — гэта было б самазабойствам і эканамічнай катастрофай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG