Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы атаварваюцца ў Вільні


Пакупкі грамадзян Беларусі ў гандлёвых цэнтрах Вільні складаюць у сярэднім 10-15 працэнтаў, а ў некаторых крамах — да 30.

Такія вынікі дасьледаваньня, праведзенага ў лютым віленскім рэклямным агенцтвам AD Hunters Baltics. Агенцтва апытала 1032 грамадзян Беларусі, якія прыехалі на закупы ў Літву, паведамляе партал delfi.lt. У 2012 годзе ў Літве пабывала 117 000 гасьцей з Беларусі.

Прадстаўнік Віленскага цэнтра турызму Зіта Букіна падлічыла, што толькі ў студзені гэтага года ў сталіцы Літвы знаходзілася 612 гасьцей з Беларусі, летась іх было 6124, што на на 62% больш, чым у 2011 годзе.

Беларусы ў Вільні цікавяцца дарагімі крамамі, наведваюць гандлёвыя цэнтры
" Паводле спэцыялістаў, паток гасьцей з Беларусі застаецца вялікім, і яны ахвотна марнуюць грошы на розныя куплі. Тут яны зьмятаюць адзеньне, абутак, электроніку, ювэлірныя вырабы, касмэтыку«,— піша delfi.lt.

Віленскі гандлёвы цэнтар Ozas ужо нейкі час актыўна рэклямуецца ў Менску, Віцебску, і гэта апраўдвае сябе. Як сьцьвярджае прадстаўнік цэнтра Ozas Дайва Гайлюшайце, летась колькасьць пакупнікоў зь Беларусі ўзрасла больш чым удвая ў параўнаньні з 2011 годам.

«Беларусаў цікавяць вядомыя брэнды, а тавары тут таньней, чым у іх. Акрамя гэтага, яны могуць вярнуць частку ПДВ», — кажа Гайлюшайце.

Адзін беларус у гандлёвым цэнтры пакідае ў сярэднім 500-600 літаў, а больш за ўсё кліентаў зь Беларусі тут бывае па выходных.

Прадстаўнік гандлёвага цэнтра Akropolis Чэславас Урбонавічус зазначыў, што ў апошні час кліенты з Беларусі выбіраюць не толькі вядомыя брэнды і больш дарагія тавары, але і купляюць прадукты харчаваньня.

У сярэднім за адну паездку беларусы трацяць у літоўскіх крамах 450-600 даляраў ЗША. Найбольш выгадна ім купляць абутак, адзеньне, бытавую тэхніку, парфумэрыю, ювэлірныя вырабы, алькагольныя напоі з заходніх краін, бо ў Беларусі яны амаль удвая даражэйшыя.

Літоўскія прадпрымальнікі не асьцерагаюцца, што плынь гасьцей з Беларусі зьнізіцца, бо асноўны козыр літоўскіх гандлёвых цэнтраў — кошты.

«І цяпер каля Мінска ёсьць сучасныя гандлёвыя цэнтры, але беларусы ўсё роўна едуць да нас. Галоўнае для іх — цэны і магчымасьць зэканоміць. Не думаю, што ў будучыні ў Беларусі цэны будуць ніжэйшыя, чым у нас», — сказала Гайлюшайце.

Урбонавічус дадаў, што беларусаў прыцягваюць не толькі магчымасьці зрабіць пакупкі, але і забавы.

«Мы заўважаем, што гасьцей з суседніх краін прыцягваюць не толькі пакупкі, але і магчымасьць зьмястоўна правесьці вольны час, адпачыць, проста паехаць «у Эўропу», «за мяжу».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG