Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Дзеці ГУЛАГу"


У ЗША, у выдавецтве "Yale University Press", выйшла кніга "Children of the Gulag", прысьвечаная долі дзяцей у савецкіх дзіцячых дамах. Аўтары кніжкі: Кэты Фрырсан і Сямён Віленскі (Cathy A. Frierson and Semyon S. Vilensky).

Вядомая амэрыканская журналістка Эн Эплбаўм, аўтарка высока ацэненай кнігі "Gulag: A History", у сваёй рэцэнзіі характарызуе тэму кніжкі Фрырсан і Віленскага наступным чынам:

"Абсяг кніжкі шырокі: слова "ГУЛАГ" у загалоўку ўжываецца як агульнае азначэньне савецкага досьведу, і "Дзеці Гулагу" насамрэч зьяўляюцца гісторыяй савецкай палітыкі ў адносінай да дзяцей. У выніку Фрырсан і Віленскі закранаюць маштабны дыяпазон тэмаў: дзеці палітычных вязьняў, дзеці загнаных у калгасы сялянаў, дзеці дэпартаваных і дзеці, якія жылі і працавалі ў лягерах прымусовай працы. Яны таксама апісваюць шмат розных часавых пэрыядаў — ня толькі сталінскую эпоху, але і рэвалюцыю, Другую сусьветную вайну і пасьлясталінскі час".

Кніжка Фрырсан і Віленскага багатая на цытаты з афіцыйных савецкіх дакумэнтаў і сьведчаньняў ахвяраў сыстэмы ГУЛАГу, якім удалося выжыць і пакінуць сьлед сваіх перажываньняў на паперы. Эн Эплбаўм у сваёй рэцэнзіі цытуе задакумэнтаваны Фрырсан і Віленскім выпадак пятнаццацігадовага вязьня ГУЛАГу Віктара Мароза:

"...Пятнаццацігадовы Віктар Мароз быў аддадзены ў дзіцячы дом пасьля арышту сваіх бацькоў і старэйшага брата ў 1937 годзе. У 1938 годзе арыштавалі і яго самога. Ягонае злачынства палягала ў тым, што ён вёў дзёньнік і асьмеліўся запісваць свае пачуцьці на паперы. Ён пісаў зь нянавісьцю і агідай пра дзіцячы дом і аплакваў трагічны арышт сваіх бацькоў. Ён таксама абразіў савецкіх кіраўнікоў, назваўшы іх "кучкай сытых, атлусьцелых людзей", якія кіруюць дзяржавай, дзе "90 працэнтаў людзей нешчасьлівыя". У адказ сьледчыя гнеўна абвінавацілі яго ў "вядзеньні контрарэвалюцыйнай дзейнасьці сярод аддзяленьняў дзіцячага дому" і ў "паклёпніцтве на кіраўнікоў Камуністычнай партыі бальшавікоў і савецкі ўрад, у прыватнасьці, на таварыша Сталіна". (...) За выказваньні такога тыпу Мароза прысудзілі да тэрміну ў лягеры прымусовай працы, нягледзячы на тое, што ён быў непаўналетні. Ён памёр у лягеры неўзабаве пасьля гэтага".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG