Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо выходныя: «Паўстанцы» ў Менску, дудары ў Гомелі і турнір Мядзьведзя


Прэзэнтацыя інтэрнэт-гульні «Паўстанцы» ў Горадні
Прэзэнтацыя інтэрнэт-гульні «Паўстанцы» ў Горадні

Падзеі, якія маюць адбыцца ў Беларусі, і гэты дзень ў гісторыі.

ПАДЗЕІ

2 сакавіка

Менск — у кнігарні «ЛогвінаЎ» адбудзецца прэзэнтацыя настольнай гульні «Паўстанцы», у якой гульцы могуць пагрузіцца ў атмасфэру 1863 году і стаць вядомай гістарычнай асобай (Каліноўскім, Урублеўскім, Мураўёвым-вешальнікам і іншымі). Пачатак а 18.00

Гомель — у вялікай канцэртнай залі ГЦК адбудзецца шоў з удзелам артыстаў і музыкаў-дудароў, у тым ліку і фальклёрных калектываў. Канцэрт будзе ўпрыгожаны сюжэтамі зь сярэднявечнага побыту.

Баранавічы — у Катэхічным каледжы імя З. Лазінскага ў пройдзе сэмінар для сьвецкіх журналістаў «Хрысьціянства ў сьвецкіх СМІ». Будзе абмяркоўвацца ўзаемадзеяньне паміж мэдыямі і хрысьціянскімі супольнасьцямі, а таксама практычныя мэтады асьвятленьня духоўнай тэматыкі ў СМІ. Заканчэньне сэмінару 3 сакавіка.

3 сакавіка

Менск — у Палацы мастацтва пройдзе выстава-кірмаш «Млын», дзе можна выбраць сувэніры і падарункі ручной працы, дызайнэрскія ўпрыгожаньні і прадметы інтэр’еру

Менск — у Музэі гісторыі беларускай літаратуры ў межах міжнароднага праекту «А.Пушкін і А.Міцкевіч. Скрозь далечыню стагодзьдзяў...», прысьвечанага 215-годзьдзю паэтаў, праходзяць майстар-клясы па музэйнай пэдагогіцы. Пачатак а 10.00

Менск — у Дзяржаўным Мастацкім музэі ў межах новага праекту «10×10: суботняя размова» мастацтвазнаўца Юлія Мішакова правядзе размову на тэму расейскай парцаляны другой паловы XVIII стагодзьдзя. Пачатак а 14.00

Менск — у Jack Club вялікі сольны канцэрт гурту Т!. Пачатак а 20.00

Менск — у Палацы спорту адбудзецца XLIII турнір Гран-пры на прызы трохразовага алімпійскага чэмпіёну Аляксандра Мядзьведзя. Пачатак а 9.00.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

2 сакавіка

У 1917 годзе — расейскі цар Мікалай ІІ зрокся трону.

У 1992 годзе — Беларусь устанавіла дыпляматычныя дачыненьні з Польшчай.

У 1994 годзе — Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прагаласаваў за прэзыдэнцкую форму кіраваньня краінай. Парлямэнцкая апазыцыя байкатавала галасаваньне.

3 сакавіка

У 1067 годзе — адбылася бітва на рацэ Нямізе паміж войскам Усяслава Чарадзея і злучанымі дружынамі князёў Кіеўскай Pyci. Дзякуючы той бітве ў летапісах упершыню згадваецца Менск.

У 1861 годзе — у Расейскай імпэрыі скасаваны прыгон: Аляксандар II выдаў маніфэст аб вызваленьні сялянаў.

У 1917 годзе — у Кіеве ўтворана Ўкраінская цэнтральная рада.

У 1918 годзе — падпісаны Берасьцейскі мір паміж Расеяй і Нямеччынай. Беларускія дзеячы пратэставалі супраць фактычнага падзелу тэрыторыі Беларусі. Паводле ўмоваў міру Расея адмаўлялася ад часткі тэрыторыі Беларусі па лініі Дзвінск — Сьвянцяны — Ліда — Пружаны — Берасьце.

У 1933 годзе — у Патсдаме канцлер Нямеччыны Адольф Гітлер абвясьціў пра ўтварэньне «Трэцяга райху».

У 1991 годзе — на рэфэрэндуме ў Латвіі 74% жыхарства прагаласавалі за незалежнасьць ад СССР, у Эстоніі — 83%.

У гэты дзень нарадзіліся:

2 сакавіка

У 1562 годзе — Крыштаф Мікалай Дарагастайскі, дзяржаўны дзяяч Вялікага княства Літоўскага, удзельнік Лівонскай вайны супраць Расеі і вайны супраць швэдзкай агрэсіі, заснавальнік друкарні ў мястэчку Ашмяна Мураваная.

У 1896 годзе — Станіслаў Глякоўскі, каталіцкі сьвятар, грамадзка-культурны дзяяч, выдавец, публіцыст.

У 1879 годзе — беларускі нэўрапатоляг Міхал Кроль, акадэмік, дасьледчык функцыі нэрвовай сыстэмы чалавека.

У 1918 годзе — Алесь Бачыла, беларускі паэт.

У 1931 годзе — Міхаіл Гарбачоў, першы і апошні прэзыдэнт СССР.

3 сакавіка

У 1843 годзе — Аляксандар Грэм Бэл, амэрыканскі навукоўца, вынаходнiк тэлефона.

У 1899 годзе — Юры Алеша, савецкі пісьменьнік, які паходзіў са зьбяднелай беларускай шляхты

У 1942 годзе — Уладзімер Кавалёнак, беларускі касманаўт.

У гэты дзень памерлі:

2 сакавіка

У 1608 годзе — Канстанцін Астроскі (малодшы), гетман войска ВКЛ.

У 1939 годзе — Оскар Мілаш, францускі паэт беларускага паходжаньня.

3 сакавіка

У 1767 годзе — Ян Гляўбіц, клясык беларускай архітэктуры.

У 1900 годзе — Валенці Швыкоўскі, маршалак пружанскі, удзельнік паўстаньня 1863 году, мэцэнат.

У 1953 годзе — Мікола Равенскі, беларускі кампазытар.

У 1944 годзе — Францішак Аляхновіч, беларускі пісьменьнік.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ

Жывое ў вяках беларускае слова —
Народа душа і народа хвала.
Цябе абзывалі «мужыцкаю мовай»,
А нам жа ты матчынай мовай была.
І самай прыгожай, і самаю мілай,
Той маці, што шыла нам сьвіткі з радна,
Што ўлетку на рэчцы палотны бяліла,
А ўвосень авёс дажынала адна.
Той маці, што зімамі кросны снавала,
Што з самай калыскі, як толькі магла,
Сумленнасьці, праўдзе, дабру навучала,
Старанна ад розных хвароб берагла.
Прыеду дадому... І што за праява...
Пачую гаворку, ці песьню, ці верш —
Здаецца са мной размаўляеш ласкава,
І сьцежкаю поруч са мною ідзеш.
У маках чырвоных гарыць прыгуменьне...
О матчына мова! Маленства вясна!
Ніколі ніхто мне цябе не заменіць,
Бо ты, як і маці, на сьвеце адна.


Алесь Бачыла, верш «Матчына мова»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG