Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грошы і апазыцыя


Ці актуальная заява Аляксандра Лукашэнкі аб забароне бізнэсу фінансаваць апазыцыю? Як павінна фінансавацца апазыцыя? Ці была калі-небудзь істотная фінансавая падтрымка апазыцыі з боку беларускага бізнэсу? За кошт якіх рэсурсаў дзейнічае праўладная партыя «Белая Русь»? Ці фінансуе бізнэс апазыцыю ў суседніх зь Беларусьсю краінах?

Гэты ды іншае ў «Свабодзе бяз гальштукаў» абмяркуюць Сяргей Навумчык, Ганна Соўсь, супрацоўніца ўкраінскай службы Радыё Свабода Мар'яна Драч і на скайп-сувязі зь Менску старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.



Фрагмэнты дыскусіі.

Ганна Соўсь: Як павінна фінансавацца апазыцыя?

Сяргей Навумчык: Як мусяць фінансавацца палітычныя партыі? На мой погляд, найперш — са складак, другое — з ахвяраваньняў бізнэсоўцаў, грамадзянаў сваёй краіны. Яны ані ў якім разе не павінны фінансавацца коштам замежных грантаў, ні з захаду, ні з усходу, ні з поўдня, ні з поўначы, — гэта катэгарычна.

Я скажу, можа, крамольную думку шмат для каго: у краінах, дзе палітычная сыстэма пакуль фармуецца, зарэгістраваныя палітычныя партыі павінны фінансавацца з дзяржаўнага бюджэту. У разумных памерах — але дастатковых, каб гэтыя партыі дзейнічалі. У сытуацыі Беларусі гэта магла б быць аплата арэнду офісу 100-150 квадратных мэтраў і дзесяць ставак памерам сярэдняй зарплаты. Я не «з галавы» бяру гэтую прапанову. Ёсьць шмат краінаў, у тым ліку эўрапейскіх, з разьвітай дэмакратычнай сыстэмай, дзе партыі (ня толькі парлямэнцкія) фінансуюцца з бюджэту — гэта тая плата, якую грамадзтва плаціць за палітычную стабільнасьць і гарантаваньне дэмакратыі.

важная празрыстасьць — ведаць колькі партыі атрымліваюць, зь якіх крыніцаў і на што гэтыя грошы ідуць

Мар’яна Драч: Што да бюджэтнага фінансаваньня, то я лічу гэта дыскусійным пытаньнем, але важна, каб умовы былі аднолькавыя і для ўлады, і для апазыцыі. Тут можна вылучыць так званыя парлямэнцкія партыі, якія калі прыйшлі да парлямэнту, то ўжо выявілі пэўную падтрымку народу і тады можна неяк інакш іх фінансаваць з бюджэту. Але галоўнае, важная празрыстасьць — ведаць колькі партыі атрымліваюць, зь якіх крыніцаў і на што гэтыя грошы ідуць. Грамадзкасьць павінна бачыць, куды ідуць гэтыя грошы. На жаль, і ва Ўкраіне гэтая тэма пакуль што закрытая.

Ганна Соўсь: Анатоль, ваша першая рэакцыя на заяву кіраўніка Беларусі была — цемрашальства. Наведнік нашага сайту запытаўся вас: Ці былі калі прапановы да АГП ад бізнэс-колаў прафінансаваць дзейнасьць партыі, і як кіраўніцтва партыі да гэтага ставілася? Ці нанясе апошняя дырэктыва Лукашэнкі шкоду АГП і іншым партыям?

Анатоль Лябедзка: Вы маеце рацыю, што АГП мае пэўныя кантакты з бізнэс-асяродкам, у нас недзе 10 працэнтаў людзей, якія зьяўляюцца сябрамі партыі, індывідуальныя прадпрымальнікі бо малы сярэдні бізнэс. Мы можам згадаць ня толькі Андрэя Бандарэнку, але і Андрэя Клімава, Уладзімера Кудзінава, якія адсядзелі не адзін год за тое, што будучы буйнымі бізнэсоўцамі, яшчэ і займаліся палітыкай. Тым ня менш пасьля заявы Аляксандра Лукашэнкі няма масавага сыходу прадпрымальнікаў з партыі, а наадварот дыскусія, якая пачынаецца, яна можа прыцягнуць у партыю дадаткова новых людзей. Што датычыць супрацоўніцтва з бізнэсам, яно ў нас ёсьць, але хачу адразу сказаць, што гэта пераважна бізнэсоўцы, грамадзяне Беларусі, якія вымушаны былі з-за эканамічнай палітыкі Аляксандра Лукашэнкі перавесьці свой бізнэс у іншыя краіны. Ад заявы Лукашэнкі ім ня горача, і ня холадна. Да іх назаўтра ня прыйдзе нехта з падатковай, з міліцыі, з пажарнай аховы, ці з КДБ. Так што сказаць — сказана, але рэалізаваць гэта тэхналягічна, на мой погляд, будзе вялікай праблемай.

Ганна Соўсь: Ці была калі-небудзь істотная фінансавая падтрымка апазыцыі з боку беларускага бізнэсу?

у краінах, дзе палітычная сыстэма пакуль фармуецца, зарэгістраваныя палітычныя партыі павінны фінансавацца з дзяржаўнага бюджэту.

Сяргей Навумчык: Калі казаць пра мінулае, магу дадаць, што ў свой час Апазыцыя БНФ у Вярхоўным Савеце, якая распрацавала Дэклярацыю аб сувэрэнітэце, дзесяткі законапраектаў, ня мела ніводнага даляру замежных грантаў за ўсе шэсьць гадоў. Падтрымка Народнаму Фронту ад бізнэсу калі і была, дык ад тых, каго называлі «дробнымі прадпрымальнікамі», на нейкія ўлёткі — бо бізнэс буйны і сярэдні — ён быў з былых кампартыйных, камсамольскі, КДБэшных структураў. Ён ня быў зацікаўлены ў дапамозе БНФ. І хаця мы распрацавалі эканамічную праграму, у іх жа інтарэсах, інтарэсах бізнэсу — але БНФ ня мог даць ім, напрыклад, лімітаў на рээкспарт нафты ці ўчастак зямлі пад нейкае будаўніцтва, а Кебіч — мог. Вось яны і падтрымлівалі Кебіча.І бізнэс атрымаў тое, што заслужыў. Гэта кардынальна адрозьнівалася ад сытуацыі, напрыклад, ва Украіне. Калі мы ў 1996 годзе прыехалі ў Кіеў з Пазьняком, мяне зьдзівіла, што Чарнавіл выдаваў газэту, яна каштавала яму 30 тысяч даляраў на месяц, і гэта фінансавалася — бізнэсам.

Ганна Соўсь: Пытаньне адкрытасьці фінансаваньня апазыцыі ў беларускіх умовах — дэлікатнае. Многія наведнікі сайту Свабоды пытаюцца вас пра фінансаваньне звонку, пра гранты...

каб шараговы грамадзянін Беларусі даў хаця б адзін даляр на АГП, то можна было б рабіць вялізарныя рэчы

Анатоль Лябедзка: Я з вамі пагаджуся, што не гаварыць пра ўсё — такая наша рэчаіснасьць. Я хачу адзначыць, што ў Беларусі палітыка — дастаткова танная рэч, калі параўноўваць нават з той жа Ўкраінай ці з Расеяй, то гэта проста неба і зямля. У нас яшчэ засталося тое, што называецца валянтэрствам, і гэта абсалютная праўда. Падчас выбарчых кампаній, калі людзям пакрываюць выдаткі на іх праезд, на тэлефон, то гэта ня ёсьць тое, на чым можна зарабляць вялізарныя рэсурсы. Так што ў гэтым у нас ёсьць плюс адносна нашых суседзяў. Хаця чым далей ідзе час, тым больш мэркантыльнымі становяцца людзі, у тым ліку і актывісты палітычных партый і грамадзкіх арганізацый. Так, у нас ёсьць нашы ўнёскі, які ямы называем ахвяраваньнямі, і людзі даюць грошы. Каб мы змаглі пашырыць, каб гэтыя ахвяраваньні маглі быць ня толькі сярод актывістаў партыі, але і шараговы грамадзянін Беларусі даў хаця б адзін даляр на АГП, то можна было б рабіць вялізарныя рэчы. Бо сёньня для таго, каб дайсьці з пасланьнем, якое вельмі актуальна для людзей.... Я думаю, дарэчы, Аляксандар Лукашэнка рабіў свой выступ зыходзячы з таго, што ён сам адчувае вось гэтую пагрозу. Апазыцыі цяпер ёсьць што сказаць людзям, але праблема ў данясеньні гэтага пасланьня да людзей, і вось тут бізнэс мог аказаць дапамогу і менавіта супраць гэтага была скіраваная заява Аляксандра Лукашэнкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG